А́РМСТРАНГ ((Armstrong) Луі Даніэл) (4.7.1900, г. Новы Арлеан — 6.7.1971),

амерыканскі трубач і спявак. Арганізатар і ўдзельнік першых негрыцянскіх джаз-бандаў у Новым Арлеане. У 1947 засн. секстэт «Усе зоркі Луі Армстранга», гастраліраваў з ім і як саліст-трубач у краінах Амерыкі, Еўропы, Афрыкі. Стварыў уласны стыль выканання, для якога характэрны імправізацыйная свабода, разнастайнасць тэмбравых фарбаў і рытмаформул. Аўтар блюзаў і джазавых песень.

Літ.:

Коллиер Дж.Л. Луи Армстронг: Америк. гений: Пер. с англ. М., 1987.

Л.Армстранг.

т. 1, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУЖЭ́ ДЭ ЛІЛЬ ((Rouget de Lisle) Клод Жазеф) (10.5.1760, г. Лон ле-Санье, Францыя — 26 ці 27.6.1836),

французскі паэт і кампазітар. Па прафесіі ваен. інжынер. Напісаў словы і музыку «Марсельезы». Аўтар «Нарысаў у вершах і прозе» (1796), лібрэта камічнай оперы «Жако, або Шкала маці» (1798, разам з К.​Э.​Дэпрэ), драмы «Макбет» (паст. 1827), рамансаў, гімнаў, ваен., рэв. і інш. песень, у т. л. песні «Раланд у Рансевалі», словы з якой сталі лозунгам рэвалюцыянераў 1848. Перакладаў на франц. мову байкі І.​Крылова.

Літ.:

Великовский С.И. Поэты французских революций, 1789—1848. М., 1963;

Цвейг С. Гений одной ночи. М., 1964.

т. 13, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),

найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.

У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.​Ц.​Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.​Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.​Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.

Літ.:

Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;

Грузенберг С.О. Гений и творчество. Л., 1924;

Жоли Г. Психология великих людей. СПб., 1894;

Оствальд В. Великие люди;

Пер. с нем. СПб., 1910.

Э.​Дубянецкі.

т. 5, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)