ГЕНЕРА́ТАРНЫЯ ГА́ЗЫ,
гл. ў арт. Газіфікацыя паліва.
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНІНЕ́ЦКІ ЗАВО́Д «ПАЛЕССЕЭЛЕКТРАМАШ».
Пабудаваны ў 1975 у г. Лунінец Брэсцкай вобл. як Лунінецкі з-д электрарухавікоў для сельскай гаспадаркі. З 1979 працуе чыгуналіцейны цэх, з 1990 — цэх каляровага ліцця. Сучасная назва з 1992. Асн. прадукцыя (1999): электрарухавікі трохфазныя асінхронныя і аднафазныя кандэнсатарныя, электраканфоркі для быт. электрапліт, помпы бытавыя цэнтрабежныя, устаноўкі генератарныя.
т. 9, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ТАРНАЯ ЛЯ́МПА,
электронная лямпа для пераўтварэння энергіі пастаяннага (радзей пераменнага) току ў энергію эл. ваганняў.
Генератарныя лямпы адрозніваюць паводле дыяпазону частот, колькасці электродаў (трыёд, тэтрод, пентод і інш.), магутнасці, што рассейваецца анодам (малой магутнасці — да 50 Вт, сярэдняй — да 5 кВт, вялікай — больш за 5 кВт), роду работы (неперарыўнага дзеяння і імпульсныя), канструкцыі балона (шкляныя, металашкляныя, металакерамічныя) і інш.; генератарная лямпа для дэцыметровага і больш высокачастотных дыяпазонаў хваль маюць уласную рэзанансную вагальную сістэму (клістрон, лямпа адваротнай хвалі, лямпа бягучай хвалі, магнетрон і інш.). Выкарыстоўваюцца ў радыёперадатчыках рознага прызначэння, вымяральнай тэхніцы, прамысл. устаноўках індукцыйнага нагрэву і інш.
т. 5, с. 155
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МПА ЭЛЕКТРО́ННАЯ,
электравакуумная прылада, прынцып дзеяння якой заснаваны на кіраванні электронным патокам у вакууме з дапамогай эл. поля. Прызначана для генерацыі, узмацнення, дэтэкціравання і інш. пераўтварэнняў эл.-магн. ваганняў. Выкарыстоўваецца ў прыёмна-перадавальнай радыёапаратуры, прыладах аўтаматыкі і тэлемеханікі, эксперым. фізікі, вымяральнай тэхнікі і інш.
Усе электроды змяшчаюцца ў вакуумаваны балон і ў залежнасці ад іх колькасці Л.э. падзяляюцца на дыёды, трыёды, тэтроды, пентоды і інш. У адным балоне могуць манціравацца розныя камбінацыі адзінарных лямпаў (напр., падвойныя дыёды, дыёд-трыёды, трыёд-пентоды). Бываюць з прамым ці ўскосным падаграваннем катода; паводле канструкцыі адрозніваюць шкляныя лямпы з цокалем і без яго (пальчыкавыя), металічныя, металашкляныя і металакерамічныя; буйнагабарытныя, мініяцюрныя, звышмініяцюрныя, маячковыя, алоўкавыя; паводле выхадной магутнасці — прыёмна-ўзмацняльныя (да 10 Вт) і генератарныя (да некалькіх МВт); для ўзмацнення і генерацыі ваганняў у ЗВЧ-дыяпазоне выкарыстоўваюцца лямпы звышвысокачастотныя.
т. 9, с. 424
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛІВА,
рэчывы, якія пры спальванні вылучаюць значную колькасць цеплаты і выкарыстоўваюцца для атрымання цеплавой энергіі. Паводле паходжання падзяляюць на прыроднае (антрацыт, буры вугаль, газы прыродныя гаручыя, гаручыя сланцы, драўніна, каменны вугаль, нафта, торф) і штучнае (напр., кокс каменнавугальны, коксавы газ, генератарныя газы), паводле агрэгатнага стану — на цвёрдае, вадкае і газападобнае, паводле прызначэння — на маторнае паліва, кацельнае і інш. Многія віды П. выкарыстоўваюць як сыравіну ў хім. і нафтахім. прам-сці (гл. Нафтаперапрацоўка).
Уласцівасці П. ў значнай ступені абумоўлены яго хім. саставам. Большасць гаручых рэчываў — вугляродзістыя рэчывы (ад амаль чыстага вугляроду да складаных арган. злучэнняў), некаторыя віды П. (напр., ракетнае паліва) не маюць вугляроду. Асн. характарыстыка П. — цеплата згарання. Важнымі з’яўляюцца экалагічныя характарыстыкі П. і прадуктаў яго згарання, напр., выкарыстанне маторнага паліва дае каля 50% таксічных атм. выкідаў (аксіду вугляроду, аксідаў азоту і вуглевадародаў). Выкарыстанне т.зв. альтэрнатыўнага П. — звадкаваныя гаручыя газы, спірты, прадукты іх перапрацоўкі і сумесі з бензінам, штучнае вадкае паліва, вадарод, памяншае расход нафты і таксічнасць адпрацаваных газаў.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 11, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)