Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛАГІ́ЧНАЕ ДРЭ́ВА,
схема радаводу ў выглядзе дрэва; адзін з відаў афармлення генеалагічнай інфармацыі. Імя родапачынальніка змяшчаюць у аснове генеалагічнага дрэва, а на ствале і галінах — імёны, біягр. звесткі, часам партрэты і гербы яго нашчадкаў. Дадатковая інфармацыя даецца з дапамогай колераў: медальёны з імёнамі замужніх жанчын прынята пазначаць ліловым колерам, дзяўчат — сінім, мужчын, якія мелі нашчадкаў, — жоўтым, без нашчадкаў — чырвоным. Жывых членаў роду пазначаюць зялёным колерам. У выглядзе генеалагічнага дрэва падаецца радавод Ісуса Хрыста (у т. л. ў «Псалтыры» 1517 Ф.Скарыны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Радаслоўнае (генеалагічнае) дрэва 9/23
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЁЗЭ Петэр, скульптар і гравёр па медзі 18 ст. Працаваў у кн. Радзівілаў. З яго твораў на Беларусі вядома гравіраваная пліта «Генеалагічнае дрэва роду Радзівілаў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕАЛО́ГІЯ (ад грэч. genealogia радаслоўная),
спецыяльная гістарычная навука, якая вывучае паходжанне, гісторыю, сац. становішча, сваяцкія сувязі родаў і асоб. Вытокі генеалогіі ў язычніцкім кульце продкаў. Як галіна ведаў існавала ў Стараж. Рыме. У эпоху пераходу да феадалізму звесткі пра генеалогію — састаўная частка вусна-паэт. творчасці. У сярэдневякоўі былі вельмі пашыраны генеалагічныя паданні пра паходжанне родаў і цэлых народаў. Шырока вядома сага 12 ст. «Кніга пра ісландцаў» А.Торгільсана пра паходжанне і генеалогію насельнікаў Ісландыі. У ВКЛ у 15—16 ст. бытавала легенда, што мясц. шляхта паходзіць ад рымскага патрыцыя Палемона і яго паплечнікаў, якія перасяліліся ў Літву. У ВКЛ былі шырока распаўсюджаны гербоўнікі, якія спалучалі звесткі з генеалогіі і геральдыкі. Як гіст. навука генеалогія склалася ў 16—18 ст., калі сталі распрацоўвацца метады складання радаводных табліц і роспісаў, сістэмы нумарацыі сваяцтва. У 19 ст. ўзніклі генеалагічныя т-вы ў Вялікабрытаніі і Аўстрыі, якія займаліся даследаваннямі на навук. аснове. З часам падобныя т-вы ўтварыліся ва ўсіх краінах Еўропы, зараз яны існуюць і на правінцыяльным узроўні. У Рэспубліцы Беларусь пытанні генеалогіі распрацоўваюць Ін-т гісторыі Нац.АН, Згуртаванне бел. шляхты, Бел.генеалагічнает-ва, Аддзел геральдыкі і генеалогіі К-та па архівах і справаводстве.
Літ.:
История и генеалогия. М., 1977;
Genealogia. Warszawa, 1959.
У.М.Вяроўкін-Шэлюта.
Да арт.Генеалогія. Шляхецкі герб і радаводнае дрэва Лазоўскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
размежаванне моў свету пры іх параўнальным вывучэнні па пэўных таксанамічных рубрыках у адпаведнасці з прынцыпамі, якія вынікаюць з агульнай мэты даследавання і на падставе пэўных адзнак. Існуюць 4 асн. віды К.м.: генеалагічная класіфікацыя моў, арэальная, тыпалагічная класіфікацыя моў і сацыялінгвістычная. Генеалагічная К.м. праводзіцца на аснове вывучэння роднасці моў параўнальна-гістарычным мовазнаўствам. Арэальная К.м. улічвае прыкметы, звязаныя з моўнымі кантактамі і ўзаемаадносінамі паміж мовамі (гл.Арэальная лінгвістыка) ці дыялектамі (гл.Лінгвістычная геаграфія). Тыпалагічная К.м. заснавана на паняцці падабенства (фармальнага ці семантычнага) моў. Сацыялінгвістычная (функцыянальная) К.м. грунтуецца на вызначэнні аб’ёму і структуры камунікацыі на той ці інш. мове (гл.Функцыянальная лінгвістыка).
Генеалагічная К.м. мае абсалютны характар (кожная мова адносіцца да адной пэўнай генеалагічнай групы і не можа змяніць гэтай прыналежнасці). Сацыялінгвістычныя характарыстыкі моў з цягам часу мяняюцца. Тыпалагічная К.м. заўсёды адносная і гістарычна зменлівая з прычыны зменлівасці структуры мовы і яе тэарэт. асэнсавання. Арэальная К.м. характарызуецца большай або меншай устойлівасцю ў залежнасці ад абраных параметраў класіфікацыі Генеалагічнае падабенства з цягам часу сціраецца, арэальнае — у выпадку канвергентнага развіцця моў — можа ўзмацняцца. Для арэальнай класіфікацыі істотны тэр. паказчык, генеалагічная К.м. не залежыць ад лакалізацыі моў.
Пытанні К.м. актыўна распрацоўваюцца з пач. 19 ст. («Мітрыдат» ням. філолага І.К.Адэлунга, дзе ў сінкрэтычнай форме азначаны арэальная, генеалагічная і тыпалагічная К.м.). З сярэдзіны 20 ст. вывучаюцца тэарэт. прынцыпы розных відаў К.м.; даследуюцца праблемы арэальнай і тыпалагічнай К.м.
Літ.:
Теоретические основы классификации языков мира. [Ч. 1—2]. М., 1980—82;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́РЫКАВІЧЫ,
род старажытнарускіх князёў і маскоўскіх цароў, якія лічыліся нашчадкамі Рурыка (гл.Рурык-Сінявус—Трувор). Існуе меркаванне, што сапр.генеалагічнае дрэва Р. уключала ў сябе акрамя варага Рурыка і родавых слав. правадыроў. Бясспрэчным родапачынальнікам Р. быў кіеўскі кн.Ігар (у сканд. сагах Ігар Стары), якога «Аповесць мінулых гадоў» называе сынам Рурыка. Гэта першая рэальная гіст. фігура дынастыі Р. У 11—13 ст. некат. адгалінаванні Р. называліся таксама па імёнах сваіх родапачынальнікаў — Ізяславічы («Рагвалодавы ўнукі»), Манамашычы, Ольгавічы, Расціславічы і інш. Пазней у ВКЛ нашчадкамі Р., верагодна, былі княжацкія роды Адзінцэвічаў, Друцкіх, Астрожскіх, Вішнявецкіх, Гарадзецкіх, Дольскіх, Збаражскіх, Лукомскіх, Нясвіцкіх, Палубінскіх, Парэцкіх, Сцяпанскіх, Талочак, Чацвярцінскіх і інш. З утварэннем вакол Маскоўскага вялікага княстваРус. цэнтралізаванай дзяржавы б. ўдзельныя князі ператвараліся там у вышэйшы пласт маскоўскіх служылых людзей. Вярх. ўлада ў Маскоўскай (Расійскай) дзяржаве да смерці ў 1598 цара Фёдара Іванавіча знаходзілася ў руках уладзіміра-суздальскіх Манамашычаў. З роду ніжагародскіх князёў Р. быў цар Васіль Іванавіч Шуйскі [1606—10]. Аднак «Смута»пач. 17 ст. канчаткова звяла Р. з гіст. сцэны як правіцеляў, і на змену ім прыйшла дынастыя Раманавых (былі ў сваяцтве з Р.). У наступныя стагоддзі частка Р. страціла княжацкі тытул і змяшалася з нетытулаванымі дваранскімі родамі. У той жа час многія Р. (Валконскія, Абаленскія, Гарчаковы, Далгарукія і інш.) займалі ў Расіі важныя дзярж. пасады, але ніколі, як правіла, не прэтэндавалі на царскі (імператарскі) прастол.
Літ.:
Творогов О.В. Князья Рюриковичи: Краткие биогр. М., 1992;
Коган В.М. История дома Рюриковичей: (опыт ист.генеалог. исслед.). СПб, 1993;
Шишов А. Русские князья. Ростов н/Д, 1999;
Богуславский В.В., Бурминов В.В. Русь. Рюриковичи: Ил. ист. словарь. М., 2000.