ГЕМАТА...,

гл. Гема...

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гемата-энцэфалічны бар’ер 3/421

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМА..., ГЕМАТА...

[ад грэч. haima (haimatos) кроў],

першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнні адпавядае слову «кроў», напр., гемаглабін, гематома.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТУРЫ́Я

(ад гемата... + грэч. uron мача),

наяўнасць крыві ў мачы пры хваробах нырак і мочавывадных шляхоў. Гл. ў арт. Мочакамянёвая хвароба, Мочавыдзяляльнай сістэмы хваробы, Піеланефрыт, Прастатыт, Цыстыт і інш.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАКСІЛІ́Н

(ад гемата... + грэч. xylon драўніна),

фарбавальнік расліннага паходжання. Атрымліваюць экстракцыяй эфірам з драўніны кампешавага дрэва. Выкарыстоўваюць у мікраскапічнай тэхніцы для афарбоўкі раслінных і жывёльных тканак у сіні і сіня-чорны колер.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТО́МА

(ад гемата... + ...ома),

абмежаванае збіранне крыві ў тканках з утварэннем у іх поласці, дзе знаходзіцца кроў. Узнікае пры пашкоджанні крывяносных сасудаў ад удараў, паталагічных працэсаў, пасля хірург. аперацый або пры зніжанай згусальнасці крыві. Утвараецца пад скурай, надкосніцай, у мышцах, слізістых абалонках, ва ўнутр. органах і інш. Невял. гематома рассысаецца, вакол вял. развіваецца запаленчы працэс з утварэннем шчыльнай капсулы. Пры ўзнікненні гематомы з’яўляюцца прыпуханне, сярэдняя балючасць, кровападцёк. Лячэнне фізіятэрапеўтычнае, у цяжкіх выпадках (напр., гематома ў галаўным мозгу, печані, селязёнцы і інш.) хірургічнае.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́СТА-ГЕМАТЫ́ЧНЫ БАР’Е́Р,

комплекс структур і фізіял. механізмаў, якія рэгулююць абменныя працэсы паміж крывёй і тканкамі, забяспечваюць адноснае пастаянства саставу, фізіка-хім. уласцівасцей непасрэднага пажыўнага асяроддзя органа і клеткі. Тэрмін увёў сав. фізіёлаг Л.С.Штэрн у 1929. Структурная аснова гіста-гематычнага бар’ера — сценка капіляраў, элементаў злучальнай тканкі і інш. спец. тканкавых элементаў. Гіста-гематычны бар’ер органа вызначае яго функцыян. стан, здольнасць процістаяць шкодным уплывам, перашкаджае пераходу чужародных рэчываў з крыві ў тканкі (ахоўная функцыя), рэгулюе паступленне да клетак з крыві рэчываў, неабходных для жыццядзейнасці органаў і тканак, вывядзенне прадуктаў абмену. Функцыі гіста-гематычнага бар’ера мяняюцца ў залежнасці ад узросту, нерв. і гарманальных уплываў і інш. Гл. таксама Бар’ерная функцыя, Гемата-энцэфалічны бар’ер.

А.С.Леанцюк.

т. 5, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМАТАЛО́ГІЯ

(ад гемата... + ...логія),

навука пра кроў і крывятворныя органы, іх будову, функцыі, хваробы, метады іх дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі. Цесна звязана з анкалогіяй і трансфузіялогіяй.

Як навука сфарміравалася ў 17 ст. Сістэматычнае апісанне гематалагічных захворванняў пачалося ў 19 ст. Ням. вучоныя Р.Вірхаў у 1845, Э.Нойман у 1870 апісалі лейкозы, англ ўрач Т.Адысан (1855) і ням. А.Бірмер (1872) вылучылі ў асобную клінічную форму злаякасную анемію. У пач. 20 ст. рус. вучоныя М.І.Арынкін, А.А.Максімаў і А.М.Крукаў распрацавалі тэорыю кроваўтварэння (т.зв. унітарную); У.М.Чарнігаўскі, М.А.Фёдараў і інш. даказалі, што ў рэгуляцыі кроваўтварэння ўдзельнічаюць гумаральныя фактары (вітаміны, гармоны, мікраэлементы і г.д.) і ц. н. с.

На Беларусі даследаванні ў галіне гематалогіі пачаліся ў 1930-я г. (Г.Х.Даўгяла, Я.П.Іваноў, В.А.Лявонаў, С.М.Мялкіх, М.П.Паўлава, А.А.Ракіцянская, А.І.Свірноўскі і інш.). Праблемы гематалогіі даследуюцца ў НДІ гематалогіі і пералівання крыві, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, у Рэсп. дзіцячым анкагематалагічным цэнтры. Распрацавана класіфікацыя гемастазіяпатыі, ДВС-сіндрому; прапанавана патагенетычная дыягностыка і тэрапія дысемінаванага ўнутрысасудзістага згусання крыві. Вывучаны некаторыя механізмы парушэнняў кроваўтварэння і спосабы іх карэкцыі пры дзеянні радыяцыі. Створаны рэсп. рэгістр гемапатыі. Дзейнічае нац. сістэма гематалагічнай службы, якая ўключае гематалагічныя кабінеты і аддзяленні, Цэнтр трансплантацыі касцявога мозга.

т. 5, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)