Гейгера-Мюлера лічыльнік 4/370
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕР, Гайгер (Geiger) Ганс Іаган; 30.9.1882, г. Нойштат-ан-дэр-Вайнштрасэ, Германія — 24.9 1945),
нямецкі фізік-эксперыментатар. Чл. Берлінскай АН (1937). Вучыўся ў Эрлангенскім, Мюнхенскім і Манчэстэрскім ун-тах. З 1907 выкладаў у Манчэстэрскім, Кільскім, Цюбінгенскім, Берлінскім ун-тах. Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касм. прамянёў. У 1908 вызначыў зарад электрона; разам з Э.Рэзерфардам вынайшаў прыладу для падліку асобных мікрачасціц (гл. Гейгераўскі лічыльнік); разам з англ. фізікам Дж.Неталам прапанаваў эмпірычную формулу сувязі пастаяннай распаду з энергіяй альфа-часціц (1911—12; закон Гейгера—Нетала); разам з В.Ботэ даказаў справядлівасць законаў захавання энергіі і імпульсу пры сутыкненнях элементарных часціц; разам з англ. фізікам Э.Марсдэнам эксперыментальна пацвердзіў формулу Рэзерфарда па рассейванні альфа-часціц.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙГЕРАЎСКІ ЛІЧЫ́ЛЬНІК, Гейгера—Мюлера лічыльнік,
газаразрадны дэтэктар радыеактыўных і інш. іанізавальных выпрамяненняў. Вынайдзены ў 1908 Г.Гейгерам разам з Э.Рэзерфардам; удасканалены Гейгерам і ням. фізікам В.Мюлерам. Гама-выпрамяненне рэгіструецца па другасных іанізавальных часціцах (напр., фотаэлектронах, комптанаўскіх электронах; гл. Комптана эфект), нейтроны — па ядрах атамаў аддачы і прадуктах ядз. рэакцый у газе лічыльніка. Выкарыстоўваецца ў фізіцы, біялогіі, медыцыне, археалогіі, геалогіі, тэхніцы.
Рабочы аб’ём Гейгераўскага лічыльніка (газаразрадны прамежак з неаднародным эл. полем) запаўняюць інертным газам (у самагасільных лічыльніках з дамешкай пары спірту або галагенаў) пад ціскам 13—26 кПа. Найб. пашыраны лічыльнікі з кааксіяльнымі цыліндрычнымі электродамі: вонкавы цыліндр (катод) і тонкая нітка ўздоўж яго восі (анод). Эл. імпульсы, што выяўляюцца пры эл. разрадах у лічыльніку, узмацняюцца і рэгіструюцца спец. прыстасаваннем.
А.В.Берастаў.
т. 5, с. 133
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)