цёплае паверхневае цячэнне Атлантычнага ак., якое праходзіць з З на У у паўн.ч. Гвінейскага заліва. Т-ра вады 23—28 °C. Скорасць зімой 0,4—2,7 км/гадз, летам павялічваецца і Гвінейскае цячэнне становіцца ўсх. працягам Міжпасатнага (Экватарыяльнага) супрацьцячэння, зімой — галіной Канарскага цячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я ВЕ́РХНЯЯ,
прыродная вобласць Зах. Афрыкі, уздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., паміж 10 — 12° паўн. ш. на Пн і 9—10° усх. д. на У. Большую ч.тэр. займае Паўночна-Гвінейскае ўзвышша, пераважныя выш. 500—1000 м, найб. — да 1948 м (г. Бінтымані). Уздоўж акіяна цягнецца нізінная раўніна шыр. 50—200 км. Клімат экватарыяльны і экватарыяльны мусонны. Сярэднямесячная т-ра 21 — 29 °C, ападкаў ад 1000—1500 мм на Пн да 3000—4000 мм на прыморскай нізіне. Шматлікія мнагаводныя рэкі, самыя вялікія — Нігер, Вольта. Ва ўнутр. раёнах Гвінеі Верхняй высакатраўныя саванны на чырвоных фералітных глебах, па далінах рэк галерэйныя лясы. Вільготныя трапічныя і лістападныя лясы прыбярэжнай раўніны значна зведзены; на забалочаных узбярэжжах мангравыя лясы і хмызнякі. У межах Гвінеі Верхняй поўнасцю або часткова размешчаны Гвінея-Бісау, Гвінея, Сьера-Леоне, Ліберыя, Кот-д’Івуар, Гана, Тога, Бенін, Нігерыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВІНЕ́Я НІ́ЖНЯЯ,
прыродная вобласць у Цэнтр. Афрыцы, уздоўж узбярэжжа Гвінейскага зал. і Атлантычнага ак., паміж зал. Біяфра на Пн і нізоўямі р. Кванза на Пд. Уключае вузкую (50 — 100 км) прыморскую нізіну і стромка ўзнятае над ёю Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Пераважныя выш. ад 700 да 2000 м, найб. — 4070 м (дзеючы вулкан Камерун). Клімат пераходны ад экватарыяльнага на Пн да трапічнага пасатнага на Пд. Вільготнасць памяншаецца з Пн на Пд пад уплывам халоднага Бенгальскага цячэння. Ападкаў на б.ч.тэр. 1000—1500 мм за год, на наветраных схілах гор 3000—4000 мм (на зах. схілах г. Камерун больш за 10 000 мм — самае вільготнае месца Афрыкі). На тэр. Гвінеі Ніжняй у акіян упадае р. Конга (Заір). На Пн — вечназялёныя экватарыяльныя лясы, на Пд ад вусця р. Конга пераважаюць саванны. На крайнім Пд знаходзяцца прыморскія нізіны — паўпустыні і пустыні. У межах Гвінеі Ніжняй поўнасцю або часткова размешчаны Камерун, Экватарыяльная Гвінея, Габон, Конга, Заір, Ангола.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукгу рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскаеўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн. т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ФРЫКА,
другі па велічыні пасля Еўразіі мацярык, частка свету. Пл. 29,2 млн.км², з астравамі 30,3 млн.км². Размешчана ва Усх. паўшар’і, амаль пасярэдзіне перасякаецца экватарам. Крайнія пункты: на Пн мыс Эль-Аб’яд, 37°20′паўн. ш.; на Пд мыс Ігольны (Агульяс), 34°52′паўд. ш.; на З мыс Альмады, 17°32′зах. д.; на У мыс Хафун, 51°23′усх. д. Афрыка працягнулася з Пн на Пд амаль на 8000 км, з З на У на 3100 км у паўд. і да 7500 км у паўн. частках. Злучана з Азіяй вузкім (112 км) Суэцкім перашыйкам, ад Еўропы аддзяляецца Міжземным морам і Гібралтарскім пралівам. На З абмываецца Атлантычным ак., на У — Індыйскім ак. і Чырвоным морам. Берагі пераважна прамалінейныя, абразійныя, стромкія, з вузкай палоскай прыбярэжных нізін, у трапічных шыротах месцамі з каралавымі рыфамі. Зручных бухтаў мала, вял. залівы Гвінейскі на З і Сідра (Вял. Сірт) на Пн, у Міжземным моры. Найб.п-аў Самалі (Афрыканскі Рог). Да Афрыкі як часткі свету належаць астравы (агульная пл. 1,1 млн.км²): на У Мадагаскар, Каморскія, Маскарэнскія, Аміранцкія, Сейшэльскія, Альдабра, Пемба, Мафія, Занзібар, Сакотра; на З Мадэйра, Канарскія, Зялёнага Мыса, Анабон, Сан-Таме, Прынсіпі, Біёка (б. Фернанда-По), аддаленыя ў Атлантычным ак. а-вы Ушэсця, Св. Алены, Трыстан-да-Кунья і інш.
Рэльеф. У рэльефе Афрыкі спалучаюцца ступеньчатыя раўніны, плато, пласкагор’і і нагор’і са шматлікімі астанцовымі вяршынямі, лававым покрывам і вулканамі. Паводле вышыні паверхні над узр. м. (сярэдняя 750 м) Афрыка падзяляецца на паўн.-зах. Нізкую Афрыку і паўд.-ўсх. Высокую Афрыку. На б.ч. Нізкай Афрыкі размешчаны раўніны і плато Сахары, сярод якіх узвышаюцца нагор’і Ахагар (г. Тахат, 3003 м) і Тыбесты (вулкан Эмі-Кусі, 3415 м), і Судана — плато і пласкагор’і Аір (2022 м), Энеды (1450), Дарфур (3088 м) і інш. На ПнЗ Атласкія горы (г. Тубкаль, 4165 м). Над берагам Гвінейскага зал. ўзнімаецца Паўн.-Гвінейскаеузв. (г. Бінтымані, 1948 м). На Пд Нізкая Афрыка — упадзіна Конга, што аддзяляецца ад Атлантычнага ак.Паўд.-Гвінейскім узв. (1500—2000 м). Да Высокай Афрыкі належыць Эфіопскае нагор’е (г. Рас-Дашэн, 4623 м), якое на У абрываецца да самай нізкай у Афрыцы ўпадзіны Афар (-153 м), і Усх.-Афрыканскае пласкагор’е з вулканічнымі конусамі (Кіліманджара, 5895 м — найвышэйшы пункт Афрыкі). На Пд Афрыкі знаходзіцца раўніна Калахары (выш. 900—1000 м). Яе акружаюць на У і ПнУ плато і нагор’і Матабеле і Велд, на Пд Верхняе Кару (горы Сніўберге, 2505 м), на З Намакваленд, Дамараленд, Каока. На У павышаны рэльеф вакол Калахары стромка абрываецца да Індыйскага ак., дзе Драконавы горы і нагор’е Басута з найвышэйшым пунктам на Пд Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м) утвараюць Вял. Уступ, на Пд — да ўпадзіны Вял. Кару, на З — да Атлантычнага ак. (хр. Сера-да-Шэла). На крайнім Пд мацерыка ўзвышаюцца Капскія горы (2326 м). Рэльеф, падобны да Паўд. Афрыкі, мае в-аў Мадагаскар. Усходнюю ч. Афрыкі з Пн на Пд перасякае Усходне-Афрыканская рыфтавая сістэма з глыбокімі вузкімі ўпадзінамі, занятымі азёрамі, глыбавымі гарамі і вулканічнымі масівамі з патухлымі і дзеючымі вулканамі.
Геалагічная будова. Амаль усю тэр. Афрыкі займае стараж.Афрыканская платформа (Афрыкана-Аравійская).
Дакембрыйскія метамарфічныя тоўшчы і граніты, што складаюць фундамент платформы, залягаюць на глыб. 8—10 км у вялізных тэктанічных упадзінах і прагінах, якія запоўнены асадкавымі пародамі платформавага чахла (да гэтых структур часта прымеркаваны раўніны і плато). У шчытах і масівах крышт. фундамент выходзіць на паверхню (нагор’і Ахагар і Тыбесты, Паўн.-Гвінейскаеузв., хрыбет Этбай на беразе Чырвонага м., плато Дарфур і інш.). У палеазоі на Пд Афрыкі развівалася мацерыковае зледзяненне (на фоне тэктанічнага падняцця), у мезазоі — базальтавы вулканізм з утварэннем лававых покрываў (трапаў). У сярэдзіне кайназою зноў пачалося падняцце паверхні, асабліва інтэнсіўнае на У Афрыкі, што прывяло да расколу платформы і ўтварэння ў міяцэне Усх.-Афрыканскай рыфтавай сістэмы, якая працягнулася больш чым на 6000 км ад паўн. ускраіны Чырвонага м да р. Замбезі. Рыфтагенез суправаджаўся базальтавым і шчолачным вулканізмам, у пліяцэне ўзніклі вулканы Кіліманджара, Кенія (5199 м), Меру (4567 м) і інш. На Пд да платформы прылягаюць складкава-глыбавыя структуры Капскіх гор (герцынскай складкавасці), на ПнЗ — складкавая сістэма Атласкіх гор (герцынскай і альпійскай складкавасці). У антрапагене Афрыка аддзялілася ад Еўропы. Мацерыковае зледзяненне плейстацэну выявілася эпохамі ўвільгатнення ў Сахары і інш. пустынях (плювіяльныя эпохі, ад якіх засталіся уэды, высахлыя азёры і інш.).
Карысныя выкапні. У Афрыцы вядомы радовішчы амаль усіх відаў карысных выкапняў. Яна займае 1-е месца сярод іншых мацерыкоў па запасах марганцавых рудаў, храмітаў, баксітаў, золата, плаціноідаў, кобальту, ванадыю, алмазаў, фасфарытаў, флюарыту, 2-е — па запасах медных рудаў, урану, сурмы, берылію, азбесту, графіту, 3-е — па запасах нафты, прыроднага газу, ртуці, жал. руды; ёсць значныя запасы рудаў тытану, нікелю, вісмуту, літыю, танталу, ніобію, волава, вальфраму, а таксама каменнага вугалю, каштоўных камянёў і інш.
Клімат. Афрыка — самы гарачы мацярык (сумарная сонечная радыяцыя 180—200 ккал/см² за год) з пераважна кантынентальным кліматам (рэзкія ваганні сутачных тэмператур і сухасці). Асн. працэс агульнай цыркуляцыі атмасферы над Афрыкай — перанос да экватара трапічнага паветра пасатамі. Т-ры паветра ў Паўн. і Паўд. паўшар’ях мала адрозніваюцца, а характар і велічыня ападкаў на працягу года вельмі зменлівыя, на б.ч. тэрыторыі адзначаецца недахоп вільгаці, вылучаюцца сухі і вільготны сезоны.
У поясе экватарыяльнага клімату паміж 2°паўд. і 8°паўн. ш. сума ападкаў за год перавышае 1000 мм, у самым вільготным месцы Афрыкі на зах. схілах масіву Камерун, у Дэбунджы, дасягае больш за 9000 мм. Тэмпературы на працягу года 25—28 °C (удзень блізкія да 30 °C, уначы каля 20 °C). Паясы субэкватарыяльнага клімату (экватарыяльных мусонаў) распрасціраюцца да 19° паўн. і 16° паўд. ш. Выпадае ад 250—300 да 500—1800 мм ападкаў (2 сезоны дажджоў). Тэмпература на працягу года вагаецца ад 26—31 °C да 14—18 °C на Пн ад экватара, на Пд складае 20—27 °C. Далей, да 30° паўн. і 30° паўд. ш., размяшчаюцца паясы трапічнага клімату, дзе выпадае менш за 100 мм, ва Усх. Сахары 10—20 мм ападкаў за год (у г. Асуан дажджы выпадаюць не кожны год). У тропіках Паўн. паўшар’я самыя высокія т-ры ў Афрыцы — у ліп. месцамі да 38 °C, макс. 57,8 °C адзначана ў Эль-Азізіі (Лівія). Назіраюцца значныя месячныя і сутачныя ваганні т-ры (да 20 °C). Паўн. і паўд. ўскраіны мацерыка знаходзяцца ў паясах субтрапічнага клімату, дзе ападкі (ад 100—250 мм на У да 500—1000 мм за год на З) выпадаюць зімой, т-ры летніх месяцаў 20—25 °C, зімовых 10—15 °C, у гарах Атлас выпадае снег, т-ры могуць зніжацца да -6, -8 °C.
Унутраныя воды. Гідраэнергетычны патэнцыял Афрыкі складае больш за 20% ад сусветнага, па запасах гідраэнергіі яна займае 2-е месца пасля Азіі. У Афрыцы цячэ самая доўгая рака свету — Ніл (6671 км), самая паўнаводная рака Усх. паўшар’я — Конга, тут знаходзяцца 2-е па глыбіні (пасля Байкала) возера Зямлі — Танганьіка (1470 м) і 2-е па плошчы (пасля воз. Верхняе ў Паўн. Амерыцы) воз. Вікторыя (68 тыс.км²).
Найб. густая рачная сетка ў цэнтр. і зах.ч. прыэкватарыяльнай Афрыкі, у пустынях рэкі з пастаянным цячэннем адсутнічаюць (акрамя транзітных, як Ніл). У Атлантычны ак., басейн якога ахоплівае 50% тэр. мацерыка, упадаюць Конга (4320 км), Нігер, Сенегал, Гамбія, Аранжавая і інш., у Міжземнае мора — Ніл. Да бас. Індыйскага ак. (18,5% тэр.) належыць Замбезі (2660 км), Лімпопа, Рувума, Руфіджы, Джуба, Тугела і рэкі Мадагаскара. Ступеньчаты рэльеф спрыяе ўтварэнню парогаў і вадаспадаў. Самы вялікі вадаспад Вікторыя на р. Замбезі (выш. 120 м, шыр. 1800 м), самы высокі каскад вадаспадаў Тугела (933 м) на р. Тугела ў Драконавых гарах. Жыўленне рэк пераважна дажджавое, у пустынях і паўпустынях — грунтавое. Шматгадовы снег на некаторых вяршынях Усх. Афрыкі і сезонны на ПнЗ Атласкіх гор істотнага ўплыву на водны рэжым рэк не мае. У Афрыцы шмат азёраў, многія ў катлавінах тэктанічнага паходжання (у рыфтах Усх. Афрыкі): Танганьіка, Мабуту-Сесе-Сека (б. Альберт), Іды-Амін-Дада (б. Эдуард), Ківу, Туркана (б. Рудольф), Малаві (Ньяса) і інш.Воз. Вікторыя займае спадзістае тэктанічнае паніжэнне за межамі зоны разломаў. Ва ўнутр. бяссцёкавых абласцях азёры найчасцей салёныя, са зменлівымі ўзроўнем і плошчай, некаторыя перасыхаюць у сухі сезон, найб. сярод іх воз. Чад (пл. 10—26 тыс.км², глыб. 2 м). У Афрыцы створана шмат вадасховішчаў для арашэння і энергет. забеспячэння, найб. Вольта, Насэр і інш.
Глебы і расліннасць. У Афрыцы лясы і рэдкалессі займаюць каля 27%, саванны — 33%, пустыні і паўпустыні — 40% тэрыторыі. На мацерыку добра выяўляецца занальнасць глебавага і расліннага покрыва. Экватарыяльныя і трапічныя пастаянна вільготныя вечназялёныя і мяшаныя лясы (гілея) займаюць узбярэжжа Гвінейскага зал. і ўпадзіну Конга паміж 7°паўн. і 5°паўд. ш., дзе пашыраны чырвона-жоўтыя фералітавыя глебы. Лясы густыя, шмат’ярусныя, з ліянамі і эпіфітамі, багатыя на віды: 3000 відаў дрэў (40 з іх маюць каштоўную драўніну — эбенавае, сандалавае, чырвонае і інш.). Далей на Пн і Пд, дзе 2—3 месяцы засушлівы перыяд, распасціраюцца пераменна-вільготныя мяшаныя, часткова лістападныя трапічныя лясы (капалавае дрэва, хларафора высокая і інш.). Да гэтых лясоў прымыкае велізарная зона саваннаў, якая цягнецца да 18—19° паўн. ш., у паўд. Афрыцы — на Пд ад тропіка, на У — да Індыйскага ак. Вільготная высакатраўная саванна (гвінейская) — з участкамі трапічных лясоў, рэдкастойнымі масівамі акацый, баўгіній, баабабамі і слановымі травамі (4—5 м вышынёй) і інш. Нізкатраўная (тыповая, суданская) саванна развіта на чырв. і чырв.-карычневых фералітавых глебах, мае суцэльнае покрыва злакавых траў (барадач, тэмеда, гіпарэнія), паасобныя баабабы і дрэвы з парасонападобнай кронай (акацыі, паркія, пальма дум). Сухая, апустыненая саванна (сахельская) развітая ў сахелі і паўпустыні Калахары. Травяное покрыва з геафітаў (пераважна лілейных) і дзярністых злакаў. Рэдкія акацыі. Глебы чырв. і чырв.-бурыя, на значных плошчах пашкоджаны пры выпасе свойскай жывёлы і ператварыліся ў рухомыя пяскі. Найб. урадлівыя і асвоеныя ў саваннах цёмна-чырв. фералітавыя глебы на выхадах на паверхню базальтаў ва Усх. Афрыцы. За саваннамі, далей ад экватара, цягнецца зона пустыняў і паўпустыняў: у Паўн. паўшар’і Сахара — найбольшая трапічная пустыня свету, у Паўд. паўшар’і Наміб і Кару. У Сахары рэдкая ксерафільная расліннасць, глебы пустынныя слабаразвітыя: камяністыя (адпавядаюць тыпу пустыняў хамады), пяскі і пясчаныя (эргі), жвірова-галечнікавыя (рэгі), на якіх трапляюцца саланчакі (себхі). У пустыні Наміб пераважна сукулентная расліннасць, у т. л. вельвічыя, лілейныя і інш., пясчаныя і камяністыя пустынныя глебы. Паўпустыні Афрыкі злакава-хмызняковыя, з характэрным кавылём альфа. У Атласкіх гарах і на нізінным паўн. узбярэжжы пашырана міжземнаморская расліннасць з субтрапічных вечназялёных цвердалістых і лістападных лясоў (кіпарысы, алівы, міндаль, ліванскі кедр, коркавы дуб, розныя хвоі). Развіты таксама другасныя хмызняковыя і палынна-злакавыя асацыяцыі (тыпу фрыгана, маквіс, гарыга). Пераважаюць шэра-карычневыя, карычневыя, чырвона-бурыя апустыненыя і бурыя лясныя глебы; высокай урадлівасцю вылучаюцца алювіяльныя глебы ў даліне Ніла. На крайнім Пд Афрыкі субтрапічная расліннасць сфарміравана з больш старажытных, чым на Пн, фларыстычных элементаў (нагаплоднік, дрэвападобная папараць і інш.) на жаўтазёмах, карычневых і горных бурых лясных глебах. На большай частцы Афрыкі глебы малаўрадлівыя, выкарыстоўваецца толькі 1/5 зямель, прыдатных для ворыва.
Жывёльны свет Афрыкі багаты і разнастайны. Захаваліся прадстаўнікі стараж. мацерыковых фаун з канца мезазою, якія з’яўляюцца эндэмікамі або агульнымі з фаунамі Паўд. Амерыкі, Паўд. Азіі, Аўстраліі. Афрыка ўваходзіць у Галарктычную фауністычную вобласць Арктагеі (Пн мацерыка з Сахарай), Эфіопскую і Мадагаскарскую вобласці Палеагеі. У афр. частцы Галарктычнай вобласці характэрныя лань, дзік, падвіды высакароднага аленя, бурага мядзведзя і ліса, леапард, звычайная генета, егіпецкі мангуст, грабеньчаты дзікабраз і інш. У Сахары і паўпустынях жывуць антылопа лірарогі буйвал, газелі, леў, гепард, каракал, аксамітны і дзікі каты, ліс фенек, паласатая і плямістая гіены, мноства тушканчыкаў, пясчанак і інш. Сярод птушак пустынны жаваранак, дрофы, рабкі і інш. У Паўн. Афрыцы зімуюць шматлікія пералётныя птушкі, сярод іх каля 17 відаў з Беларусі (гл. ў арт.Вырай). Шматлікія паўзуны (гадзюкі Авіцэны і рагатая, гюрза і інш.), з беспазваночных — павукападобныя, саранча. У Эфіопскай вобласці жывуць своеасаблівыя статкавыя капытныя — блакітны гну, зебры, газелі Томпсана і Гранта; шматлікія даманы (блізкія да сланоў малыя жывёлы), бегемот, трубказубы, афрыканскі слон, малпы гамадрыл і бабуін; з драпежных — леў, леапард, гепард, гіенавы сабака, каракал, шакал; сярод птушак — афрыканскі страус, цацаркі, птушка сакратар і інш. У экватарыяльных і трапічных лясах водзяцца кутасавухая свіння, вадзяны алянёк, акапі, гарыла, шымпанзе, дзікабразы, дрэвавыя даманы, з птушак — турака, птушкі-насарогі, папугаі, з паўзуноў — геконы, хамелеоны, дрэвавыя змеі, кракадзілы, з беспазваночных — тэрміты (каля 500 відаў), тараканы і інш. Астраўная фауна Мадагаскарскай вобласці адметная — гэта лясная фауна, у якой пануюць лемуры, ёсць тэнрэкі, вівера фоса, мадагаскарскія пастушкі, чырванадзюбыя попаўзні, чарапахі. Для аховы жывёльнага свету ў Афрыцы арганізавана больш за 150 заказнікаў і нац. паркаў.
Прыроднае раянаванне Афрыкі адлюстроўвае геагр. занальнасць. Вылучаюцца: экватарыяльны пояс (без падзелу на прыродныя краіны); субэкватарыяльны пояс з краінамі Судан, Паўн.-Гвінейскаеузв., Эфіопскае нагор’е і п-аў Самалі, Усх. Афрыка, упадзіна Конга; трапічны пояс з краінай Сахара і часткай краіны Паўд. Афрыкі; субтрапічны пояс з краінай Атлас на Пн і часткай краіны Паўд. Афрыка (Капскія горы і паўд.-ўсх. ўскраіна мацерыка). Афрыку таксама падзяляюць на прыродныя вобласці: Паўн. Афлрыка, Зах. Афрыка, Цэнтр. Афрыка, Усх. Афрыка і Паўд. Афрыка.
Насельніцтва. У Афрыцы жыве больш за 700 млн.чал. (1994) — больш за 12% насельніцтва Зямлі. Шчыльн. ад 0,3 да 200, у даліне Ніла больш за 1000 чал. На 1 км². Этнічны склад вельмі стракаты. Афрыку насяляюць некалькі соцень вялікіх і малых этнасаў, 107 з іх налічваюць больш за 1 млн.чал. кожны, а 24 — больш за 5 млн. (самыя шматлікія: егіпецкія арабы, хаўса, йоруба, алжырскія і мараканскія арабы, фульбе, ігба, амхара, арома, суданскія арабы). Найб. пашырана арабская мова, на Пд ад Сахары — мовы банту. Народы Афрыкі належаць да некалькіх рас: інда-міжземнаморскай, негра-аўстралійскай (уключае негрскую, негрыльскую і бушменскую малыя расы), эфіопскай і інш. Па веравызнанні ў многіх краінах на Пн ад экватара (Алжыр, Марока, Егіпет, Судан, Лівія, Сенегал, Самалі, Нігер, Чад і інш.) пераважаюць прыхільнікі ісламу суніцкага кірунку. Хрысціяне (католікі і пратэстанты) складаюць ½ насельніцтва ПАР, Намібіі, Лесота, Бурундзі, Габона. Найб. старажытная канфесія ў Афрыцы — манафісіцкая царква (пераважна народа амхара ў Эфіопіі). Ёсць прыхільнікі хрысціянска-афрыканскіх цэркваў, індуізму і іудаізму. У некаторых краінах Пд ад Сахары захаваліся мясцовыя традыц. вераванні. Гл. таксама Народы Афрыкі.
Палітычны падзел. У межах Афрыкі размешчаны дзяржавы: Алжыр, Ангола, Батсвана, Бенін, Буркіна-Фасо, Бурундзі, Габон, Гамбія, Гана, Гвінея, Гвінея-Бісау, Джыбуці, Егіпет, Заір, Замбія, Зах. Сахара, Зімбабве, Кабо-Вердэ, Камерун, Каморскія Астравы, Кенія, Конга, Кот-д’Івуар, Лесота, Ліберыя, Лівія, Мадагаскар, Мазамбік, Малаві, Малі, Марока, Маўрыкій, Маўрытанія, Намібія, Нігер, Нігерыя, Паўд.-Афрыканская Рэспубліка (ПАР), Руанда, Самалі, Сан-Таме і Прынсіпі, Свазіленд, Сейшэльскія Астравы, Сенегал, Судан, Сьера-Леоне, Танзанія, Тога, Туніс, Уганда, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка (ЦАР), Чад, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Эфіопія (пра кожную краіну гл. асобны артыкул). Некаторыя астравы належаць краінам Еўропы: Канарскія Іспаніі; Мадэйра Партугаліі; а-вы Святой Алены, Ушэсця і Трыстан-да-Кунья ўладанне Вялікабрытаніі; в-аў Рэюньён у групе Маскарэнскіх а-воў — замежны дэпартамент Францыі. Гарады Сеута і Мелілья на Міжземнаморскім узбярэжжы Марока знаходзяцца пад кіраваннем Іспаніі.
Да арт. Афрыка. Субальпійскі ландшафт гор Усходняй Афрыкі.Да арт. Афрыка. Дарога ў саванне.Да арт. Афрыка. У афрыканскай саванне.Да арт. Афрыка. Горныя лясы Уганды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАБО́Н (Gabon),
Габонская Рэспубліка (République Gabonaise), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца Атлантычным ак., на Пн мяжуе з Экватарыяльнай Гвінеяй і Камерунам, на У і Пд — з Конга. Падзяляецца на 9 правінцый. Пл. 267,7 тыс.км², нас. 1123 тыс.чал. (1993). Сталіца — г. Лібрэвіль. Афіц. мова французская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (17 жн.).
Дзяржаўны лад. Габона — рэспубліка. Дзейнічае часовая канстытуцыя 1990.
Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Нац. сход са 120 дэпутатаў, 111 з якіх выбіраюцца насельніцтвам, 9 прызначаюцца прэзідэнтам — усе на 5 гадоў. Выканаўчы орган — Савет Міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае прэзідэнт.
Прырода. Большую ч.тэр. Габона займае Паўд.-Гвінейскае ўзвышша. Яно складзена з пясчанікаў і ўзнімаецца на 300—800 м над узр. мора. На З горы Шаю (з найвышэйшым пунктам краіны г. Ібунджы, 1580 м), Хрустальныя і Маюмба, складзены з дакембрыйскіх парод. На ўзбярэжжы забалочаная раўніна з мелавых, палеагенавых і неагенавых марскіх адкладаў. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, марганцавыя, уранавыя, жал. руды, золата, калійныя солі, буд. матэрыялы. Клімат экватарыяльны, гарачы і вільготны на Пн, з пераходам да субэкватарыяльнага на З і Пд. Т-ра паветра 24—28 °C у крас., 20—24 °C у ліпені Ападкаў 1600—2000 мм, на ўзбярэжжы да 4000 мм за год. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй, найб. Агаве. 80% тэр. пад вільготнымі экватарыяльнымі лясамі на чырвона-жоўтых латэрытных глебах. Шмат парод дрэў з кашт. драўнінай (акуме, чырвонае, жоўтае, эбенавае, сандалавае, лімба і інш.). На Пд і У лясы часткова замешчаныя другаснымі высакатраўнымі саваннамі. На ўзбярэжжы мангравыя зараснікі. Жывёльны свет багаты і разнастайны: малпы, сланы, буйвалы, лясныя антылопы, гіены і інш., у рэках гіпапатамы, кракадзілы. Шмат птушак, змей, насякомых (у т. л. муха цэцэ). Нац. паркі Бонга-Бонг, Аканда; некалькі запаведнікаў і заказнікаў.
Насельніцтва. Больш за 90% насельніцтва належыць да моўнай групы паўн.-зах.банту, народы фанг (каля 35%), бакеле (30%), мпонгве, бакота і інш.; ёсць банту Конга, пігмеі, якія гавораць на мовах банту; невял. групы эмігрантаў з суседніх краін і еўрапейцаў (пераважна французаў). Большасць вернікаў католікі (55—75%), мусульман 1%, астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў (анімісты). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 4,2 чал. на 1 км², у асобных раёнах узбярэжжа да 10—50 чал. на 1 км². У гарадах жыве 48% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1993): Лібрэвіль — 300, Порт-Жантыль — 164, Франсвіль — 75. У сельскай гаспадарцы занята 65% насельніцтва, у прам-сці і гандлі — 30, у абслуговых галінах і кіраванні — па 2,5%.
Гісторыя. Стараж. і сярэдневяковая гісторыя Габона мала даследавана. Першымі яго насельнікамі, верагодна, былі пігмеі. У пач.н.э. тут пасяліліся плямёны банту. З 13 ст. ўзбярэжжа заселена народамі мпонгве. У канцы 18 ст. з Пн праніклі плямёны фанг, якія да 1875 засялілі даліну р.Агаве. Да з’яўлення еўрапейцаў (першымі былі партуг. мараплаўцы ў 1472) народы Габона знаходзіліся на стадыі разлажэння родаплемяннога ладу. Краіна стала адным з гал. раёнаў захопу рабоў. У 1839 французы заснавалі апорны пункт на левым беразе бухты Габон і прымусілі караля мпонгве прыняць французскі пратэктарат. Пазней яны замацаваліся і на правым беразе і заснавалі г. Лібрэвіль. Да канца 19 ст. Францыя пашырыла свой кантроль на ўсю тэр. краіны. З 1886 Габон — асобная калонія Францыі. У 1910—58 у складзе Франц. Экватарыяльнай Афрыкі. Насельніцтва цярпела ад жорсткай эксплуатацыі і прымусовых работ. У 2-ю сусв. вайну Габон прызнаваў «Змагарную Францыю».
З 1946 Габон — заморская тэр. Францыі. Тут узніклі паліт. партыі, найбуйнейшыя з іх — Габонскі дэмакр. і сац. саюз (ГДСС; выражаў інтарэсы народа фанг) і Габонскі дэмакр. блок (ГДБ; аб’ядноўваў прадстаўнікоў усіх народаў краіны). 28.9.1958 Габон атрымаў самакіраванне ў складзе Франц. Супольнасці. 17.8.1960 абвешчана незалежнасць у рамках Супольнасці. 17.2.1961 прынята новая канстытуцыя (перагледжана ў 1975). Прэзідэнтам стаў лідэр ГДБ Л.Мба. У ліст. 1967 яго змяніў віцэ-прэзідэнт А.Бонга. У сак. 1968 ГДБ і ГДСС зліліся ў Габонскую дэмакр партыю (ГДП), іншыя партыі былі забаронены. Паводле часовай канстытуцыі 1990 адноўлена шматпартыйнасць. На выбарах 1990 перамагла ГДП і стварыла кааліцыйны ўрад з прадстаўнікамі апазіцыі. Габон — чл.ААН з 1960. Паліт. партыі — Габонская дэмакр. партыя, Габонская партыя прагрэсу, Рух за нац. адраджэнне і інш. — усяго 70 партый. Адзіны прафс. цэнтр — Габонская канфедэрацыя прафсаюзаў.
Гаспадарка. Габон — адна з самых багатых краін Афрыкі (2-е месца на кантыненце па сярэднестат. узроўні жыцця). Гал. месца ў эканоміцы належыць горназдабыўной прам-сці, у якой вылучаюцца здабыча нафты і марганцу, нарыхтоўка дзелавой драўніны. Нафтавы сектар дае 30% валавога ўнутр. прадукту (ВУП) і забяспечвае 80% экспартнай выручкі. Нафту і прыродны газ здабываюць пераважна на марскім шэльфе. Гадавая здабыча нафты каля 16 млн.т (1994), амаль уся яна экспартуецца. Здабываецца марганцавая руда (3-е месца ў свеце, каля 1,5 млн.т, 1994), золата і жал. руды. У 1994 вытв-сць уранавага канцэнтрату складала каля 600 т, нарыхтавана драўніны каштоўных парод каля 3 млн.м³, выпрацавана электраэнергіі каля 1 млрд.кВтгадз. У Габоне самы буйны ў Афрыцы з-д клеенай фанеры (у Порт-Жантылі), 2 нафтаперапр. з-ды (агульная магутнасць каля 2 млн.т за год), прадпрыемствы па вытв-сці цэменту, цэлюлозы, тэкстыльных і швейных вырабаў, невял. рачных і марскіх суднаў, пальмавага алею, піва, мыла, па абагачэнні урану, ачыстцы і сартаванні кавы, металарамонтныя майстэрні; традыцыйныя мясц. рамёствы — ганчарнае, ткацкае, кавальскае. Сельская гаспадарка дае каля 3% ВУП краіны, хоць з’яўляецца крыніцай даходаў для большасці насельніцтва. Пераважаюць прымітыўнае матычнае земляробства, дробныя паўнатуральныя гаспадаркі. На сельгасугоддзі прыпадае каля 0,5% пл. краіны. З харч. культур найб. значэнне маюць маніёк, кукуруза, ямс, бананы, гародніна. Гал. экспартныя прадукты — кава, какава, цукр. трыснёг, пальмавы алей, арахіс. Жывёлагадоўля амаль не развіта з-за абмежаванасці кармавой базы і распаўсюджанасці ў большасці раёнаў мухі цэцэ. Дапаможнае значэнне маюць акіянскае і рачное рыбалоўства, паляванне, збор дзікарослых пладоў алейнай пальмы, бананаў. Гал. від транспарту — аўтамабільны. Даўж. аўтадарог 7,5 тыс.км, з іх 560 км асфальтаваных. З 1987 дзейнічае трансгабонская чыгунка Лібрэвіль—Бове (даўж. 649 км). Даўж. суднаходных участкаў рэк 1600 км. Знешнія сувязі ажыццяўляюцца пераважна марскім шляхам. Гал. парты: Авенда, Порт-Жантыль, Лібрэвіль. У краіне 68 аэрапортаў і аэрадромаў, у т. л.міжнар. аэрапорт каля г. Лібрэвіль. Габон экспартуе нафту, марганец, драўніну, уран, імпартуе машыны, хім. і нафтавыя прадукты, тавары лёгкай і харч. прам-сці. Больш за палову гандл. абароту прыпадае на Францыю, інш.гандл. партнёры — ЗША, ФРГ, Японія, суседнія краіны. Грашовая адзінка — франк Афрыканскага фінансавага супольніцтва.