(Cecciarelli) Марыя Луіза; н. 3.11.1931, Рым], італьянская актрыса. Скончыла рымскую Акадэмію драм. мастацтва (1953). Працавала ў т-рах Рыма і Мілана. Вядомасць прынёс удзел у фільмах М.Антаніёні 1960-х г. («Прыгода», «Ноч», «Зацьменне», «Чырвоная пустыня»),
дзе актрыса стварыла новыя для зах.-еўрап. кіно вобразы жанчын з бурж. асяроддзя, якія пакутуюць з-за ўсеагульнага адчужэння, што ператвараецца з сац. хваробы ў псіхічную. Здымалася таксама ў камедыйных і муз. фільмах: «Дзяўчына з пісталетам» (у сав. пракаце «Не прамахніся, Асунта!»), «Гасцінічны нумар», «Флірт» і інш. Працуе ў т-ры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІЯ АЭРАПО́РТЫ,
агульная назва аэрапортаў мясц. значэння Мінск-1 і міжнар. Нацыянальнага аэрапорта Мінск. Аэрапорт Мінск-1 у межах Мінска, замыкае перспектыву вул. Чкалава з плошчай. Пабудаваны ў 1933. Уключае стары будынак аэравакзала (1946—57, арх. А.П.Воінаў, Г.Заборскі) і новы павільён (1976, арх. С.Баткоўскі, А.Серапян). Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя сіметрычнага 2-павярховага будынка аэравакзала складаецца з цэнтр.ч. і 2 бакавых крылаў. У архітэктуры будынка выкарыстаны формы класіцызму: 6-калонны порцік з боку плошчы, 2 сіметрычныя рызаліты з боку ўзлётна-пасадачнай паласы, бельведэр з каланадай карынфскага ордэра. Павільён — прамавугольны ў плане зашклёны на ўсю вышыню будынак з 2 сіметрычнымі ўваходамі, вылучанымі масіўнымі казыркамі. Нацыянальны аэрапорт Мінск — міжнар. аэрапорт 1-га класа каля г. Смалявічы Мінскай вобл. Забудоўваецца з 1977 паводле праекта ін-таў «Ленаэрапраект» (С.-Пецярбург) і «Мінскпраект» (арх. Б.Ларчанка, Ю.Грыгор’еў, Г.Сысоеў, Н.Цямнова). У комплексе збудаванняў — аэравакзал, камандна-дыспетчарскі пункт, гасцінічны комплекс, адм.-бытавы блок. Аэравакзал размешчаны ў дугападобным аб’ёме (даўж. больш за 500 м) — дэцэнтралізаванага тыпу, зоны адпраўлення і прыбыцця пасажыраў падзелены і знаходзяцца на розных узроўнях аб’ёму. Усе асн. памяшканні на 3 гал. паверхах дугападобнага аб’ёму, які завяршаецца тэхн. паверхам і камандна-дыспетчарскім пунктам. Да дугападобнага аб’ёму прымыкае гасцінічны комплекс, які мае сувязь з аперацыйнымі заламі аэравакзала. Аэрадром прызначаны для прыёму ўсіх тыпаў паветраных суднаў у складаных метэаўмовах. Увесь комплекс будуецца з каркасна-панэльных канструкцый, зборныя жалезабетонныя элементы распрацаваны паводле індывід. праектаў. Іл.гл. таксама да арт.Аэравакзал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́ТАМКА»,
коннаспартыўны комплекс; рэсп. цэнтр па конным спорце і конегадоўлі. Размешчаны ў пас.Ратамка Мінскага р-на. Аб’ядноўвае Мінскі конны з-д імя Даватара і Рэсп. дзіцяча-юнацкую школу алімп. рэзерву па конным спорце (з 1960). Гал. цэнтр падрыхтоўкі бел.нац. зборных каманд па конным спорце (выездка, канкур, трохбор’е і інш.). Праводзяцца міжнар. і рэсп. спаборніцтвы па конным спорце і сучасным пяцібор’і.
Комплекс уключае крыты коннаспарт. манеж (64 × 24 м) з трыбунамі на 150 месцаў, 2 трэніровачныя крытыя коннаспарт. манежы і выездкавы манеж, З адкрытыя манежы, канкурнае поле (140 × 100 м) з трыбунамі на 3 тыс. месцаў, 4 трэніровачныя канкурныя палі, трасу палявых выпрабаванняў па трохбор’і, трэніровачны скакавы круг, гасцінічны комплекс, прафілакторый, базу коннага пракату.