ГАСКО́НЬ

(Gascogne),

гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі, якая была заселена ў 6 ст. баскамі. З 602 Гасконь — герцагства, у 1036 далучана да Аквітаніі. У 1154—1453 належала англ. каралям, пасля Стогадовай вайны 1337—1453 адышла да Францыі. У 17—18 ст. разам з тэр. Гіень утварыла губернатарства Гіень і Гасконь (перастала існаваць у 1790 пасля падзелу Францыі на дэпартаменты). На тэр. Гасконі размешчаны дэпартаменты Жэр, Ланды, Верхнія Пірэнеі, часткова — Жыронда, Верхняя Гарона, Ло і Гарона, Тарн і Гарона, Ар’еж.

т. 5, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЮЕ́Н І ГАСКО́НЬ

(Guyenne et Gascogne),

гістарычная вобласць у Францыі, гл. Гіень і Гасконь.

т. 5, с. 554

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІЕ́НЬ І ГАСКО́НЬ,

Гюен і Гасконь (Guyenne et Gascogne), гістарычная вобласць на ПдЗ Францыі. Яе тэр. падзяляецца на 19 сучасных дэпартаментаў. Пл. каля 67 тыс. км². Нас. каля 4 млн. чал. (1994). Гал. горад — Бардо. Займае Гаронскую нізіну і прыбярэжную нізіну Ланды, на Пд — Пірэнеі, на ПнУч. Цэнтральнага масіву. Клімат умераны, вільготны. Здабыча нафты (дэпартамент Ланды) і газу (дэпартамент Гарона Верхняя). Развіты машынабудаванне (у т. л. судна- і авіябудаванне), нафтаперапрацоўка, электраметалургія, хім., тэкст., абутковая, лесаапр. і лесахім., харч. (у т. л. вінаробчая і мукамольная), папяровая прам-сць. Гал. цэнтры Бардо, Тулуза, Тарб. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу. Садоўніцтва, вінаградарства, агародніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак. Рыбалоўства, вустрычны промысел. Горныя і прыморскія курорты. Пірэнеі — раён турызму і зімовага спорту. Горад Лурд — цэнтр рэліг. паломніцтва.

т. 5, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРДО́

(Bordeaux),

горад на ПдЗ Францыі. Адм. ц. дэпартамента Жыронда і гал. горад гіст. вобласці Гіень і Гасконь, на р. Гарона, за 97 км ад Біскайскага зал. Вядомы яшчэ да рымскага заваявання Галіі ў 1 ст. да нашай эры. 213 тыс. ж., з прыгарадамі 686 тыс. ж. (1990). Буйны порт, даступны для марскіх суднаў (аванпарты Паяк, Вердон і інш.), Міжнар. аэрапорт. Нафтаперапрацоўка, судна- і авіябудаванне, агульнае машынабудаванне, металург., хім., тэкст., дрэваапр. прам-сць, харч. прадпрыемствы (цукр., шакаладныя, кансервавыя і інш.). Вінаробства. Ун-ты (старэйшы з 1441), вышэйшыя школы выяўл. мастацтва (1712) і марская (1613). Музей выяўл. мастацтваў і інш. Шматлікія арх. помнікі 11—18 ст., у тым ліку раманска-гатычны сабор Сент-Андрэ (12—14 ст.).

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́СКАЎ КРАІ́НА

(баскскае Эўскады, ісп. Vascongadas),

Басконія, аўтаномная вобласць на Пн Іспаніі, у Кантабрыйскіх гарах, каля ўзбярэжжа Біскайскага зал. Пл. 7,3 тыс. км². Нас. 2,2 млн. чал. (1989), пераважна баскі, а таксама іспанцы. Уключае правінцыі Алава, Біская, Гіпускаа. Адм. ц.г. Віторыя.

Рэльеф горны і ўзгорысты. Ёсць радовішчы жал., свінцовых і цынкавых рудаў. Клімат умераны, марскі. Лясы шыракалістыя (бук, дуб, каштан). Цяжкая і здабыўная прам-сць. Развіты металургія (выплаўка чыгуну, сталі, каляровых металаў, вытв-сць пракату), металаапрацоўка і машынабудаванне (судна- і станкабудаванне, вытв-сць чыгуначнага і электраабсталявання, пад’ёмнікаў, узбраення). Ёсць хім. (вытв-сць кіслотаў, угнаенняў, пластмасаў, коксахімія), папяровая, цэм., харч. прам-сць. Гал. прамысл. цэнтры — Більбао і Сан-Себасцьян. У прыморскіх раёнах развіта жывёлагадоўля, на Пд — земляробства. Вінаградарства і вінаробства. Рыбалоўны промысел. Прыморскія курорты з цэнтрам у г. Сан-Себасцьян.

У 1 ст. да нашай эры — сярэдзіне 5 ст. нашай эры тэрыторыя, заселеная продкамі баскаў (прыкладна сучасная ісп. прав. Навара), намінальна знаходзілася пад уладай рымлян і атрымала ад іх назву Васконія. Пад націскам вестготаў каля 580 частка баскаў перасялілася ў Франкскую дзяржаву, дзе ўтварыла герцагства Гасконь. У час барацьбы супраць маўраў (гл. Рэканкіста) узнікла некалькі баскскіх графстваў, цэнтральным з якіх стала Навара (з 10 ст. каралеўства). У 11—15 ст. уладанні баскаў падпарадкаваліся Навары і Кастыліі, у канцы 15 — пач. 16 ст. ўвайшлі ў адзіную ісп. дзяржаву і да 1876 захоўвалі некаторую аўтаномію (гл. Фуэрас). Пасля перамогі ў Іспаніі Нар. фронту ў 1936 створаны аўт. раён, названы Краінай Баскаў (у 1939 з падзеннем рэспублікі і ўсталяваннем дыктатуры Ф.Франка страціў сваё самакіраванне). З 1960-х г. у Іспаніі ўзмацніўся рух баскаў за аўтаномію, у т. л. тэрарыстычная дзейнасць падп. арг-цыі ЭТА (засн. ў 1959), у выніку якой у 1968—сярэдзіне 1995 загінулі каля 850 чал. Пасля падзення рэжыму Франка ў адпаведнасці з новай ісп. канстытуцыяй 1978 Баскаў краіна атрымала часовую, а са студз. 1980 пастаянную аўтаномію.

У.Я.Калаткоў (гісторыя).

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)