Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КІРУ́НКІ СВЕ́ТУ, стораны гарызонта,
4 гал. пункты гарызонта — поўнач, поўдзень, усход і захад. Абазначаюцца літарамі Пн (N), Пд (S), У (O або E), З (W). Часам К.с. наз. таксама адпаведныя чвэрці гарызонта: паўн., паўд., усх. і заходнюю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВІЯГАРЫЗО́НТ,
пілатажна-навігацыйная прылада, якая паказвае становішча падоўжнай і папярочнай восяў лятальнага апарата адносна сапраўднага гарызонта. Асн. часткі авіягарызонта: гіраскоп, які захоўвае нязменнае становішча сваёй восі ў прасторы, і маятнікавая сістэма карэкцыі, якая ліквідуе адхіленні восі ротара гіраскопа ад праўдзівай вертыкалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎДЗЁННАЯ ЛІ́НІЯ,
лінія перасячэння плоскасці нябеснага мерыдыяна з плоскасцю матэм.гарызонта. На перасячэнні з нябеснай сферай дае пункты Пн і Пд. Уздоўж П.л. падае цень у сапраўдны поўдзень. Напрамак П.л. супадае з напрамкам геагр. мерыдыяна ў дадзеным пункце паверхні Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВОСЬ СВЕ́ТУ,
уяўная прамая лінія, якая праходзіць праз цэнтр нябеснай сферы паралельна восі вярчэння Зямлі (гл.Зямная вось). Вакол восі свету адбываецца бачнае вярчэнне нябеснай сферы. Пункты перасячэння нябеснай сферы з воссю свету наз.Паўн. і Паўд. полюсамі свету. Вугал паміж воссю свету і плоскасцю гарызонта раўняецца значэнню геагр. шыраты месца назірання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́ЧНЕВЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, што ўтвараюцца ў горных раёнах пад покрывам сухіх вечназялёных лясоў і хмызнякоў ва ўмовах папераменна-вільготнага субтрапічнага клімату. Маюць карычневую афарбоўку, якая ўнізе паступова святлее. Асн. падтыпы: вышчалачаныя, тыповыя і карычневыя карбанатныя. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Закаўказзі, Паўн. Афрыцы, Амерыцы.
Характарызуюцца непрамыўным тыпам воднага рэжыму, значным агліненнем (на 30—60 см), насычанасцю кальцыем, нейтральнай рэакцыяй. Магутнасць гумусавага гарызонта 30—40 см. Выкарыстоўваюцца пад пасевы збожжавых, сады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЕ-САСНО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ,
у Светлагорскім р-не Гомельскай вобл., за 18 км на ПдЗ ад г. Светлагорск. Уваходзіць у Прыпяцкі нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1984, распрацоўваецца з 1988. Паклады нафты пл. каля 2,2 км² прымеркаваны да міжсалявых адкладаў верхняга дэвону на Пн Прыпяцкага прагіну ў межах Рэчыцка-Вішанскай тэктанічнай зоны. Глыб. залягання нафтаноснага гарызонта 2812 м. Пароды-калектары — порыста-кавернозна-трэшчынаватыя вапнякі і даламіты. Нафта лёгкая, малавязкая, маласярністая, маласмалістая, сярэднепарафінавая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАРА́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН,
у Буда-Кашалёўскім р-не Гомельскай вобл., каля пас. Зара. Пластавы паклад звязаны з адкладамі антопальскага гарызонта неагену. Гліны светла-шэрыя алеўрытавыя каалініт-мантмарыланітавыя (верхні слой), жаўтавата-белыя пескавата-алеўрыцістыя каалінітавыя (сярэдні), стракатакаляровыя пясчаныя каалінітавыя (ніжні), высокапластычныя, тонкадысперсныя, шчыльныя. Разведаныя запасы 5 млн.м³, перспектыўныя 0,6 млн.м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,5—11,2 м, ускрышы 1,8—6 м. Гліны прыдатныя на вытв-сць аглапарыту, цэменту (у сумесі з фосфагіпсам), на выраб цэглы і дрэнажных труб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯБЕ́СНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,
велічыні, заданнем якіх вызначаецца становішча свяціл і дапаможных пунктаў на нябеснай сферы. Усе сістэмы Н.к. сферычныя; адрозніваюцца выбарам асн. плоскасці і полюса. Вымяраюцца ў дугавых ці гадзінных адзінках.
У гарызантальнай сістэмеасн. плоскасцю служыць плоскасць матэм.гарызонта NmS, полюсам — зеніт Z месца назірання. Зенітная адлегласць z (1-я каардыната) — дуга ZM верт. круга ад зеніту да свяціла; заўсёды дадатная, прымае значэнні ад 0° (для пункта зеніту) да 180° (для пункта надзіра). Замест z можна задаваць вышыню свяціла h — дугу mM вял.верт. круга ад матэм.гарызонта да свяціла; адлічваецца ад плоскасці гарызонта са знакам «+» у бачным паўшар’і нябеснай сферы і са знакам «−» — у нябачным (пад гарызонтам); прымае значэнні ад 0° да ±90°. Азімут A (2-я каардыната) — дуга Sm матэм.гарызонта ад пункта поўдня S да верт. круга, які праходзіць праз свяціла; вызначае становішча самога круга; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы — на З ад пункта поўдня, у межах 0+360°. Сістэма выкарыстоўваецца для непасрэднага вызначэння бачнага становішча свяціл пры дапамозе вугламерных інструментаў. У экватарыяльнай сістэме (1-я і 2-я) асн. плоскасць — плоскасць нябеснага экватара Q γ Q′, полюс — полюс свету Р. Каардынаты 1-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ — дуга mM гадзіннага круга ад нябеснага экватара да свяціла; адлічваецца ад 0° да +90° да паўн. полюса і ад 0° да -90° да паўд. полюса; часам замест схілення задаюць палярную адлегласць p — дугу PM гадзіннага круга ад полюса да свяціла (р = 90°−δ); гадзінны вугал t — дуга Qm нябеснага экватара ад верхняга пункта Q (напрамак на Пд) да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы (на З ад пункта Q) у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца ў практычнай астраноміі для вызначэння дакладнага часу. Каардынаты 2-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ і прамое ўзыходжанне α — дуга γm нябеснага экватара ад пункта веснавога раўнадзенства да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў процілеглы сутачнаму вярчэнню нябеснай сферы бок у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца для вызначэння зорных каардынат і складання каталогаў. Экліптычная сістэма: асн. плоскасць — плоскасць экліптыкі E γ E′, полюс — полюс экліптыкі П. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт П вял. круг — круг шыраты свяціла. Яго дуга LM ад экліптыкі да свяціла наз.экліптычнай шыратой β (1-я каардыната), адлічваецца ад экліптыкі ў напрамку яе Паўн. (са знакам «+») і Паўд. (са знакам «−») полюсаў. 2-я каардыната — экліптычная даўгата λ — дуга γL экліптыкі ад пункта веснавога раўнадзенства γ да круга шыраты свяціла; адлічваецца ў напрамку гадавога руху Сонца ў межах 0÷360° Каардынаты β і λ пунктаў нябеснай сферы не мяняюцца на працягу сутак і не залежаць ад месца назірання. У галактычнай сістэмеасн. плоскасць праходзіць праз цэнтр Галактыкі паралельна плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху; яна перасякае нябесную сферу па лініі галактычнага экватара BLB′; полюс — полюс Г адпаведнага вял. круга нябеснай сферы. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт Г вял. круг — круг галактычнай шыраты. Дуга LM гэтага круга ад галактычнага экватара да свяціла наз.галактычнай шыратой b (1-я каардыната); прымае значэнні ад 0° да + 90° (знак «−» адпавядае шыротам паўшар’я, дзе знаходзіцца Паўд. полюс свету). 2-я каардыната — галактычная даўгата l — дуга DL галактычнага экватара, якая адлічваецца ад пункта D перасячэння яго нябесным экватарам да круга галактычнай шыраты свяціла ў напрамку нарастаючых прамых узыходжанняў; прымае значэнні 0÷360° Экліптычныя і галактычныя каардынаты атрымліваюцца вылічэннем з экватарыяльных, якія вызначаюцца, як і гарызантальныя, непасрэдна з астр. назіранняў.
А.А.Шымбалёу.
Гарызантальная сістэма нябесных каардынат.Экватарыяльная сістэма нябесных каардынат.Экліптычная сістэма нябесных каардынат.Галактычная сістэма нябесных каардынат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРНО́ВА-ПАДЗО́ЛІСТЫЯ ГЛЕ́БЫ,
тып глеб, якія фарміруюцца пад хвойна-шыракалістымі і хвойна-драбналістымі лясамі ва ўмовах прамыўнога воднага рэжыму. Належаць да аўтаморфных глеб. Пашыраны на Пд лясной зоны Усх.-Еўрап. і Зах.-Сібірскай раўнін. На тэр. Беларусі найб. пашыраны тып глеб, размешчаны вял. масівамі ва ўсіх яе частках, пераважна на павышаных элементах рэльефу (у паніжаных пераважаюць дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы). Асн. плошча ворных зямель размешчана на супесках і пясках. Значная частка Дз.-п.г. мае мала гумусу (да 2%) і пажыўных рэчываў, дрэнную аэрацыю і нетрывалую структуру, невысокую насычанасць асновамі. Іх урадлівасць павышаюць паглыбленнем ворнага гарызонта і паляпшэннем яго структуры, вапнаваннем глебы, унясеннем мінер., арган. і зялёных угнаенняў, мікраэлементаў, увядзеннем правільных севазваротаў.