ГА́РПЕ (Васіль Іванавіч) (1765, Эстонія — 3.3.1814),

расійскі ваенны дзеяч. Ген.-м. (1812). На ваен. службе з 1781. Удзельнік рус.-швед. вайны 1788—90, польскіх кампаній 1792 і 1794, рус.-аўстра-франц. 1805, рус.-тур. 1806—12 і рус.-швед. 1808—09 войнаў. У вайну 1812 камандзір 1-й брыгады 14-й пях. дывізіі 1-га корпуса П.Х.Вітгенштэйна. Удзельнік Клясціцкага бою 1812, баёў каля Полацка (жн. і кастр.) і інш. Найб. вызначыўся ў баях 7.11.1812 пры вызваленні Віцебска ад французаў (гл. Віцебскія баі 1812) і 27.11.1812 пад Барысавам, дзе была захоплена ў палон франц. дывізія разам з камандзірам. У 1813 удзельнічаў у замежных паходах рус. арміі ў Германіі. У Лейпцыгскай бітве 16—19.10.1813 цяжка паранены, у выніку чаго пазней памёр.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 5, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.​І.​Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.​П.​Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.​І.​Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.​А.​Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́СЛА-О́ДЭРСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,

наступальная аперацыя войск Сав. Арміі ў міжрэччы Віслы і Одэра 12 студз. — 3 лютага; састаўная частка стратэгічнага наступлення па завяршэнні разгрому ням.-фаш. войск у 2-ю сусв. вайну.

Удзельнічалі войскі 1-га Бел. (Маршал Сав. Саюза Г.​К.​Жукаў), 1-га Укр. (Маршал Сав. Саюза І.​С.​Конеў) франтоў (1,5 млн. чал. у баявых часцях, больш за 37 тыс. гармат і мінамётаў, больш за 7 тыс. танкаў і самаходна-артыл. установак, 5047 самалётаў), левы фланг 2-га Бел. (Маршал Сав. Саюза К.​К.​Ракасоўскі) і правы фланг 4-га Укр. (ген. арміі І.​Я.​Пятроў) франтоў, Чэхаславацкі корпус (ген.-л. Л.​Свобада), 1-я армія Войска Польскага (ген.-л. С.​Паплаўскі).

На Варшаўска-Берлінскім напрамку герм. камандаванне стварыла 7 абарончых рубяжоў глыбінёй да 600 км, сканцэнтравала групу армій «А» (ген.-палк. І.​Гарпе), з 26 студз. «Цэнтр» (ген.-палк. Ф.​Шорнер). Варожая групоўка з 3 армій (28 дывізій і 2 брыгады) налічвала каля 400 тыс. чал., 4103 гарматы, 1136 танкаў, 270 самалётаў.

Наступленне сав. войск планавалася на 20 студз. У сувязі з прарывам ням.-фаш. арміяй фронту ў Ардэнах (гл. Ардэнская аперацыя 1944—45) 1-ы Укр. фронт пачаў наступаць 12 студз. з Сандамірскага плацдарма на г. Брэслаў (Вроцлаў). 17 студз. вызвалена Варшава, 19 студз. — Кракаў. 1-ы Бел. фронт прарваў пазнанскі рубеж абароны і да 25 студз. выйшаў да б. герм.-польск. граніцы. 1-ы Укр. фронт 20—23 студз. ўступіў на тэр. Германіі і 25 студз. выйшаў да Одэра. Сав. войскі авалодалі Сілезскім прамысл. раёнам, акружылі варожыя групоўкі ў Познані, Шнайдэмюлі (Піла) і ўсім фронтам выйшлі да Одэра. У ходзе Вісла-Одэрскай аперацыі сав. войскамі вызвалена Польшча, значная ч. Чэхаславакіі; знішчана 35 дывізій ворага, а 25 дывізій страцілі ад 50 да 70% асабовага складу, узята ў палон каля 150 тыс. чалавек.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬВО́ЎСКА-САНДАМІ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944,

стратэгічныя наступальныя дзеянні войск 1-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў) па вызваленні Зах. Украіны і Паўд.-Усх. Польшчы 13.7—29.8.1944 у Вял. Айч. вайну. 1-му Укр. фронту (налічваў 1,2 млн. чал., 13,9 тыс. гармат і мінамётаў, каля 2,2 тыс. танкаў і самаходных артыл. установак, каля 3 тыс. самалётаў) процістаяла ням.-фаш. групоўка армій «Паўн. Украіна» (ген.-палк. І.​Гарпе), якая мела больш за 600 тыс. чал. (з часцямі тылу 900 тыс. чал.), 6,3 тыс. гармат і мінамётаў, 900 танкаў і штурмавых гармат, 700 самалётаў. Сав. камандаванне планавала нанесці 2 моцныя ўдары па праціўніку і прарваць яго фронт на 2 напрамках. На 1-м этапе аперацыі (13—27 ліп.) сав. войскі прарваліся на Рава-Рускім і Львоўскім напрамках, акружылі і ліквідавалі 8 дывізій ворага, фарсіравалі р. Сан, вызвалілі гарады Рава-Руская, Львоў, Перамышль, Станіслаў (цяпер Івана-Франкоўск), прасунуліся на гал. напрамку на 200—220 км. На 2-м этапе (28 ліп. — 29 жн.) войскі 1-га Укр. фронту дзейнічалі на Сандамірскім напрамку, 29 ліп. — 1 жн. фарсіравалі р. Вісла, 3 жн. захапілі плацдарм на Пд ад г. Сандамір. Адбіўшы шэраг контратак і контрудараў ням. войск, сав. часці да 30 жн. пашырылі і паглыбілі (да 75 км па фронце і да 60 км у глыбіню) плацдарм, стварылі перадумовы для будучага наступлення на Сілезскім напрамку (гл. Вісла-Одэрская аперацыя 1945). У час Л.-С.а. сярод інш. воінаў вызначыліся афіцэры-беларусы А.Ц.Краўцоў, І.І.Якубоўскі і інш.

Літ.:

Полушкин М.А. На Сандомирском направлении: Львовско-Сандомирская операция: (июль—авг. 1944). М., 1969;

Бродовский котел: Воспоминания. Очерки. Документы. Львов, 1974;

От Западного Буга до Вислы: Очерки. Воспоминания. Документы. Львов, 1985;

Конев И.С. Записки командующего фронтом, 1943—1945. 4 изд. М., 1985.

У.​Я.​Калаткоў, В.​А.​Юшкевіч.

т. 9, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)