стыль у архітэктуры і мастацтве 1-й трэці 19 ст., які завяршыў развіццё класіцызму.
Зарадзіўся ў Францыі на пач. 19 ст. Як і класіцызм, арыентаваўся на ўзоры ант. мастацтва Грэцыі і Рыма, аднак пошукі зграбнай простай формы і дэкору паступова змяняліся імкненнем да іх лапідарнасці і манум. выразнасці. Асн. элементамі арх. кампазіцыі былі масіўныя порцікі (найчасцей дарычнага і тасканскага ордэраў), у арх. дэталях і дэкоры пераважала ваенная эмблематыка (ліктарскія звязкі, воінскія даспехі, лаўровыя вянкі, арлы і інш.). У ампіры адчуваюцца і асобныя стараж.-егіпецкія арх. і пластычныя матывы (вял. нерасчлянёныя плоскасці сцен і пілонаў, масіўныя геам. аб’ёмы, егіпецкі арнамент, стылізаваныя сфінксы, ільвы, гермы, грыфоны). У перыяд імперыі Напалеона І (1804—15) пашырылася буд-ва мемарыяльных манум. збудаванняў: трыумфальных арак (арка на пл. дэ Голя ў Парыжы, 1806—37, арх. Ж.Ф.Шальгрэн), памятных калон і інш. У аддзелцы парадных інтэр’ераў палацаў і атэляў (Мальмезон, Фантэбло, Багарнэ ў Парыжы, перабудаваных арх. Ш.Персье і П.Фантэнам) матывы егіп. рэльефаў, этрускіх вазаў, грэч. і рым. дэкору сугучныя ампірнай мэблі Ф.А.Жакоба, стылізаванай пад абсталяванне багатага стараж.-рым. дома. У розных краінах Еўропы ампір набыў выразныя нац. рысы. У Расіі стаў выразнікам ідэі дзярж. незалежнасці, якую народ адстаяў у вайне 1812. Выдатнымі творамі рус. ампіру з’яўляюцца будынкі Адміралцейства (1806—23, арх. А.Захараў), Горнага ін-та (1806, арх. А.Вараніхін), Біржы (1805—10, арх. Тама дэ Тамон) — усе ў Пецярбургу; помнікі Мініну і Пажарскаму (1804—18, скульпт. І.Мартас), шэраг асабнякоў, пабудаваных арх. А.Грыгор’евым у Маскве.
У бел. дойлідстве стыль ампір развіваўся пад моцным уплывам рус. архітэктуры. Для будынкаў характэрныя масіўныя кубападобныя аб’ёмы з вял. гладкімі плоскасцямі, з якімі кантрастуюць дэкар. элементы ў выглядзе арнаментаваных панэляў, фрызаў, медальёнаў, разетак, выяў людзей і г.д. Аб’ёмна-прасторавая кампазіцыя вылучаецца строгай прасторай формаў, статычнасцю і манументальнасцю, геам. выразнасцю чляненняў. Нярэдка класічныя ордэрныя элементы перапрацоўваліся ў адпаведнасці з новымі маст. поглядамі, напр., у завяршэнні порцікаў выкарыстоўвалі прамавугольныя або ступеньчатыя атыкі, калоны пераважна дарычнага або тасканскага ордэраў пазбаўлялі энтазіса (патаўшчэння ствала калоны), базы, парушалі іх класічныя прапорцыі (Сноўскі палацава-паркавы ансамбль, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, «Дом паляўнічага» ў Гомелі, 1809—19, арх. Дж.Кларк; асабняк у Слоніме, капліца каля в. Мілавіды Баранавіцкага р-на). У кампазіцыі дамінуе порцік або франтон на гал. фасадзе (жылы дом у Гродне на вул. Замкавай, 16), бельведэр (палац Жамыслаўскай сядзібы). Важнае маст. значэнне набыло афармленне ўваходных дзвярэй глухой разьбой. Фасады будынкаў афармляліся барэльефнымі выявамі вайсковых атрыбутаў (палац у Нясвіжскім замку). У інтэр’еры палацаў выкарыстоўваліся буйныя фрызы і панэлі з барэльефнымі кампазіцыямі (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль), каларыстычнае вырашэнне інтэр’ера грунтавалася на кантрасце інтэнсіўнага па колеры фону сцен і светлай столі, мармуровых дэталяў аддзелкі камінаў, ліштваў. Важную ролю ў маст. вырашэнні інтэр’ера адыгрывалі творы дэкар.-прыкладнога мастацтва (мэбля, гадзіннікі, падсвечнікі і інш.). Прадстаўнікі ампіру надавалі вял. значэнне малым арх. формам (фантан сядзібы ў г.п. Нароўля, брамы сядзібы ў в. Барбароў Мазырскага і г. Давыд-Гарадок Столінскага, надмагілле А.Снядэцкага ў в.Гароднікі Ашмянскага р-наў, лаўка на Трышынскіх могілках у Брэсце і інш.). Для твораў дэкар.-прыкладнога мастацтва ампіру характэрна статычная маналітная форма, з якой кантрастуе пластыка-дэкар. аддзелка ў выглядзе арнаментальных уставак. У мэблі апорам канап, крэслаў, сталоў надаваліся формы калон, канеліраваных слупоў, яны дэкарыраваліся выявамі грыфонаў, лебедзяў, ільвоў і інш. Цікавы ўзор дэкар. мастацтва стылю ампір — камін з выявамі карыятыдаў (пач. 20 ст.) у жылым доме ў Бабруйску на вул. Пушкіна, 211. У сярэдзіне 19 ст. ампір пачаў змяняцца рознымі эклектычнымі плынямі.
Літ.:
Некрасов А.Н. Русский ампир. М., 1935;
Isermeyer Ch.-A. Empire. München, 1977.
А.М.Кулагін.
Да арт. Ампір. Гадзіннік. 19 ст. Гомельскі абласны краязнаўчы музей.Да арт. Ампір. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя ў Парыжы. Арх. Ж.Ф.Шальгрэн. 1806—37.Да арт. Ампір. Надмагілле А.Снядэцкага ў вёсцы Гароднікі Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці. 19 ст.Да арт. Ампір. Салон пораў года атэля Багарнэ ў Парыжы. 1804—06.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШМЯ́НСКІ РАЁН,
на ПнУ Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,2 тыс.км² . Нас. 38,5 тыс.чал. (1995), гарадскога 41,3%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал/км². Цэнтр — г.Ашмяны; 375 сельскіх населеных пунктаў. 11 сельсаветаў: Барунскі, Гальшанскі, Граўжышкаўскі, Гродзінскі, Жупранскі, Кальчунскі, Каменналогскі, Крайванцаўскі, Муравана-Ашмянкаўскі, Навасёлкаўскі, Семярніцкі.
Раён размешчаны ў межах Ашмянскага узвышша. Пераважаюць выш. 220—250 м над узр. м., найвыш. пункт 311 м (каля в. Цюпішкі). Карысныя выкапні: торф, гліна, пясчана-жвіровы матэрыял. Сярэдняя т-ра студз. -6,6 °C, ліп. 17,1 °C. Ападкаў 605 мм за год. Вегетац. перыяд 190 сут. Рэкі: Ашмянка, Альшанка, Клява. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, дзярнова-падзолістыя забалочаныя. Пад лясамі 34,5% тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды, растуць бяроза, асіна, вольха, дуб. Агульная пл. балотаў 7,3 тыс.га (часткова асушаны).
На 1.1.1996 агульная пл.с.-г. Угоддзяў 65,7 тыс.га, з іх асушана 8,4 тыс.га. У раёне 11 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — ільнаводства, малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу, рапс, гародніну. Развіта харч. (сыраробная, крухмальная, мясная, малочная — сухое абястлушчанае малако) прам-сць, металаапрацоўка (дакладнае ліццё і інструментальная вытв-сць), прыладабудаванне (радыётэхніка), лёгкая (тэкст. — ільновалакно, абутковая), камбікормавая і дражджавая прам-сць; вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цэгла, жвіра-пясчаная сумесь), торфабрыкету. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Мінск—Вільнюс, аўтадарогі Мінск—Вільнюс і Астравец—Гродна. У раёне сельгастэхнікум, ПТВ, 14 сярэдніх, 13 базавых, 11 пач. і 1 спец., дзіцячая спарт. школы, 19 дашкольных устаноў, 6 бальнічных устаноў. Санаторый «Ашмяны», дзіцячы аздараўленчы лагер «Дружба». Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.Багушэвіча і філіял Нац. мастацкага музея Беларусі ў в. Гальшаны. Помнікі архітэктуры: манастыр базыльянаў (18 ст.) у в. Баруны, кляштар францысканцаў (17 ст.) і руіны замка (канец 16 — пач. 17 ст.) у в. Гальшаны, царква (19 ст.) у в.Гароднікі, Георгіеўскі касцёл (канец 18 — пач. 19 ст.) у в. Граўжышкі, Петрапаўлаўскі касцёл (19 ст.) у в. Жупраны, сядзіба (19 ст.) у в. Мікалаеўшчына, будынак друкарні (канец 18 — пач. 19 ст.) і касцёл Дзевы Марыі (канец 16 ст.) у в. Мураваная Ашмянка. Выдаецца газ. «Ашмянскі веснік».