Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БУ́ТАЎТ-АНДРАЙКО́ВІЧ (Марыя Магдалена Эліза) (22.7.1852, в. Баландзічы Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 1933),
бел. жывапісец. Вучылася ў Рызе ў манахаў А.Лізен-Маўэра і М.Адама, у 1875—76 — у Італіі. Чл. Літоўскага т-ва мастакоў у Вільні (1907). З 1881 жыла ў сваім маёнтку Гарнастаевічы (Свіслацкі р-н) і ў Варшаве, дзе выкладала на маст. курсах для жанчын. З-за хваробы вачэй у канцы 1880-х г. спыніла творчую дзейнасць. Працавала пераважна ў гіст. жанры, пісала карціны і на рэліг. сюжэты: «Ян Каханоўскі над астанкамі Уршулі» (1876), «Кардынал Ян Медзічы з Пампеніем Лаэтам на рымскіх раскопках» (1877), «Хрыстос вылечвае сляпога» (1878), «Міласэрнасць каралевы Ядвігі» (1884) і інш. Займалася таксама асветнай дзейнасцю і філантропіяй, адна з першых збіральніц твораў нар. мастацтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́РАЗАЎСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры сярэдзіны 19 ст. ў г.п. Поразава Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл. Размешчана каля дарогі на в.Гарнастаевічы. У ансамбль уваходзяць сядзібны дом і парк. Сядзібны дом — прамавугольны ў плане будынак, накрыты высокім ламаным дахам. У архітэктуры будынка спалучаюцца рысы барока і класіцызму. Дом пастаўлены на падмурку з драўляных брусоў. Тры рызаліты (над сярэднім — мансарда) вылучаны на гал. фасадзе выступамі, на паркавым — гранёнымі эркерамі з ламанымі шатровымі дахамі. Тарцы дома фланкіраваны 2 двухпавярховымі вежападобнымі алькежамі, завершанымі спічастымі шатровымі дахамі. Цэнтр. ўваход аформлены 4-слуповым ганкам. У аздобе фасадаў выкарыстана разьба (балясіны, валюты, ліштвы). Інтэр’еры не захаваліся. Парк рэгулярнай планіроўкі з сістэмай узаемна перпендыкулярных алей. Перад гал. фасадам дома размешчаны круглы партэр.