ПАЛО́ВЕЦ,

рака ў Віцебскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл., правы прыток р. Вымнянка (бас. р. Зах. Дзвіна). Даўж. 21 км. Пл. вадазбору 158 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Куракі Лёзненскага р-на, цячэ ў межах Віцебскага ўзвышша. Вусце за 500 м ад г.п. Янавічы Віцебскага р-на. У верхнім цячэнні называецца Гарна. Рэчышча на працягу 7,5 км уверх ад вусця каналізаванае.

т. 12, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТЫЛО́ПЫ,

групы жывёл атр. парнакапытных сям. пустарогіх за выключэннем быкоў, буйвалаў, казлоў і бараноў. Пашыраны ў Афрыцы, Еўразіі, Паўн. Амерыцы. 30 родаў, каля 80 відаў. Да роду антылоп (Antilope) належыць толькі індыйская антылопа гарна. У стэпах і саваннах Афрыкі жывуць буйныя каровіны антылопы — гну і бубалы, горная антылопа (Hippotragus niger). Паўпустыні і пустыні Афрыкі насяляюць конскія антылопы (Hippotragus), орыксы, адакс (Addax nasomaculatus). У пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі жывуць газелі, да якіх належаць джэйран і дзерэн. Спосаб жыцця стадны. Многія занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Выш. ў карку ад 25 см (карлікавыя антылопы — Neotraginae) да 180 см (антылопа Кана — Taurotragus oryx), маса ад 8 кг да 1000 кг. Рогі прамыя і кароткія (ад 1,5 см) або доўгія (да 150 см) і выгнутыя ў выглядзе дугі або штопара. Афарбоўка ад светлай жоўта-пясчанай да шэра-блакітнай або амаль чорнай. Нараджаюць 1—3 цялят. Кормяцца травяністай расліннасцю, радзей лісцем дрэў. Аб’екты палявання; выкарыстоўваюцца мяса, скура, рогі.

Антылопы: 1 — шаблярогі орыкс; 2 — адакс; 3 — орыкс; 4 — чорная; 5 — конская.

т. 1, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)