Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ФА́БРЫКА МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ Створана ў 1948 у г. Маладзечна Мінскай вобл. на базе камбіната быт. абслугоўвання як арцель «Чырвоны партызан» па рамонце язычковых муз. інструментаў (баяны, акардэоны, гармонікі). З 1950 пачала вырабляць гармонікі. З 1954 — сучасная назва. У 1955 здадзены ў эксплуатацыю гал.вытв. корпус, цэх футляраў. У 1977—85 у ВА «Белмузпрам». Асн. прадукцыя (1999): баяны (тыпу «Юпітэр») канцэртныя і гармонікі, дзіцячая мэбля, кухні «Маладзечна», сталы, табурэткі, крэслы, рабочае месца камп’ютэра, камплект дзіцяча-юнацкага пакоя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРМО́НІК (ад грэч. harmonikos сугучны, стройны, зладжаны),
ручны, клавішна-пнеўматычны муз. інструмент класа духавых язычковых. Складаецца з гукавытворчай механікі (планкі са стальнымі язычкамі, рэзанатары і клавішны механізм), корпуса (2 драўляныя рамы, злучаныя мехам) і меха (паветр. рэзервуар). Вылучаецца насычанасцю і разнастайнасцю тэмбравых і дынамічных гукавых фарбаў, багаццем выразных і тэхн. магчымасцей. Створаны ў 1822 у Германіі (удасканалены ў 1829 у Вене), хутка пашырыўся ў многіх краінах свету, зазнаўшы ўздзеянне пэўных этнічных традыцый. Існуе ў розных відах і мае розныя сістэмы. Акрамя гармоніка ручнога (у т. л. канцэрціна, баян, акардэон) вядомы таксама нажныя (у т. л. фісгармонія) і губныя гармонікі. На Беларусі з 2-й пал. 19 ст.найб. пашыраны ручныя гармонікі «венка» і «хромка», з пач. 20 ст. — педалёўка (паветра ў мех напампоўваецца з дапамогай нажной педалі). У сістэме нар.муз. інструментарыя гармонік займае вядучае становішча. Выкарыстоўваецца ў самадз. і прафес. практыцы (сольнай, ансамблевай і аркестравай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУБНЫ́ ГАРМО́НІК,
духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з комплексу метал. язычкоў, замацаваных на абодвух баках планкі, да якой прылягае драўляная або пластмасавая пласцінка з проразямі; праз іх струмень паветра трапляе на язычкі. У кожным канале 2 галасы, адзін з якіх гучыць пры выдыху, другі — пры ўдыху. Існуюць з сярэдзіны 19 ст., найб. пашыраны ў краінах Цэнтр. Еўропы. Вядомы губныя гармонікі розных сістэм з рознымі дыяпазонамі (1—3 актавы), з храматычным гукарадам, з клавішамі і інш.Найб. пашыраны ў строях С, G, F, а.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫ́ЧНЫХ ІНСТРУМЕ́НТАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна мясцовай прам-сці Беларусі па выпуску муз. інструментаў і дэталей да іх. Муз. інструменты з даўніх часоў выраблялі майстры-ўмельцы. У 1920—30-я г. наладжана іх прамысл.вытв-сць. У 1999 дзейнічаюць прадпрыемствы, якія ўваходзяць у Беларускае вытворчае аб’яднанне музычных інструментаў, у т. л.Барысаўская фабрыка піяніна (галаўное прадпрыемства аб’яднання), Бобрскі з-дмуз. дэталей (Крупскі р-н), а таксама Маладзечанская фабрыка музычных інструментаў. Асн. прадукцыя: піяніна, цымбалы, баяны, акардэоны, гармонікі, акустычныя гітары і электрагітары. дзіцячыя муз. цацкі. Вырабляюцца таксама індывід.муз. інструменты, у асноўным скрыпічныя. Найб. вядомыя муз. інструменты, створаныя бел. майстрамі: В.В.Богданам з Вілейскага, Б.П.Круглым з Лідскага, І.М.Карнеем з Смаргонскага, М.М.Міронам з Дзяржынскага р-наў, У.А.Крайко з Мінска, М.П.Такушэвічам з г. Маладзечна і інш.
Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Участак зборкі электрагітар на Беларускім вытворчым аб’яднанні музычных інструментаў у г. Барысаў.Да арт.Музычных інструментаў вытворчасць. Гатовая прадукцыя Маладзечанскай фабрыкі музычных інструментаў.