ГАРГО́НЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі жанчыны-пачвары. Вызначаліся жахлівым выглядам: крылатыя, укрытыя луской, са змеямі замест валасоў, з ікламі, з поглядам, які ператварае ўсё жывое ў камень. Іх тры, старэйшыя бессмяротныя, малодшая, Медуза, смяротная. Персей адсек ёй галаву, з крыві забітай нарадзіўся крылаты конь Пегас.

т. 5, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДУ́ЗА,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі малодшая і самая страшная з трох гаргон, сярод якіх толькі яна была смяротная. Як і інш. гаргоны, М. ператварала ў камень усё жывое, да чаго датыкаўся яе позірк. Персей адсек ёй галаву і аддаў яе Афіне. З крыві або з тулава М. нарадзіўся Пегас — плод яе сувязі з Пасейдонам. Іл. гл. пры арт. Гаргоны.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІУ́РЫ, змеяхвосткі (Ophiuroidea),

клас ігласкурых. 2 атрады: афіуры скураныя (Euryalae) і афіуры сучасныя (Ophiurae). Каля 2 тыс. відаў. Вядомы з ардовіку. Жывуць усюды на дне акіянаў і мораў ад літаралі да глыб. 8000 м. Найб. вядомыя афіура Сарса (Ophiura sarsi), афіура галава гаргоны (Gorgonocephalus caryi), афіура калючая змеяхвостка (Ophiopholis aculeata).

Даўж. з прамянямі ад некалькіх мм да 0,5 м. Цела дыскападобнае, дыяметрам да 10 см з 5 (радзей 10) гнуткімі доўгімі прамянямі. Большасць раздзельнаполыя. У некаторых афіур маляўкі выношваюцца ў вывадкавых сумках — бурсах. Усёедныя. Зрэдку ўтвараюць вял. скопішчы.

Афіуры: 1 — Сарса; 2 — галава гаргоны.

т. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)