Гарбукоў Міхаіл Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНО́ВЕРСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней.

Выведзена ў 19 ст. ў Германіі скрыжаваннем мясц. коней з чыстакроўнымі верхавымі і галштынскімі жарабцамі. Раней выкарыстоўвалі на с.-г. работах, больш лёгкіх коней — у кавалерыі; зараз (у т. л. на Беларусі) — у конным спорце і племянной рабоце.

Коні з вял., часта гарбаносай галавой, шырокай, мускулістай спінай і шыяй, шырокімі глыбокімі грудзямі і моцнымі канечнасцямі. Выш. ў карку 160—164 см. Масць — вараная, гнядая, бурая, шэрая. Вызначаюцца энергічным тэмпераментам, магутным скачком. Выкарыстоўваецца ў спаборніцтвах па пераадольванні перашкод і ў выездцы.

М.​А.​Гарбукоў.

Жарабец гановерскай пароды.

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТВІ́ЙСКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

парода, выведзеная ў Латвіі шляхам паляпшэння мясц. запражнога каня скрыжаваннем з зах.-еўрап. запражнымі пародамі (у асн. ардэнскай, гановерскай, альдэнбургскай, тракененскай). Зацверджана ў 1952. Выдзяляюць цяжкі (запражны) і лёгкі (спарт.) тыпы. На Беларусі выкарыстоўваюцца ў племянной рабоце і конным спорце.

Даўж. тулава каля 170, выш. ў карку да 162 см. Масць бурая, вараная, гнядая, цёмна-гнядая, рыжая, зрэдку шэрая. Корпус добра развіты, касцяк моцны. Галава сярэдняй велічыні, грудзі шырокія і глыбокія, карак высокі і доўгі. Ногі невысокія, моцныя, з развітым запясцем.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 9, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎСКАЯ ЦЯЖКАЗАПРАЖНА́Я ПАРО́ДА коней,

выведзена ў Літве на аснове жмудскага каня, палепшанага ардэнскай пародай. Зацверджана ў 1963. На Беларусі гадуюць на прадпрыемстве «Абухава» Гродзенскага р-на.

Выш. ў карку да 158 см, даўж. тулава да 164 см, абхват грудзей да 199 см. Маса жарабцоў да 700 кг, кабыл да 650 кг. Масць пераважна рыжая, трапляецца гнядая і інш. Галава вялікая, шыя кароткая, мускулістая, грудзі шырокія, крыж шырокі, звіслы, раздвоены. Касцяк моцны, ногі сярэдняй даўжыні, дужыя. Коні спакойныя, добрых паводзін, непатрабавальныя да ўмоў утрымання, з высокай працаздольнасцю.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 9, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЛО́ЎСКАЯ РЫСІ́СТАЯ ПАРО́ДА лёгказапражных коней. Выведзена ў канцы 18 — пач. 20 ст. А.​Р.​Арловым і В.​К.​Шышкіным на Хрэнаўскім конным з-дзе Варонежскай губ. скрыжаваннем верхавой арабскай з запражнымі пародамі (туркменскай, дацкай, галандскай і інш.). Стымулявала развіццё конегадоўлі ў Расіі. Выкарыстоўваюць для паляпшэння пароднасці мясц. коней, у спорце, турызме. На Беларусі перспектыўная ў вывядзенні прыгожых прагулачных коней.

Коні буйныя (выш. ў карку 160—162 см), гарманічнага целаскладу, трывалыя. Масць шэрая, вараная, гнядая. Маюць высокую рысістасць: рэкорд у конных забегах на 1600 м — 1 мін 59,7 сек.

М.​А.​Гарбукоў.

Жарабец арлоўскай рысістай пароды.

т. 1, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДЗЁНАЎСКАЯ ПАРО́ДА верхавых коней.

Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.

Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.

М.​А.​Гарбукоў.

Жарабец будзёнаўскай пароды.

т. 3, с. 313

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕ́СКІЯ КО́НІ,

старажытная папуляцыя коней паўн. ляснога тыпу Бел. і Укр. Палесся. Паходзяць ад тарпанаў. У паўд., паўд.-зах. і зах. ч. арэала палепшаны заводскімі пародамі, большыя. Выкарыстаны для вывядзення беларускага запражнога каня. На Беларусі гадуюць у гаспадарках Брэсцкай і Гомельскай абл.

Выш. ў карку жарабцоў бел. П.к. 137 см (макс. 140), даўж. тулава 146 см, маса 392 кг; кабыл адпаведна 135 см (макс. 139,5), 141 см, 367 кг. Масці: буланая, вараная, гнядая, мышастая, рыжая і інш. Тулава кампактнае, вузкае, спіна і шыя прамыя, крыж кароткі, грудзі шырокія, глыбокія. Ногі сухія, дужыя. Даўгавечныя, пладавітыя, непатрабавальныя, трывалыя; выкарыстоўваюцца на палявых і трансп. работах.

М.​А.​Гарбукоў.

т. 11, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ ЗАПРАЖНЫ́ КОНЬ,

пародная група коней універсальнага выкарыстання. Выведзена ў зах. абласцях Беларусі ў 19—20 ст. скрыжаваннем мясц. коней ляснога тыпу з ардэнскай, шведскай, гудбрандсдальскай і інш. пародамі. За апошнія дзесяцігоддзі чыстапароднай гадоўлі выведзена 6 ліній, 13 сямействаў, створаны селекцыйныя масівы і племянныя гаспадаркі. Вядучыя гаспадаркі — конныя заводы ў Баранавіцкім і Лідскім, племзаводы ў Карэліцкім і Ляхавіцкім р-нах. Беларускі запражны конь — асн. паляпшальнік рабочакарыстальнай прадукцыйнай конегадоўлі ў рэспубліцы, экспартуецца, выкарыстоўваецца для прагулак, турызму, верхавога адпачынку.

Коні вынослівыя, даўгавечныя, непераборлівыя, спакойныя. Масць: буланая, рыжая, гнядая, вараная, мышастая. Выш. ў карку элітных жывёл 154—156 см; 2 км крокам з 3-тонным грузам праходзіць за 14—16 мінут.

М.​А.​Гарбукоў.

Беларускі запражны конь.

т. 2, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)