ВЯРНІГАРА́, Вярнігор, Гара-Гаравік, Гарыня,
Гаравы, персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Мае вял. сілу; можа пераносіць горы, руйнаваць іх і раўняць зямлю. Сустрэўшы героя-асілка, Вярнігара разам з інш. волатамі памагае яму перамагчы страшных крыважэрных істот, пакараць зло і ліквідаваць несправядлівасць, хоць часам перараджаецца маральна і здраджвае герою. Сустракаецца таксама ў рус. і ўкр. фальклоры.
Літ.:
Новиков Н.В. Образы восточнославянской волшебной сказки. Л., 1974. С. 146—152;
Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 258—260;
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969.
А.С.Фядосік.
т. 4, с. 394
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́СІН-ПУ́ШКІН (Аляксей Іванавіч) (27.3.1744, С.-Пецярбург —13.2.1817),
расійскі дзярж. дзеяч, археограф і гісторык. Граф. Чл. Рас. акадэміі (1789). Служыў у арміі, потым на прыдворнай і грамадзянскай службе. У 1791—97 обер-пракурор Сінода, у 1794—99 прэзідэнт Акадэміі мастацтваў. З 1775 збіраў пісьмовыя і рэчавыя помнікі рас. гісторыі. Засн. гурток гісторыкаў, які адкрыў Лаўрэнцьеўскі летапіс, выдаў шэраг помнікаў стараж.-рус. пісьменнасці, у т. л. «Рускую праўду» (1792), «Кнігу Вялікаму Чарцяжу» (1792), «Духоўную вялікага кн. Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха...» (1793, гл. «Павучанне Уладзіміра Манамаха»); сам адкрыў і выдаў «Слова пра паход /гаравы» пад назвай «Гераічная песня пра паход на полаўцаў удзельнага князя Ноўгарада-Северскага Ігара Святаславіча» (1800). Зборам М.-П. (частка яго, у т. л. адзіны спіс «Слова аб палку Ігаравым», згарэла ў Маскве ў вайну 1812) карысталіся многія рас. гісторыкі, у т. л. М.М.Карамзін.
Літ.:
Козлов В.П. Кружок А.И.Мусина-Пушкина и «Слово о полку Игореве»: Новые страницы истории древнерус. поэмы в XVIII в. М., 1988.
А.М.Лукашэвіч.
т. 11, с. 38
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)