ЗАХА́РАЎ Іван Кузьміч

(13.8.1909, в. Ганявічы Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 8.5.1982),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. руху ў Віцебскай вобл. Герой Сав. Саюза (1944). Засл. работнік культуры БССР (1980). Скончыў Вышэйшую камуніст. с.-г. школу (Мінск, 1934), Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1948). З 1941 адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Асвейскага патрыятычнага падполля. У крас. 1942 арганізаваў і ўзначаліў партыз. атрад, у ліп. 1942 — студз. 1944 камандзір Асвейскай партыз. брыгады, адначасова ў чэрв. 1942 — снеж. 1943 1-ы сакратар падп. Асвейскага райкома КП(б)Б. Ў 1944—63 на парт. і прафс. рабоце. Аўтар кнігі «Вайна ў краі азёр» (2-е выд., 1973).

т. 7, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЖСКАЕ КНЯ́СТВА,

удзельнае княства Полацкай зямлі ў 12—15 ст.

Цэнтр — г. Лагожск (сучасны г. Лагойск Мінскай вобл.). Магчыма, ’першым уладальнікам Л.к. ў 1127 быў кн. Брачыслаў. Непасрэдна лагожскімі князямі Іпацьеўскі летапіс называе Усяслава Мікуліча (1180) і Васільку Валадаравіча. Верагодна, Л.к. было адным з удзелаў Мінскага княства. Не пазней як у 1-й пал. 14 ст. княства ўвайшло ў ВКЛ. У сярэдзіне 14 ст. належала Войшвілу (паводле адной з версій — сыну Кейстута). У 1387 вял. кн. Ягайла аддаў Л.к. разам з Трокскім і Полацкім княствамі свайму брату Скіргайлу, які фактычна быў яго намеснікам у ВКЛ. У 1392 Ягайла вымушаны быў перадаць уладу ў ВКЛ Вітаўту, які пачаў раздаваць асобныя маёнткі Л.к.: Ганявічы і Корань у 1395 — віленскаму біскупству, Гасцілавічы — віленскаму ваяводу Войцеху Манівіду (у 1407 пацверджаны навечна); Коцалі ў канцы 14 ст. — новаўтворанаму касцёлу ў Гайне. Магчыма, да Л.к. належала і Харэцкая воласць у вярхоўях р. Бярэзіна, раздача якой у прыватную уласнасць адбывалася адначасова. Не пазней як у 1-й пал. 15 ст. з Л.к. вылучыліся маёнткі Астрошыцы, Зазер’е і, верагодна, Смалявічы, якія належалі пану Судзімонту Доргевічу. Пасля смерці апошняга (1448) спадчыннае права на гэтыя маёнткі пацверджана яго сыну Алехну. У сярэдзіне 15 ст. ад Л.к. заставалася невял. частка з Лагойскам і Гайнай, якая належала кіеўскаму кн. Алельку Уладзіміравічу, а з 1455 — яго малодшаму брату Андрэю. Пасля смерці Андрэя ў 1457 Гайна пакінута ва ўласнасці яго нашчадкаў, а Лагойск вернуты вял. князю і ў 1460 нанова падараваны кн. Аляксандру Чартарыйскаму на правах звычайнага маёнтка.

В.Л.Насевіч.

т. 9, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)