Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНЧА́РСТВА,
выраб рэчаў гаспадарчага і дэкаратыўна-прыкладнога характару з гліны. Вядома многім народам свету як адно з найстараж. рамёстваў. На тэр. Беларусі пач. форма ганчарства з ручной фармоўкай вырабаў і абпалам на вогнішчы вядома з часоў неаліту. З пашырэннем ганчарнага круга (10 ст.) і ганчарнага горна вылучылася ў спецыялізаванае рамяство, якое дасягнула росквіту ў 16—18 ст. У многіх бел. гарадах (Мінск, Брэст, Гродна, Полацк, Віцебск, Слуцк, Капыль, Камянец, Клецк, Стрэшын, Мір, Шклоў, Дзісна) дзейнічалі самаст. ці аб’яднаныя з іншымі ганчарныя цэхі, якія выраблялі посуд, кафлю, дробную пластыку. Вырабы цэхавага рамяства, у якіх нярэдка адчуваўся ўплыў зах.-еўрап.маст. стыляў, аздабляліся штампаваным, прадрапаным ці ляпным дэкорам, ангобнай размалёўкай, у большасці выпадкаў глазураваліся. У 19 ст. цэхавая вытв-сць заняпала, ганчарства становіцца пераважна сельскім рамяством. У канцы 19—1-й пал. 20 ст. на Беларусі вядома больш за 200 асяродкаў ганчарства.
Асн. прылада для фармавання ганчарных вырабаў — ганчарны круг, падсушаныя вырабы абпальвалі ў горне. Асартымент вырабаў вызначаўся гасп. патрэбамі. Выраблялі посуд для гатавання ежы (гаршкі, макотры, латушкі, пражэльнікі, рынкі, формы), для захоўвання і транспарціроўкі прадуктаў (карчагі, слаі, гарлачы, глякі, спарышы), сталовы посуд (збаны, талеркі, міскі, кубкі, маслёнкі), рэчы штодзённага ўжытку (рукамыйнікі, паілкі), утылітарна-дэкар. посуд (вазоны, вазы, букетнікі, фігурны посуд), ляпілі таксама дробную пластыку і цацкі. Самастойным рамяством, пераважна гарадскім, была вытв-сцькафлі. У цэлым узоры бел.нар.ганчарства вызначаюцца простымі выразнымі формамі, у аснове — шар, цыліндр, конус. Дэкор абмяжоўваўся звычайна сціплымі хвалістымі і прамымі паяскамі (стараж. сімвал вады), выціснутымі завостранай палачкай на плечуках посуду ў час яго фармоўкі на крузе ці нанесенымі вадка разведзенай глінай іншага колеру (ангобам). Ганчарны посуд Падняпроўя вызначаецца стройнасцю і вытанчанасцю формаў, плаўнымі S-падобнымі абрысамі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Благаўская кераміка, Дубровенская кераміка). На Пн Беларусі формы посуду масіўныя, устойлівыя, гарлавіны яго нібы раздаюцца ў бакі (гл.Дзісенская кераміка), нярэдка вырабы дзеля трываласці абгортвалі стужкамі бяросты, што надавала ім дадатковы дэкар.-маст. эфект. Ганчары паўд.-зах. Беларусі аддавалі перавагу прысадзістым шарападобным формам, на якія нібы насаджаны цыліндрычныя гарлавіны (гл.Гараднянская кераміка, Пружанская кераміка). Дэкар. якасці вырабаў залежалі таксама ад спосабаў хіміка-тэрмічнай апрацоўкі. Чорна-карычневымі плямамі на светлай тэракотавай паверхні вызначалася гартаваная кераміка, характэрная для архаічных вясковых асяродкаў ганчарства пераважна паўн.-зах. Беларусі. Гарманічнасць формаў і дэкору ў выглядзе палосак, сеткі, елачкі характэрна для чорнаглянцаваных вырабаў паўд.-зах. Беларусі (Пружаны, Ружаны Пружанскага р-на, Поразава Свіслацкага р-на, Мір Карэліцкага р-на). Кантрастам маляўнічых падцёкаў палівы карычневага, зялёнага, жоўтага колераў на светлым тэракотавым фоне чарапка вылучаліся глазураваныя вырабы. Ангобны дэкор, характэрны для вырабаў некат. асяродкаў ганчарства (Бабінавічы Лёзненскага р-на, Ракаў, Івянец Валожынскага р-на), быў сціплы і рэдка пераходзіў у стадыю ручной адвольнай размалёўкі (гл.Ракаўская кераміка).
У 1920—50-я г. ў многіх асяродках ганчарства былі створаны ганчарныя арцелі. У 1960-я г. адны з іх спынілі сваю дзейнасць, іншыя былі пераўтвораны ў дзярж. прадпрыемствы (гл. ў арт.Івянецкая кераміка). З сярэдзіны 20 ст. з насычэннем рынку прамысл. прадукцыяй традыц.ганчарства стала інтэнсіўна скарачацца. У наш час большасць ганчарных вырабаў страціла утылітарнае прызначэнне і выконвае пераважна дэкар.-маст. функцыі. Традыц. посуд нешырокага асартыменту (гаршкі, збанкі, вазоны) вырабляюць у некат. асяродках ганчарства, у ганчарных цэхах паасобных камбінатаў буд. матэрыялаў. На вытв-сці ганчарных вырабаў утылітарна-дэкар. і маст. прызначэння спецыялізуецца аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка» з прадпрыемствамі ў Івянцы, Радашковічах і Мазыры. З мэтай адраджэння традыц.ганчарства праведзены абласныя святы «Ганчарны круг — 95» у Обалі Шумілінскага р-на, «Ганчарны звон» у Любані (1996), рэспубліканскае свята «Ганчарны круг—96» у Бачэйкаве Бешанковіцкага р-на.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Йу Белавежы.
Існаваў у 1966—73 у г. Белавежа (Польшча). Адкрыты 12.3.1966 па ініцыятыве Гал. праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства. Пл. экспазіцыі 145 м², 950 экспанатаў. Меў 3 аддзелы: с.-г. прылады працы; ганчарства і пляценне; апрацоўка лёну. Спыніў дзейнасць з-за фін. цяжкасцяў і адсутнасці пастаяннага музейнага памяшкання. Экспанаты перададзены ў Акруговы музей у Беластоку, С.-г. музей у Цеханоўцы і Прыродазнаўчы музей у Белавежы. Традыцыі музея працягвае Гайнаўскі музей помнікаў беларускай культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛЮЧЭ́НКАЎ (Сяргей Аляксеевіч) (н. 5.11.1949, Мінск),
бел. этнограф. Канд.гіст.н. (1982). Скончыў БДУ (1973). Працаваў у філіяле Дзярж. музея Беларусі ў Заслаўі (1975—77), у 1977—91 у Ін-це мастацтвазнаўства этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследуе матэрыяльную і духоўную культуру, промыслы і рамёствы беларусаў, сучасную прац. абраднасць, грамадскі побыт насельніцтва, музейныя калекцыі Беларусі. Аўтар манаграфіі «Беларускае народнае ганчарства» (1984), сааўтар прац «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984). Удзельнічаў у распрацоўцы навукова-метадычных прынцыпаў стварэння Бел.дзярж. музея нар. архітэктуры і побыту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́ЎНАЎСКІ МУЗЕ́Й МАСТА́ЦТВА І ЭТНАГРА́ФІІ.
Адкрыты ў 1982 у в. Дзіўная Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаецца ў будынку б. лютэранскага храма 19 ст. Экспазіцыя складаецца з 2 аддзелаў: этнаграфічнага, у якім экспануюцца прадметы старажытнай матэрыяльнай культуры беларусаў, вырабы нар.ганчарства, кавальства, пляцення з лазы і саломкі, ткацтва, і мастацкага, дзе прадстаўлены жывапісныя і графічныя творы бел. мастакоў Я.Драздовіча, П.Сергіевіча, В.Цвіркі, Л.Шчамялёва, У. і М.Басалыгаў, П.Драчова, Я.Куліка, А.Марачкіна, В.Маркаўца, А.Кашкурэвіча, А.Паслядовіч, У.Тоўсціка, М.Купавы, У.Сулкоўскага, У.Савіча і інш. Працуе на грамадскіх пачатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ (Вольга Мікалаеўна) (н. 21.5.1947, в. Астравок Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1980). Скончыла БДУ (1972). З 1970 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Вывучае гісторыю Віцебскай зямлі, яе матэрыяльную культуру 14—18 ст. Даследавала стараж.бел. гарады (Віцебск, Орша, Гарадок, Талачын, Копысь), замкі (Езярышча, Смальяны, Шклоў), стараж. пабудовы Куцеінскага (Орша) і Святадухаўскага (Віцебск) манастыроў, гарадзішчы, курганныя могільнікі, селішчы паўн.-ўсх. Беларусі жал. веку і часоў сярэдневякоўя. Аўтар кніг «Віцебская кафля XIV—XVIII стст.» (1981), «Віцебск XIV—XVIII стст.» (1984), «Сярэдневяковае ганчарства паўночна-ўсходняй Беларусі» (1992), «Сярэдневяковая Орша і яе наваколле» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1984 у Браславе на базе школьнага музея. Мае 6 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 147,6 м²), больш за 12 тыс. экспанатаў асн. фонду (1996). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (неаліт. прылады працы, жаночыя ўпрыгожанні 11 ст., энкалпіёны, кафля і зброя з замка ў Іказні, посуд і манеты з сярэдневяковай Друі і інш.), матэрыялы з гісторыі Браслаўшчыны часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, пра падзеі вайны 1812, паўстання 1863—64, перыяду ўваходжання Зах. Беларусі ў склад Польшчы, Вял.Айч. вайны. Этнагр. матэрыялы прадстаўлены вырабамі ткацтва, ганчарства, кавальства, разьбярства, пляцення, нар.муз. інструментамі. Асобныя экспазіцыі прысвечаны краязнаўству Браслаўшчыны, мастаку П.Сергіевічу, медыку С.Нарбуту (сын гісторыка Т.Нарбута). З 1989 праводзяцца навук.-краязнаўчыя канфер. «Браслаўскія чытанні».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́ШНЯЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
вытворчасць у сял. гаспадарцы прадуктаў для асабістага карыстання, якія вырабляюцца з сыравіны, што здабываецца ў гэтай жа гаспадарцы. У большасці народаў узнікла ў эпоху першабытнаабшчыннага ладу з фарміраваннем асн. галін вытв. дзейнасці — земляробства і жывёлагадоўлі. Развіццё залежала ад мясц. умоў і наяўнай сыравіны. Найб. раннія і універсальныя віды Д.п. — апрацоўка і выраб скуры, лямцу, дрэва, кары, вяровак, віццё кошыкаў, сетак, пасудзін з сцёблаў, валасоў, валакна і інш. сыравіны стала пачаткам развіцця тэкстыльнай прам-сці. Пляценне з валакна дало пачатак прадзенню, потым ткацтву. Вялікае гасп. значэнне мела ганчарства. Д.п. была састаўной часткай эканомікі дакапіталіст. спосабаў вытв-сці. Злучэнне сял. промыслаў з патрыярхальным натуральным земляробствам было тыповым для сярэдневякоўя. У эпоху развітога феадалізму Д.п. перарасла ў рамяство. У сучасных умовах Д.п. захавалася ў некат. раёнах Афрыкі, Цэйлона, Індыі, Лацінскай Амерыкі і інш. На тэр. Беларусі сустракаецца ў выглядзе нар. промыслаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КЕРА́МІКА,
традыцыйныя ганчарныя вырабы 15—20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з 15 ст. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая ў канцы 15 ст. трансфармавалася ў місачную (гл.Мірская кафля). Адначасова развівалася вытв-сцьбыт. керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з 17 ст. існаваў ганчарны цэх). Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы 19—1-й пал. 20 ст. Тут выраблялі чарнаглянцавы, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-маст. вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам у выглядзе рамбічнай сеткі. З 1980-х г. промысел не існуе.