Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫЯВІ́СТ
(Ariovistus; 1 стагоддзе да нашай эры),
правадыр германскага племя свеваў. Каля 71 да нашай эры перайшоў з атрадам раку Рэйн і каля 61 да нашай эры перамог гальскае племя эдуяў. Пасяліўшыся на тэрыторыі Галіі, сабраў вакол сябе каля 120 тысяч германцаў. Незадаволеныя гальскія плямёны папрасілі дапамогі ў Ю.Цэзара, які каля 58 да нашай эры пры Везонцыо разграміў армію Арыявіста. Паранены Арыявіст з рэшткамі войска вярнуўся ў Германію, дзе неўзабаве памёр.
т. 2, с. 9
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́ЗІЯ
(Alesia),
старажытнае гальскае паселішча-опідум (сучасны г. Аліз-Сент-Рэн, Францыя), аблогай і ўзяццем якога Юлій Цэзар у 52 да н.э. скончыў шматгадовую гальскую вайну. Займала пл. 57 га, была абкружана сцяной і ровам. Алезія абараняла 20-тыс. войска галаў на чале з Верцынгетарыгам. Раскопкамі выяўлены рэшткі тысяч гальскіх воінаў (са зброяй і інш. рэчамі), якія па загадзе Цэзара былі скінуты ў выкапаны рымлянамі аблогавы роў даўжынёй 13 км; гальскія і правінцыяльна-рымскія дамы (пасля вайны жыццё ў Алезіі працягвалася), храмы, арэна.
т. 1, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЦЫЯ́Н Флавій
(Flavius Gratianus; 13.4.359, Сірмій, рым. прав. Панонія, цяпер г. Срэмска-Мітравіца, Сербія — 25.8.383),
рымскі імператар. З 367 суправіцель свайго бацькі Валентыніяна І, пасля яго смерці (375) правіў зах. ч. імперыі. Пры Грацыяну ў 378—383 вялася барацьба з алеманамі, сарматамі і вестготамі на Рэйне і Дунаі. Ён выступіў таксама супраць язычнікаў, арыян і данатыстаў, у 382 адмовіўся ад язычніцкага тытула вял. пантыфіка і загадаў вынесці з сената алтар Перамогі — сімвал язычніцтва. У 383 па яго загадзе канфіскавана ўся маёмасць, якая належала храмам стараж. рым. багоў. У час мяцяжу ўзурпатара Максіма ў Брытаніі гальскія войскі зарадзілі Грацыяну, ён быў забіты.
т. 5, с. 417
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)