Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НКА,
вёска ў Беларусі, у Горацкім раёне Магілёўскай вобл., на р.Галубіна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдЗ ад г. Горкі, 64 км ад Магілёва, 19 км ад чыг. ст. Пагодзіна. 822 ж., 243 двары (1994). Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́СЯ,
рака ў Беларусі, у Віцебскай і Магілёўскай абл., правы прыток Проні (бас. Дняпра). Даўж. 104 км. Пл. вадазбору 955 км². Пачынаецца на Смаленскім узв. на паўд. ускраіне в. Анціпенкі Дубровенскага р-на, працякае па Аршанска-Магілёўскай раўніне ў Аршанскім раёне Віцебскай вобл., Горацкім, Дрыбінскім, Шклоўскім, Чавускім р-нах Магілёўскай вобласці. Асн. прытокі: Лімна, Аўчоса, Руза (справа), Паўна, Галубіна, Чарніца, Касінка (злева).
Даліна скрынкападобная, шыр. 300—500 м. Пойма двухбаковая, парэзаная старыцамі і далінамі прытокаў; яе шыр. 150—300 м. Рэчышча ўмерана звілістае, слабаразгалінаванае, у верхнім цячэнні на 18 км каналізаванае, на асобных участках расчышчанае; шыр. ў сярэднім і ніжнім цячэнні 10—15 м. Берагі стромкія. Найвыш. ўзровень разводдзя ў канцы сак., сярэдняя выш. над межанным узроўнем 2,5 м, найб. 3 м. Замярзае ў пачатку снеж., крыгалом ў 3-й дэкадзе сакавіка. У басейне ракі 39 невял. прытокаў агульнай даўж. 96 км, 295 км адкрытай меліярац. сеткі. За 3 км вышэй за вусце — г. Чавусы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РАЦКІ РАЁН,
на ПнУ Магілёўскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,7 тыс.чал. (1996). Сярэдняя шчыльнасць 23 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Горкі. 173 сельскія населеныя пункты. 12 сельсаветаў: Аўсянкаўскі, Будскі, Горацкі, Горскі, Добраўскі, Копцеўскі, Ленінскі, Маслакоўскі, Паршынскі, Рудкаўшчынскі, Рэкценскі, Саўскі.
Паверхня раёна пласкахвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Каля ⅔ тэр. занята Аршанска-Магілёўскай раўнінай, на ПнУ — частка Смаленскага ўзвышша. Пераважаюць выш. 190—200 м, найвыш. пункт 231,4 м (каля в. Майсеева). Карысныя выкапні: торф, пяскі, гліны. Сярэдняя т-растудз. -8,2 °C, ліп. 17,8 °C. Ападкаў 640 мм за год. Вегетацыйны перыяд 183 сут. Рэкі: Проня з прытокамі Парасіца, Быстрая, Вербаўка, Галыша; Бася з прытокамі Паўна і Галубіна; Рамясцвянка, Лебядзёўка, Дняпрэц, Мярэя. Пашыраны дзярнова-падзолістыя і дзярнова-падзолістыя забалочаныя глебы. Пад лесам 17,9% тэр. раёна (на Пнвял. масіў Горацкая лясная дача); пераважаюць яловыя, хваёвыя, бярозавыя і асінавыя лясы. Пад балотамі 4,1% тэрыторыі.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 81,6 тыс.га, з іх асушаных 18,8 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 12 калгасаў, 7 саўгасаў, племзавод «Леніна», элеватар (каля в. Нівішча), міжгаспадарчае прадпрыемства «Дняпрэц». Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля, ільнаводства. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч. (масласыраробнай), лёгкай (перапрацоўка льносыравіны) прам-сці; вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзіць чыг. Орша—Крычаў, аўтадарогі з г. Горкі на Оршу, Магілёў, Мсціслаў. На тэр. раёна знаходзіцца Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія і пед. вучылішча (в. Леніна). У раёне 12 сярэдніх, 6 базавых і 10 пач. школ, 2 муз. школы, 16 дашкольных устаноў, 25 клубаў, 27 б-к, 6 бальніц, 21 фельч.-ак. пункт. Помнікі архітэктуры — рэшткі касцёла (пач. 19 ст.) і сядзіба (канца 19 ст.) у в. Расна. Мемар. комплекс і музей савецка-польскай баявой садружнасці ў в. Леніна. Выдаецца газ. «Ленінскі шлях».