ГАЛУА́ ((Galois) Эварыст) (26.10.1811, г. Бур-ла-Рэн, Францыя — 30.5.1832),
французскі матэматык, заснавальнік сучаснай алгебры. Вучыўся ў ліцэі Луі-дэ-Гран, к моманту заканчэння якога ўжо вёў творчую працу па матэматыцы. У 1830 паступіў у Вышэйшую нармальную школу; у 1831 выключаны з яе за ўдзел у паліт. барацьбе супраць каралеўскага рэжыму Францыі. Загінуў на дуэлі. Стварыў агульную тэорыю рашэння алг. ураўненняў; Галуа тэорыю. Увёў паняцці групы, поля. Ідэі Галуа пачалі разумець толькі ў 1870-я г.
Літ.:
Инфельд Л. Эварист Галуа. Избранник богов: Пер. с англ. М., 1965;
Дальма А. Эварист Галуа, революционер и математик: Пер. с фр. 2 изд. М., 1984.
т. 4, с. 470
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛУА́ ТЭО́РЫЯ,
тэорыя, якая вывучае ўласцівасці алгебраічных ураўненняў віду xn+a1xn-1 + ... + an=0 і іх рашэнне пры дапамозе груп тэорыі.
Падрыхтавана працамі Ж.Лагранжа, К.Гаўса, Н.Абеля. Створана Э.Галуа. Ставіць у адпаведнасць алг. ўраўненню яго групу Галуа, якая складаецца з тых падстановак каранёў, што захоўваюць усе рацыянальныя суадносіны паміж каранямі і каэфіцыентамі ўраўнення. Галуа тэорыя дае неабходную і дастатковую ўмову вырашальнасці ўраўнення ў радыкалах. У прыватнасці, з яе вынікае, што алг. ўраўненні ступені вышэй за 4-ю ў агульным выпадку невырашальныя ў радыкалах. У сучасным разуменні Галуа тэорыя — тэорыя, якая вывучае матэм. аб’екты праз іх групы аўтамарфізмаў. Напр., існуюць Галуа тэорыі палёў, кольцаў, тапалагічных прастораў і інш. Ідэі і метады Галуа тэорыі выкарыстоўваюцца ў тэорыі аналітычных функцый, тапалогіі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Літ.:
Чеботарев Н.Г. Основы теории Галуа. Т. 1—2. М.; Л., 1934—37;
Постников М.М. Теория Галуа. М., 1963.
В.І.Бернік.
т. 4, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Галуа Э. 1/234, 235; 3/313; 4/45
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРДА́Н ((Jordan) Мары Энмон Каміль) (5.1.1838, г. Ліён, Францыя — 21.1.1922),
французскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1895). Скончыў Політэхн. (1859) і Горную школы (1861) у Парыжы. З 1861 працаваў інжынерам, з 1873 у Політэхн. школе (з 1876 праф.), адначасова з 1875 у Калежы дэ Франс. Навук. працы па алгебры, тэорыі функцый, тапалогіі, крышталяграфіі, механіцы. Аўтар першага сістэм. курса па тэорыі груп і тэорыі Галуа (1870) і 3-томнага курса матэм. аналізу (1882—87).
Літ.:
Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.
т. 6, с. 425
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)