ГАЛО́ДНА, Галубінае возера,

у Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г. Астравец. Уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,14 км², даўж. 780 м, найб. шыр. 250 м, найб. глыб. 21 м, даўж. берагавой лініі каля 1,8 км. Пл. вадазбору 4,3 км². Схілы катлавіны выш. 3—4 м, на ПнЗ і ПдУ 12—14 м, пад лесам, на Пн разараныя. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі забалочаныя, усх. параслі хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбакаводная зона глеістая.

На ПнУ выцякае ручай у воз. Тумскае, на Пд упадае ручай з воз. Галадзянка.

т. 4, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУБІ́НАЕ ВО́ЗЕРА,

гл. Галодна.

т. 4, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРАЧА́НСКАЯ ГРУ́ПА АЗЁР.

У Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Вілія. Уключае 12 азёр агульнай пл. 4,3 км² (пл. вадазбору 180 км²): Тумскае, Ёдзі, Вераб’і, Каймін, Туравейскае, Белае, Галадзянка, Залаўскае, Гульбеза, Баранскае, Галодна, Клевел. Азёры займаюць невял. глыбокія ўчасткі агульнай ледавіковай лагчыны (даўж. больш за 20 км), утварэнне якой звязана з выворваннем паазерскага ледавіка і наступнай дзейнасцю расталых ледавіковых вод. У наваколлі азёр марэнныя ўзвышшы (выш. 30—40 м) чаргуюцца з забалочанымі нізінамі, уздоўж азёр выцягнуты озавыя грады, многа камавых узгоркаў, парослых лесам. Для мелкаводных азёр (найб. глыб. да 6 м; Клевел, Вераб’і, Белае, Туравейскае, Галадзянка) характэрна шырокая (да 50—70 м) прыбярэжная пясчаная зона, інтэнсіўнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці 40—200 м, Клевел па ўсёй плошчы). Сярэднеглыбокія азёры (глыб. да 21 м; Галодна, Тумскае, Ёдзі і інш.) маюць вузкую прыбярэжную пясчаную зону, нязначнае зарастанне (шыр. паласы расліннасці менш за 30 м). Глыбакаводную ч. азёрных катлавін высцілаюць сапрапелі. Большасць азёр дрэніруюцца р. Клевель (паміж азёрамі мае выгляд шырокіх праток), з Тумскага воз. выцякае р. Сарачанка. Азёры Ёдзі, Гульбеза і Вераб’і злучаны паміж сабой і маюць сцёк у р. Страча. С.г.а. вызначаецца выключнай маляўнічасцю і мае высокія рэкрэацыйныя вартасці.

т. 14, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАДЗЯ́НКА, Падкасцёлак,

возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас. р. Сарачанка, за 34 км на ПнУ ад г.п. Астравец, уваходзіць у Сарачанскую групу азёр. Пл. 0,33 км², даўж. 900 м, найб. шыр. 490 м, найб. глыб. 6,1 м, даўж. берагавой лініі каля 2,6 км. Пл. вадазбору 1,7 км². Схілы катлавіны выш. да 8 м, на Пд да 15 м, парослыя лесам, на З і У разараныя. Берагі нізкія, пад хмызняком, на З і Пд супадаюць са схіламі. Дно пясчанае, глыбей за 2 м глеістае. На З выцякае ручай у воз. Галодна.

т. 4, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)