ГА́ЛКІН Генадзь Сяргеевіч
(н. 13.8.1949, г.п. Галіцына Маскоўскай вобл., Расія),
бел. спартсмен (стэндавая стральба). З 1974 выступаў за спарт. клуб Бел. ваен. акругі. Чэмпіён свету (1973), Еўропы (1979), чэмпіён СССР у асабістым (1978) і камандным (1974, 1976, 1978) першынствах. Пераможца і прызёр міжнар. спаборніцтваў. Рэкардсмен СССР (1978).
т. 4, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКІН Ілья Савіч
(1.8.1898, в. Панасюкі Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.4.1990),
савецкі гісторык. Праф. (1943), д-р гіст. н. (1956), засл. дз. нав. Расіі. Скончыў Маскоўскі дзярж. ун-т (МДУ; 1932). Прарэктар (1941—43 і 1956—59) і рэктар МДУ (1943—48). Заг. кафедры новай і найноўшай гісторыі МДУ (1950—80). Працы (больш за 200) па гістарыяграфіі і метадалогіі гіст. навукі, методыцы выкладання гісторыі ў ВНУ, гісторыі Германіі, міжнар. адносін, рабочага руху і інш. Чл. рэдкалегіі час. «Новая и новейшая история».
т. 4, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКІН Самуіл Залманавіч
(5.12.1897, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 21.9.1960),
яўрэйскі паэт і драматург. Друкаваўся з 1920. Аўтар кніг вершаў «Боль і мужнасць» (1929), «За новы падмурак» (1932), «Кантакт» (1935), «Дрэва жыцця» (1948). Лірыка Галкіна вызначаецца верай у будучыню, любоўю да жыцця, да яго шматграннай прыгажосці (зб. «Вершы», 1939, і інш.). Драм. творы Галкіна «Бар-Кохба» (1939), «Суламіф» (1940), «Душа, якая спявае» ішлі на сцэнах яўр. тэатраў. Трагедыя «Паўстанне ў гета» — пра паўстанне ў Варшаўскім гета супраць фашыстаў у час Вял. Айч. вайны.
Тв.:
Рус. пер. — Стихи. Баллады. Драмы. М., 1958;
Стихотворения. М., 1962;
Дальнозоркость. М., 1968.
т. 4, с. 466
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫН-ГА́ЛКІН Уладзімір Піліпавіч
(сапр. Галкін Ісаак; 22.1.1861, Магілёў — 22.7.1925),
удзельнік рэв. руху ў Расіі, філосаф-марксіст. У 1882 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях выключаны з Харкаўскага вет. ін-та. Стварыў нарадавольскія гурткі ў Сімферопалі, Адэсе. У 1887 арыштаваны і сасланы на 10 гадоў у Верхаянск. Удзельнік Сібірскага с.-д. саюза (1901), чл. Саратаўскага к-та РСДРП (1902—03), працаваў у с.-д. арг-цыях Растова-на-Доне, Баку, Тыфліса, Кутаісі. Супрацоўнічаў у газ. «Искра». Дэлегат II з’езда РСДРП (1903), бальшавік. Пасля з’езда застаўся за мяжой. Пад псеўд. К.Грабоўскі ў 1910 выдаў кн. «Далоў матэрыялізм!»: (Крытыка эмпірыякрытычнай крытыкі)». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. З жн. 1917 у Петраградскім к-це РСДРП(б), удзельнічаў у падрыхтоўцы і правядзенні Кастр. ўзбр. паўстання. Адзін з арганізатараў Наркамата замежных спраў РСФСР. З 1918 на кіруючай ваен.-паліт. рабоце ў Чырв. Арміі, з 1920 на навук.-пед. рабоце ў Маскве.
Э.М.Савіцкі.
т. 5, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)