ГАЛАФІ́ТЫ

[ад гала... + ...фіт(ы)],

расліны, якія растуць на моцна засоленых глебах: па берагах мораў, на саланцах, саланчаках і інш. Марфалагічна часта падобныя да сукулентаў, але адрозніваюцца ад іх высокім асматычным ціскам (да 100 і больш атмасфер). Падзяляюцца на 3 групы. Эўгалафіты, або сапр. галафіты (т.зв. салянкі), маюць пераважна мясістае лісце і сцёблы; цытаплазма ў іх клетках вельмі ўстойлівая да высокіх канцэнтрацый солей, якія назапашваюцца ў іх у вял. колькасці (салярос, сведа і шэраг пустынных паўкустоў). Крынагалафіты выдзяляюць назапашаныя ў іх солі пры дапамозе асаблівых залозак, якія ўкрываюць лісце і сцёблы. У сухое надвор’е на іх утвараецца налёт солей (напр., кермек, тамарыкс). Углікагалафітаў каранёвая сістэма мала пранікальная для солей, таму ў тканках яны не назапашваюцца ў вял. колькасці (некаторыя віды палыну і інш.). Сярод культ. раслін сапраўдныя галафіты адсутнічаюць. Гл. таксама Солевынослівасць раслін.

Л.В.Кірыпенка.

т. 4, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫСО́КІЯ ПЛАТО́,

міжгорныя плато і раўніны ў сістэме Атласа, у Алжыры і Марока. Выш. ад 700 м на У да 1200 м на З. Герцынская складкавая аснова высокіх плато перакрыта чахлом асадкавых мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. На паверхні шмат катлавін з салёнымі азёрамі (шотамі), да якіх накіраваны даліны уэдаў. Клімат субтрапічны паўпустынны. Ападкаў 200—400 мм за год. Расліннасць — разрэджаныя хмызнякі і дзярнінныя злакі (у т. л. альфа) на шэра-карычневых глебах; вакол шотаў — галафіты і палын. Жывёлагадоўля. Арашальнае земляробства.

т. 4, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)