ПЛЮРА́ЛЬНЫ ВО́ТУМ у канстытуцыйным праве,

наданне аднаму выбаршчыку права галасаваць некалькі разоў. Быў пашыраны ў 19 ст. У краінах Зах. Еўропы, Вялікабрытаніі, Германіі і інш. існаваў парадак, калі побач з уключэннем у выбарчы спіс па месцы жыхарства грамадзянін уключаўся ў спіс той акругі, дзе знаходзілася яго нерухомая маёмасць або універсітэт, дзе ён атрымаў вышэйшую адукацыю. Захаваўся ў Новай Зеландыі, некат. штатах Аўстраліі, дзе ўладальнікі буйной уласнасці на выбарах органаў мясц. самакіравання валодаюць некалькімі галасамі.

т. 12, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКІ КЛІЧ»,

грамадска-паліт., літ. і гасп. газета. Выдавалася 1 — 16.11.1930 у Вільні на бел. мове напярэдадні выбараў у польскі сейм і сенат. Асвятляла сітуацыю ў Польшчы, паведамляла пра арышт 80 дэпутатаў папярэдняга сейма, распушчанага ўрадам Бартэля — Пілсудскага, крытыкавала перадвыбарчую пазіцыю Цэнтрасаюза, які ішоў на супрацоўніцтва з польск. урадам, і кандыдатаў у сейм — прадстаўнікоў бел. нац.-сацыяліст. кірунку, давала ацэнку ўсім кірункам у бел. руху на пераломе 1920—30-х г. Агітавала галасаваць за кандыдатаў агульнага бел. выбарчага к-та «Украінска-беларускі блок». Выйшлі 4 нумары, з іх № 3 канфіскаваны па загадзе старасты Вільні.

Л.​І.​Збралевіч, А.​С.​Ліс.

т. 2, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́КТЫ АБ ПРАВА́Х ЧАЛАВЕ́КА,

2 міжнародныя дагаворы ў галіне абароны правоў чалавека, ухваленыя Генеральнай Асамблеяй ААН 16.12.1966.

Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах складаецца з 53 арт., многія з якіх паўтараюць Усеагульную дэкларацыю аб правах чалавека 1948. У дадатак да Дэкларацыі Пакт абвяшчае правы кожнага грамадзяніна прымаць удзел у вядзенні дзярж. спраў: права галасаваць і быць выбраным на выбарах, забеспячэнне свабоднага волевыяўлення выбаршчыкаў, права допуску на ўмовах роўнасці да дзярж. службы. Пакт аб сацыяльных і культурных правах мае 31 арт., з якіх большасць прысвечана нац. і этн. меншасцям. Устанаўляе права на працу і пералічвае меры, якія павінна прымаць дзяржава, каб забяспечыць справядлівыя і спрыяльныя ўмовы працы, абвяшчае правы чалавека на сац. забеспячэнне, адукацыю, удзел у прафсаюзах, правы на ахову сям’і, пэўны жыццёвы ўзровень, мед. дапамогу.

Гэтыя дагаворы звязваюць свабоду паводзін дзяржавы ў сферы нац. заканадаўства, аднак не вызначаюць, як дзяржава павінна выконваць свае абавязацельствы па ахове правоў чалавека. Такія з’явы, як генацыд, апартэід, расізм, не ўваходзяць ва ўнутр. кампетэнцыю дзяржавы і кваліфікуюцца як міжнародныя злачынствы.

І.​В.​Савіна.

т. 11, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЕ ПРА́ВА,

сукупнасць юрыд. нормаў, якія вызначаюць парадак выбараў кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў дзярж. улады, а таксама права грамадзян выбіраць (актыўнае выбарчае права) і быць выбранымі (пасіўнае выбарчае права). З’яўляецца найважнейшай часткай выбарчай сістэмы і звычайна рэгламентуецца Канстытуцыяй дзяржавы і спец. законамі аб выбарах. Вызначае парадак вылучэння кандыдатаў, нормы прадстаўніцтва, парадак падвядзення вынікаў галасавання і інш. Выбары звычайна з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў іх і за каго галасаваць. У некаторых замежных краінах галасаванне на выбарах з’яўляецца грамадз. абавязкам, невыкананне якога цягне за сабой адказнасць (гл. Абсентэізм).

Крыніцамі выбарчага права Рэспублікі Беларусь акрамя Канстытуцыі з’яўляюцца законы аб выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, у прадстаўнічыя органы розных узроўняў і інш. Забараняюцца якія-небудзь прамыя або ўскосныя абмежаванні выбарчага права грамадзян Беларусі ў залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў. Асобы, якія перашкаджаюць грамадзянам свабодна ажыццяўляць выбарчае права, прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі, асобы, якія знаходзяцца ў месцах пазбаўлення волі. У галасаванні не прымаюць удзел таксама асобы, якія ў парадку, устаноўленым крымін.-працэсуальным заканадаўствам, утрымліваюцца пад вартай.

С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫБАРЧАЯ СІСТЭМА. РЭФЕРЭНДУМ

Выбарчая сістэма ў Рэспубліцы Беларусь — гэта ўстаноўлены і ўрэгуляваны прававымі і інш. нормамі парадак выбараў, а выбарчае права — сукупнасць канстытуцыйных норм, якія рэгулююць грамадскія адносіны, што ўзнікаюць пры правядзенні выбараў, а таксама сукупнасць канкрэтных правоў грамадзяніна на ўдзел у выбарах. У гэтым значэнні выбарчае права падзяляюць на актыўнае, г.зн. права выбіраць, і пасіўнае, г.зн. права выбірацца, быць выбраным. Легітымныя выбарныя органы ў сваю чаргу фарміруюць легітымныя ўладныя структуры (урад, суды і інш.). Выбары праводзяцца ў адпаведнасці з канстытуцыйнымі прынцыпамі выбарчай сістэмы на аснове ўсеагульнага, роўнага, прамога выбарчага права пры тайным галасаванні.

Выбары дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады народам, з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Прамое або ўскоснае абмежаванне выбарчых правоў грамадзян у залежнасці ад паходжання, сац. і маёмаснага становішча, расавай і нац. прыналежнасці, полу, адукацыі, мовы, адносін да рэлігіі, часу пражывання ў дадзенай мясцовасці, роду і характару заняткаў з’яўляецца недапушчальным і караецца паводле заканадаўства. У выбарах не ўдзельнічаюць грамадзяне, прызнаныя судом недзеяздольнымі; асобы, якія ўтрымліваюцца паводле прыгавору суда ў месцах пазбаўлення волі; асобы, у адносінах да якіх выбрана такая мера, як утрыманне пад вартай. Не з’яўляюцца падставай для абмежавання права грамадзяніна на ўдзел у галасаванні адм. арышт, такія віды крымін. пакарання, як штраф, папраўчыя работы, арышт на тэрмін ад 1 да 6 мес, асобы, аб’яўленыя банкрутамі. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады (кіраўніка дзяржавы, члена Савета Рэспублікі, суддзі, нар. засядацеля), вызначаецца адпаведнымі законамі. У Беларусі адсутнічае цэнз аселасці (выключэнне — выбары Прэзідэнта і членаў Савета Рэспублікі). Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык сам вырашае, за каго галасаваць і ці ўдзельнічаць яму ў выбарах. Але высокая ступень ухілення ад удзелу ў выбарах зніжае аўтарытэт сфарміраванага органа і дае глебу для спрэчак пра яго легітымнасць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. З гэтай мэтай забяспечваецца адзіная норма прадстаўніцтва, паводле якой ствараюцца выбарчыя акругі з прыкладна роўнай колькасцю выбаршчыкаў (адхіленне, як правіла, не можа перавышаць 10%). Кожны выбаршчык галасуе асабіста, галасаванне за інш. асоб не дапускаецца. Выбары з’яўляюцца прамымі: дэпутаты выбіраюцца грамадзянамі непасрэдна, шляхам падачы свайго голасу. Разам з прамымі выбарамі (дэпутатаў, кіраўніка дзяржавы) Канстытуцыя прадугледжвае фарміраванне Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь шляхам ускосных выбараў, г.зн. выбаршчык выбірае дэпутатаў Саветаў базавага ўзроўню, якія ў сваю чаргу ва ўстаноўленым парадку выбіраюць членаў Савета Рэспублікі. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным, у ходзе галасавання забаронены кантроль за волевыяўленнем. Аднак гэта не выключае права выбаршчыка добраахвотна выказацца пра тое, як ён прагаласаваў.

Рэферэндумы (нар. галасаванні) з’яўляюцца адным з асн. інстытутаў непасрэднай дэмакратыі ў Рэспубліцы Беларусь. Яны могуць праводзіцца для вырашэння найважнейшых пытанняў дзярж. і грамадскага жыцця, могуць быць рэспубліканскія і мясцовыя. Рэсп. рэферэндумы прызначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь па яго ўласнай ініцыятыве ці па прапанове Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі, прынятай на іх раздзельных пасяджэннях большасцю галасоў ад поўнага складу кожнай з палат, або па прапанове не менш як 450 тыс. грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам, у т. л. не менш як 30 тыс. грамадзян ад кожнай вобласці і г. Мінск. Указам Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму вызначаюцца дата яго правядзення (не пазней як 3 мес з дня выдання указа), юрыд. сіла прынятага ім рашэння, фармулёўка вынесенага на рэферэндум пытання (пытанняў). Калі на ўсенар. галасаванне выносіцца законапраект, то ён дадаецца да ўказа Прэзідэнта аб прызначэнні рэферэндуму. Прэзідэнт мае права адхіляць прапановы аб правядзенні рэферэндуму, калі яны не адпавядаюць патрабаванням Выбарчага кодэксу і інш. заканад. актаў. Рашэнні, прынятыя рэсп. рэферэндумам, падпісвае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь. Мясц. рэферэндумы прызначаюцца адпаведнымі мясц. прадстаўнічымі органамі па іх ініцыятыве або па прапанове не менш як 10% грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Прынятыя на рэферэндуме рашэнні могуць быць адменены або зменены толькі шляхам новага рэферэндуму, калі іншае не будзе вызначана самім рэферэндумам.

т. 18, кн. 2, с. 119

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́БАРЧАЯ СІСТЭ́МА,

сукупнасць правіл і прыёмаў, што забяспечваюць пэўны тып арганізацыі ўлады, удзел грамадства ў фарміраванні дзярж. прадстаўнічых, судовых і выканаўчых органаў, выяўлення волі той часткі насельніцтва, якая паводле заканадаўства лічыцца дастатковай для прызнання выбараў легітымнымі. Існуюць агульнанац. прэзідэнцкія і парламенцкія выбары, выбары ў органы мясц. самакіравання, у заканадаўчыя сходы штатаў або аналагічных адм.-тэр. адзінак, а таксама выбары некаторых мясц. службовых асоб (суддзяў, мэраў і інш.). Станаўленню сучасных выбарчых сістэм папярэднічала працяглая барацьба грамадзян многіх краін свету за наданне ім выбарчага права на дэмакр. умовах і адмену саслоўных, маёмасных, адукацыйных, расава-нац. абмежаванняў — цэнзаў выбарчых. Існаванне цэнзаў — прыкмета недэмакратычнасці выбарчай сістэмы. Асобы, якія карыстаюцца выбарчымі правамі ў дадзенай краіне, складаюць яе электарат, колькасць якога скарачаецца пры ўвядзенні абмежаванняў і павялічваецца пры рэалізацыі прынцыпаў усеагульнага выбарчага права. Максімальны ўдзел электарату ў выбарах — паказчык паліт. актыўнасці выбаршчыкаў. Разнастайнасць выбарчых сістэм можа быць зведзена да наступных: мажарытарная сістэма (сістэма большасці), прапарцыянальная сістэма прадстаўніцтва, прадстаўніцтва меншасці. Выбарчая сістэма ў кожнай краіне ствараецца ў залежнасці ад таго, як разумеюцца інтарэсы сваёй партыі і грамадства і ці адпавядаюць яны паліт. канцэпцыям і традыцыям. Выбары могуць быць прамыя, калі грамадзяне непасрэдна выбіраюць дэпутатаў прадстаўнічага органа, або непрамыя, калі дэпутаты прадстаўнічага органа выбіраюцца ніжэйстаячымі выбарчымі органамі або выбарчымі калегіямі, у склад якіх уваходзяць выбраныя насельніцтвам выбаршчыкі або дэпутаты прадстаўнічых органаў.

У Рэспубліцы Беларусь выбарчае права грамадзян, прынцыпы і формы ўдзелу іх у выбарах, парадак вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, арганізацыя і правядзенне выбараў, вызначэнне вынікаў галасавання рэгулююцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, законамі аб выбарах і інш. нарматыўнымі актамі.

Выбары з’яўляюцца ўсеагульнымі: права выбіраць маюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 18 гадоў. Узроставы цэнз дэпутатаў і інш. асоб, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, вызначаецца адпаведнымі законамі, калі іншае не прадугледжана Канстытуцыяй. Выбары з’яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах і за каго галасаваць. Падрыхтоўка і правядзенне выбараў праводзяцца адкрыта і публічна. Выбары з’яўляюцца роўнымі: выбаршчыкі маюць роўную колькасць галасоў. Кандыдаты, якія выбіраюцца на дзярж. пасады, прымаюць удзел у выбарах на роўных падставах. Выбары дэпутатаў у прадстаўнічыя органы ўлады з’яўляюцца прамымі: грамадзяне выбіраюць іх непасрэдна. Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выбіраюцца на пасяджэннях дэпутатаў мясц. Саветаў і назначаюцца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь.

Галасаванне на выбарах тайнае: кантроль за волевыяўленнем выбаршчыкаў у час галасавання забараняецца. Права вылучэння кандыдатаў у дэпутаты належыць грамадскім аб’яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам у адпаведнасці з законам. Выдаткі на падрыхтоўку і правядзенне выбараў ажыццяўляюцца за кошт дзяржавы ў межах сродкаў, выдзеленых на гэтыя мэты. У выпадках, прадугледжаных законам, выдаткі на выбары могуць ажыццяўляцца за кошт сродкаў грамадскіх аб’яднанняў, прадпрыемстваў, устаноў, арг-цый, грамадзян. Правядзенне выбараў забяспечваюць выбарчыя камісіі. Парадак правядзення выбараў вызначаецца законамі. Выбары не праводзяцца ў перыяд надзвычайнага або ваен. становішча. Падставай для ўдзелу ў выбарах з’яўляецца ўключэнне грамадзяніна ў спіс выбаршчыкаў па выбарчым участку. Кандыдаты ў дэпутаты з часу іх рэгістрацыі выбарчымі камісіямі маюць роўнае права выступаць на перадвыбарных і інш. сходах, нарадах, пасяджэннях, у друку, па тэлебачанні, радыё, сустракацца са сваімі выбаршчыкамі. Парушэнне гэтага права можа быць абскарджана ў адпаведную выбарчую камісію. Кандыдат выступае з праграмай сваёй будучай дзейнасці. Грамадзяне, паліт. партыі, грамадскія аб’яднанні, прац. калектывы, калектывы навуч. устаноў, давераныя асобы маюць права на свабоднае і ўсебаковае абмеркаванне выбарчых праграм кандыдатаў, права весці агітацыю за або супраць кандыдата на сходах, мітынгах, у друку, па тэлебачанні і радыё, а таксама ў час сустрэч з выбаршчыкамі. Агітацыя ў дзень выбараў не дапускаецца. Кандыдаты пасля іх рэгістрацыі на час правядзення сустрэч з выбаршчыкамі вызваляюцца ад выканання вытв. або службовых абавязкаў з захаваннем сярэдняй зарплаты; яны не могуць быць накіраваны без іх згоды ў працяглую камандзіроўку або прызваны на тэрміновую ваен. службу ці на ваен. зборы. Выбраным лічыцца кандыдат у дэпутаты, які атрымаў больш за палавіну галасоў выбаршчыкаў, што прынялі ўдзел у галасаванні, калі прызнана, што выбары адбыліся (выбары прызнаюцца неправедзенымі, калі ў іх прыняло ўдзел менш за палавіну ўнесеных у спісы выбаршчыкаў). Калі ў выбарчай акрузе ні адзін з кандыдатаў не быў выбраны ў 1-м туры выбараў, акр. выбарчая камісія прымае рашэнне аб правядзенні 2-га тура галасавання па двух кандыдатах, якія ў 1-м туры атрымалі найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў. У 2-м туры галасавання прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў іх прыняло ўдзел больш за палавіну выбаршчыкаў акругі, унесеных у спісы для галасавання. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў большую колькасць галасоў. У выпадку прызнання Саветам дэпутатаў паўнамоцтваў асобных дэпутатаў несапраўднымі, а таксама ў выпадку адклікання дэпутата для датэрміновага спынення дэпутацкіх паўнамоцтваў у адпаведных выбарчых акругах у трохмесячны тэрмін з моманту выбыцця дэпутата праводзяцца новыя выбары. У выпадку выбыцця дэпутата менш як за 6 месяцаў да заканчэння тэрміну яго паўнамоцтваў выбары замест дэпутата, які выбыў, не праводзяцца.

Адкліканне дэпутатаў ажыццяўляецца па падставах, прадугледжаных законам. Галасаванне аб адкліканні дэпутата праводзіцца ў парадку, прадугледжаным для выбрання дэпутата, па ініцыятыве не менш як дваццаці працэнтаў грамадзян, якія валодаюць выбарчым правам і пражываюць на адпаведнай тэрыторыі. Падставы і парадак адклікання членаў Савета Рэспублікі ўстанаўліваюцца законам. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь можа быць датэрмінова вызвалены ад пасады па падставах і ў парадку, прадугледжаных Канстытуцыяй.

Г.​А.​Маслыка, С.​У.​Скаруліс.

т. 4, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)