ГАЛАКЦІЁНАЎ (Сцяпан Піліпавіч) (1779, С.-Пецярбург — 2.7.1854),

рускі графік. Вучыўся ў Пецярб. АМ (1785—1800) у М.М.Іванава і С.​Шчадрына. Выкладаў там жа (1817—54; праф. з 1831). Працаваў гал. чынам у тэхніцы разцовай гравюры ў спалучэнні з афортам; адзін з першых у Расіі авалодаў тэхнікай літаграфіі. Аўтар краявідаў Пецярбурга і яго ваколіц («Від Марлі і Залатой гары з боку Парнаса ў Пецяргофе», гравюра на медзі, пач. 1800-х г., 12 замалёвак Пецярбурга, літаграфіі па ўласных малюнках, 1821—24), віньетак для пецярб. альманахаў і часопісаў, ілюстрацый да твораў А.​Пушкіна, І.​Крылова і інш. Займаўся таксама жывапісам.

С.Галакціёнаў. Каменнавостраўскі мост. Літаграфія. 1822.

т. 4, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Галакціёнаў С. (мастак) 3/579; 8/639

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Галакціёнаў С. Г. 8/417; 12/478

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯФІ́ЗІКА (ад бія... + фізіка),

біялагічная фізіка, навука пра фіз.-хім. асновы і заканамернасці жыццядзейнасці, а таксама ультраструктуры біял. сістэм на ўсіх узроўнях арганізацыі ад субмалекулярнага да клеткі і цэлага арганізма. Падзяляецца на квантавую, малекулярную, мембранную, клетачную, біяфізіку кіравання і рэгуляцыі, біяфізіку складаных сістэм. Вылучаюць таксама біяфізіку рухомасці, узбуджальнасці, рэцэпцыі, біяэнергет., трансп. працэсаў і інш.

Біяфізіка як навука сфарміравалася ў сярэдзіне 20 ст. Першыя даследаванні біяфіз. характару вядомы з 17 ст. (працы франц. вучонага Дэкарта па вывучэнні органаў пачуццяў). У 1791 адкрыта жывёльная электрычнасць (італьян. вучоны Л.Гальвані). У 2-й пал. 19 ст. ням. вучоныя Г.Гельмгольц і В.Вунт паклалі пачатак фізіял. акустыцы і оптыцы. У Расіі развіццю біяфіз. даследаванняў спрыялі працы І.М.Сечанава (біямеханіка рухаў, канец 19 ст.), П.​П.​Лазарава (іонная тэорыя ўзбуджэння, 1916), Г.М.Франка і С.​Ф.​Радыёнава (фіз. метад выяўлення звышслабага свячэння біяаб’екта, 1950-я г.). У 1953 англ. Вучоныя Дж.Кендру і М.Перуц адкрылі структуру міяглабіну і гемаглабіну.

Станаўленне біяфізікі на Беларусі пачалося з даследаванняў М.М.Гайдукова і Ц.М.Годнева па фотасінтэзе (1924—27). Навукова-даследчыя работы па малекулярнай і мембраннай біяфізіцы вядуцца ў ін-тах АН Беларусі (фотабіялогіі, біяарган. хіміі, біяхіміі, фізікі), БДУ, Гродзенскім і Віцебскім мед. ін-тах. Высветлены прырода і інфарм. магчымасць УФ-флюарэсцэнцыі бялкоў (С.В.Конеў, Я.А.Чарніцкі), рэгуляцыя фотасінтэзу пры адаптацыі праз змяненне структурна-функцыян. стану хларапластаў (В.М.Іванчанка), раскрыты асаблівасці фатонікі малекулы хларафілу (Г.П.Гурыновіч, К.М.Салаўёў), залежнасці радыеадчувальнасці дэзоксірыбануклеапратэідаў ад колькасці міжмалекулярных кантактаў (А.​М.​Пісарэўскі, В.​Т.​Андрыянаў, С.​М.​Чаранкевіч), адкрыты новыя рэгулятарныя механізмы ў палачцы сятчаткі вока (І.​Дз.Валатоўскі). Праведзены даследаванні па матэм. разліку канфармацыі поліпептыдаў і бялкоў (С.​Г.​Галакціёнаў), мембранна-структурным кантролі праліферацыі мікробных клетак (У.​М.​Мажуль), кааператыўных эфектах у пратэаліпасомах (П.​А.​Кісялёў), электрафізіялогіі расліннай клеткі (У.​М.​Юрын), структурнай і рэцэпторнай рэарганізацыі мембранаў мозга пры старэнні (С.​Л.​Аксёнцаў і А.​А.​Мілюцін).

Літ.:

Конев С.В., Волотовский И.Д. Фотобиология. 2 изд. Мн., 1979;

Биофизика. М., 1983;

Рубин А.Б. Биофизика. Кн. 1—2. М., 1987;

Волькенштейн М.В. Общая биофизика. М., 1978.

С.​В.​Конеў.

т. 3, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРАВЮ́РА (франц. gravure),

1) друкаваны адбітак на паперы (ці падобным матэрыяле) з пласціны (дошкі), на якую нанесены малюнак.

2) Від мастацтва графікі, што аб’ядноўвае разнастайныя спосабы ручной апрацоўкі «дошак» і друкавання з іх адбіткаў.

Спецыфічная асаблівасць гравюры — яе тыражнасць (магчымасць атрымаць значную колькасць раўнацэнных адбіткаў). Існуюць гравюра пукатая (часцей на дрэве — дрэварыт ці лінолеуме — лінагравюра) і паглыбленая (часцей на метале — афорт). Нярэдка да яе адносяць і літаграфію («плоская» гравюра). Асн. віды гравюры на метале (медзь, цынк): разцовая, сухая іголка, пункцірная манера, мецца-тынта, афорт, акватынта, мяккі лак, лавіс (маляванне кіслатой на дошцы). Шматколерныя гравюры друкуюцца з некалькіх дошак (на кожную кладуць пэўную фарбу) ці з адной пафарбаванай дошкі. Часта выкарыстоўваецца мяшаная тэхніка (дадаецца пластык, арган. шкло). Разам са станковымі гравюрамі (эстампамі) пашырана кніжная гравюра (ілюстрацыя). Гравюры належыць вял. роля ў мастацтве кнігі, карыкатуры і лубка.

Узнікненне гравюры звязана з рамёствамі, дзе былі працэсы гравіравання: разьба, набойка, ювелірная справа і інш. Гравюра на дрэве вядома ў Кітаі з 6—7 ст., у Зах. Еўропе — на мяжы 14—15 ст. Найб. значныя еўрап. Майстры 15—18 ст.: А.​Дзюрэр, Ж.​Кало, Рэмбрант, Дж.​Піранезі, Ф.​Гоя і інш. На 17—19 ст. прыпадае росквіт яп. ксілаграфіі (К.​Хакусай, Хіросіге). Сярод рус. гравёраў 18—20 ст. вылучаюцца А.​Зубаў, М.​Махаеў, С.​Галакціёнаў, А.​Ухтомскі, В.​Матэ, Г.​Астравумава-Лебедзева, А.​Краўчанка, У.​Фаворскі і інш.

На Беларусі гравюра ўзнікла ў пач. 16 ст. з развіццём кнігадрукавання (гравюра ў выданнях Ф.​Скарыны). У 16—18 ст. значнага ўзроўню дасягнула станковая («абразная») гравюра на дрэве: партрэт, пейзаж, гравюра-тэзіс, лубок. У тэхніцы дрэварыту працавалі П.​Мсціславец, Грынь Іванавіч, Ф.​Ангілейка, В.​Вашчанка, П.​Комар і інш. У 2-й пал. 16 ст. паявілася разцовая гравюра на метале (медзярыт) у творах Т.​Макоўскага. У канцы 17 ст. ўзнікла акватынта. У пач. 19 ст. асвоена тэхніка літаграфіі (творы Ю.​Азямблоўскага, Н.​Орды, Я.​Дамеля). У 20 ст. актыўна развіваюцца ўсе тэхнікі гравюры. У 1920-я г. найб. пашырана ксілаграфія (А.​Астаповіч, З.​Гарбавец, Я.​Мінін, А.​Тычына, С.​Юдовін). У даваен. час у тэхніцы гравюры на дрэве працавалі І.​Гембіцкі, М.​Сеўрук, у тэхніцы афорту — Б.​Малкін, Х.​Тыбер, лінагравюры — Я.​Горыд, літаграфіі — А.​Малярэвіч, Ф.​Фогт. Сярод сучасных майстроў гравюры: у тэхніцы афорту — Л.​Асецкі, І.​Вішнеўскі, А.​Кашкурэвіч, Г.​Паплаўскі, А.​Паслядовіч; літаграфіі — А.​Дзямарын, Г. і Н.​Паплаўскія, В.​Шаранговіч; лінагравюры — С.​Герус, А.​Лось, Шаранговіч; ксілаграфіі — А.​Зайцаў; розных тэхніках — У.​Савіч, М.​Купава, А.​Лапіцкая, М.​Селяшчук, В.​Славук, Л.​Марчанка, Ю.​Герасіменка, А.​Шэвераў і інш.

Літ.:

Турова В.В. Что такое гравюра. [3 изд.]. М., 1986;

Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979;

Яго ж. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984.

А.​М.​Пікулік, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Гравюра. А.​Кашкурэвіч. Ілюстрацыя да трагедыі І.​В.​Гётэ «Фауст». 1976. Сухая іголка.
Да арт. Гравюра. К.​Хакусай. Каляровая гравюра на дрэве з серыі «36 відаў Фудзі». 1823—29.
Да арт. Гравюра. В.​Славук. Ілюстрацыя да беларускай народнай казкі «Удовін сын». 1977. Цынкаграфія.
Да арт. Гравюра. Рэмбрант. Св. Іеранім пад дрэвам. Афорт і сухая іголка.

т. 5, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)