МІЦКЕ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),
бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.Гурскага (1931), «Заложнікі» А.Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.Горкага (1953), «Гаіці» У.Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.Купалы — «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1951).
Літ.:
Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.
Б.І.Бур’ян.
т. 10, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)