ГАЛАДА́ННЕ,
стан арганізма, выкліканы поўнай адсутнасцю або недастатковасцю паступлення пажыўных рэчываў у арганізм, а таксама парушэннем іх засваення. Як нармальная фізіял. з’ява сустракаецца ў некаторых млекакормячых у перыяд спячкі, пры халадовым здранцвенні ў амфібій, рэптылій, рыб, насякомых. Такое галаданне звязана з рэзкім зніжэннем працэсаў абмену рэчываў у арганізме, што дазваляе жывёлам доўга падтрымліваць жыццё пры нязначных затратах энергіі ў неспрыяльныя перыяды. Адрозніваюць: поўнае (пры поўнай адсутнасці ежы, але з прыёмам вады); няпоўнае, недаяданне (пры жыўленні, недастатковым для пакрыцця энергет. і пластычных патрэб арганізма); абсалютнае (пры поўнай адсутнасці ежы і вады); частковае (якаснае) галаданне — недастатковае атрыманне з ежай аднаго або некалькіх пажыўных рэчываў (бялковае, тлушчавае, вугляводнае, мінер., воднае, вітаміннае). Пры поўным галаданні дробныя і маладыя жывёлы, чалавек гінуць хутчэй, напр., дробныя птушкі без корму жывуць 1—2 сутак, куры 15—25, трусы 30, сабакі 45—60, коні, вярблюды да 80, дарослы чалавек 65—70 сутак. Гібель жывёл звычайна настае пры страце каля 50% зыходнай масы цела, без вады — хутчэй. Галаданне выкарыстоўваецца пры лячэнні атлусцення, асобных нервова-псіхічных захворванняў, парушэння абмену рэчываў (рэўматызм, падагра, цукр. дыябет, гіпертанічная хвароба, атэрасклероз, язвавая хвароба, бранхіяльная астма і інш.). Лячэнне поўным галаданнем праводзіцца ў стацыянары.
Л.В.Кірыленка.
т. 4, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАКСІ́Я
(ад гіпа... + лац. oxygenum кісларод),
анаксія, кіслароднае галаданне, кіслародная недастатковасць, паніжаная колькасць кіслароду ў тканках арганізма. Пры гіпаксіі зніжаецца насычанасць кіслародам крыві (гіпаксемія). Бывае ў тых, хто падымаецца на вял. вышыню (лётчыкі, альпіністы), пры хваробах органаў дыхання, сардэчна-сасудзістай сістэмы, атручэнні ядамі. Прыкметы: боль галавы, моташнасць, частковая страта здольнасці рэальна ацэньваць абставіны і кіраваць рухамі. Лячэнне: ліквідацыя асн. хваробы, удыханне кіслароду, сардэчныя сродкі.
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПЕРЭМІ́Я
(ад гіпер... + грэч. haima кроў),
павелічэнне крованапаўнення органа ці тканкі. Адрозніваюць гіперэмію артэрыяльную і вянозную.
Артэрыяльная (актыўная) гіперэмія бывае пры ўзмоцненым прытоку крыві на расшыраных сасудах. Прычыны: павышаная адчувальнасць сасудаў да фізіял. Раздражняльнікаў, уплыў надзвычайных раздражняльнікаў (бактэрыяльныя таксіны, высокая т-ра, прадукты тканкавага распаду і інш.); у чалавека вял. ролю маюць псіхагенныя фактары (сарамлівасць, гнеў і інш.). Прыкметы: расшырэнне дробных сасудаў, павелічэнне іх колькасці і пульсацыі, пачырваненне (напр., гіперэмія твару), павышэнне мясц. крывянога ціску, абмену рэчываў, мясц. т-ры, паскарэнне плыні крыві, узмацненне лімфазвароту і інш. Пры паталаг. зменах у сасудах пры артэрыяльнай гіперэміі можа быць кровазліццё. Вянозная (пасіўная, застойная) гіперэмія бывае пры парушэнні адтоку крыві па венах пры нязменным прытоку ў выніку сціскання вянознай сценкі (рубец, пухліна, варыкознае расшырэнне вен, ацёк і інш.), аслабленай сардэчнай дзейнасці. Характарызуецца запаволеннем плыні крыві (да поўнага яе спынення). Развіваецца кіслароднае галаданне тканак, павышаецца пранікальнасць сасудзістай сценкі, утвараецца ацёк. Працяглы застой крыві і ацёк могуць прывесці да атрафіі парэнхімы органа.
А.С.Лявонава.
т. 5, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)