ГА́КЕЛЯ ХРЫБЕ́Т,

падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым акіяне, працяг Сярэдзінна-Атлантычнага хрыбта ў Арктычным бас. Падзяляе катлавіны Нансена і Амундсена. Даўж. больш за 1000 км; найменшая глыб. над хрыбтом 400 м. Названы ў гонар Я.Я.Гакеля.

т. 4, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́МУНДСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў Паўн. Ледавітым ак., паміж хрыбтамі Ламаносава і Гакеля. Даўж. каля 2 тыс. км; шыр. 200—400 км. Глыб. да 4485 м. Дно выраўнаванае, укрытае гліністымі глеямі. У межах Амудсена катлавіны — Паўночны полюс. Названа ў гонар Р.Амундсена.

т. 1, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́НСЕНА КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў цэнтр. ч. Паўн. Ледавітага ак. Абмежавана на Пн падводным хр. Гакеля, на Пд шпіцбергенска-паўночназямельскім мацерыковым схілам. Пераважаюць глыб. 3000—3500 м, найб. — 3975 м. У зах. ч. катлавіны ўразаецца цясніна Літке з глыб. 5449 м. Названа імем Ф.Нансена.

т. 11, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РКТЫКА,

паўночная палярная вобласць Зямлі, якая ўключае паўн. ўскраіны Еўразіі і Паўн. Амерыкі (акрамя паўд. часткі Грэнландыі і п-ва Лабрадор), амаль увесь Паўн. Ледавіты акіян з астравамі (акрамя Усх. і Паўд. Нарвежскага мора) і прылеглыя часткі Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Паўд. мяжа на сушы суадносіцца з паўд. мяжой зоны тундры (ізатэрма 10 °C самага цёплага месяца — ліп. ці жніўня). Пл. 27 млн. км² (часам мяжой Арктыкі лічаць лінію Паўн. палярнага круга, тады пл. Арктыкі 21 млн. км²). У Паўн. Амерыцы найб. плошчы займаюць невысокія (выш. 400—700 м) узгоркавыя пласкагор’і (Арктычнае плато і інш.). Самыя высокія горы на У Грэнландыі (3700 м, г. Гунб’ёрн), Бафінавай Зямлі і в-ве Элсміра. У рэльефе сушы Еўразіі пераважаюць раўніны. Месцамі ўчасткі гор (горы Быранга на п-ве Таймыр). Многія астравы ўкрыты ледавікамі; пл. ледавікоў Арктыкі 2 млн. км². Карысныя выкапні: каменны і буры вугаль, лігніт, каменная соль, руды каляровых металаў. У мацерыковай ч. многа рэк, якія замярзаюць на 8—10 месяцаў, невял. азёры (воз. Таймыр). У Паўн. Ледавітым ак. вылучаюць шэльф (глыб. 200—300 м), заняты ўскраіннымі морамі (Бафіна, Бофарта, Чукоцкім, Усх.-Сібірскім, Лапцевых, Карскім, Баранцавым, Грэнландскім) і а-вамі мацерыковага паходжання (Канадскі Арктычны Архіпелаг, Новасібірскія а-вы, Паўн. Зямля, Новая Зямля, Зямля Франца-Іосіфа, архіпелаг Шпіцберген і інш.), і дно — глыбакаводную частку, абмежаваную з Пд краем шэльфа Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пл. каля 5,3 млн. км², найб. глыб. 5527 м (упадзіна Літке). Падводныя хр. Ламаносава, Гакеля і Мендзялеева падзяляюць дно на падводныя катлавіны Канадскую, Макарава, Амундсена, Нансена і інш. Працяглая палярная ноч, нізкія значэнні радыяц. балансу (пры адмоўных сярэдніх т-рах студз. ад -30 да -34 °C, ліп. каля 0 °C), фарміраванне Арктычнага антыцыклону, інтэнсіўная цыкланічная дзейнасць спрыяюць існаванню дрэйфуючага ледавіковага покрыва шматгадовых (пакавых) ільдоў. Ледавітасць марскіх акваторый Арктыкі каля 11 млн. км² зімой і каля 8 млн. км² летам. Цыркуляцыя водаў і льдоў вызначаецца водаабменам з Атлантычным і Ціхім акіянамі. Салёнасць 30—32‰. Скорасць дрэйфу лёду і пастаянных цячэнняў 2—4 км за суткі. Панаванне арктычных паветраных масаў, арктычнага клімату, наяўнасць шматгадовай мерзлаты абумовілі існаванне ландшафтаў ледзяных пустыняў, хмызняковай тундры (карлікавая бяроза, вярба, багун) і арктычных пустыняў зоны на прымітыўных арктычных глебах. Жывёльны свет: белы мядзведзь, пясец, паўн. алень, аўцабык; з птушак — белая сава, тундравая курапатка, рагаты жаваранак, «птушыныя кірмашы» (гагі, гусі, казаркі, тундравы лебедзь). У водах Арктыкі 70 відаў фітапланктону і каля 80 розных формаў зоапланктону. У морах — маржы і цюлені. Прамысловыя рыбы: селядзец, траска, пікша, марскі акунь і інш.

У 1937 у раёне полюса была арганізавана першая сав. дрэйфуючая ст. «Паўночны полюс» пад кіраўніцтвам І.​Дз.​Папаніна. Вялікая роля ў асваенні Арктыкі належыць Паўн. марскому шляху. У сучасным міжнар. праве замацаваны падзел Арктыкі на 5 сектараў у адпаведнасці з паўн. граніцамі Расіі, ЗША (Аляска), Канады, Даніі (Грэнландыя) і Нарвегіі, бакавыя межы — мерыдыяны, вяршыня — Паўн. полюс. Усе землі і астравы ў межах кожнага сектара ўваходзяць у склад тэр. прылеглых дзяржаў.

Літ.:

Арикайнен Л.И. Сквозь льды Арктики. М., 1982;

Яго ж. Во льдах Североамериканской Арктики. Л., 1989.

В.​Ю.​Панасюк.

Да арт. Арктыка. Арктычны ландшафт.
Да арт. Арктыка. Белая сава.
Да арт. Арктыка. Статак маржоў у Чукоцкім моры.

т. 1, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНЫ ЛЕДАВІ́ТЫ АКІЯ́Н,

найменшы па плошчы акіян на Зямлі. Размешчаны ў Паўн. паўшар’і, паміж Еўразіяй і Паўн. Амерыкай. Пл. з морамі 14,75 млн. км², аб’ём вады 18,1 млн. км². Сярэдняя глыб. 1225 м, найб. 5527 м (паўн.-ўсх. ч. Грэнландскага м.). Падводнымі парогамі адасоблены ад Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Умоўная мяжа з Атлантычным ак. праходзіць па ўсх. уваходзе ў Гудзонаў прал., па паўд. мяжы Грэнландскага і Нарвежскага мораў; з Ціхім ак. — па паралелі м. Унікын (Чукоцкі п-аў) да перасячэння з берагам п-ва Сьюард (Аляска). У мінулым акіян называлі Паўн. Палярным і Паўн. Ледавітым морамі. Сучасную назву дало ў 1845 Лонданскае геагр. т-ва.

Берагавая лінія моцна парэзана, утварае шмат мораў і заліваў. Да бас. П.Л.а. належаць моры: Грэнландскае, Нарвежскае, Баранцава, Белае, берагі якіх высокія, скалістыя, фіёрдавыя, на У абразіўныя з невял. залівамі; Карскае. Лапцевых, Усх.-Сібірскае, Чукоцкае, Бофарта — іх берагі пераважна складаныя, дэльтавыя, роўныя, месцамі лагунныя; Бафіна, Лінкальна, Гудзонаў заліў (Канадскі бас.), берагі якіх пераважна роўныя, нізкія, месцамі скалістыя, з марскімі тэрасамі (пра моры і залівы гл. адпаведныя арт.).

Астравы пераважна мацерыковага паходжання: Грэнландыя, Канадскі Арктычны архіпелаг, Шпіцберген, Франца-Іосіфа Зямля, Новая Зямля, Паўночная Зямля, Урангеля востраў, Новасібірскія астравы, Калгуеў, Вайгач і інш. агульнай пл. 4 млн. км².

Для рэльефу дна характэрна шырокая зона падводных мацерыковых ускраін. Яна займае 74,6% плошчы дна, шэльф — 50,3%, кантынентальны схіл — 18,4% і падножжа — 5,9%. Шыр. найбуйнейшага Арктычнага шэльфа Еўразіі (глыб. да 500 м) ад 450—800 км (Лапцева-Чукоцкі шэльф) да 1200 км (Баранцава-Карскі шэльф). У Грэнландска-Амерыканскім сектары, Нарвежска-Грэнландскім і Бафінавым басейнах шэльфы адносна вузкія, ад 50—100 да 300 км. Баранцава-Карскі шэльф абрываецца да глыбакаводных басейнаў кантынентальнымі схіламі з найб. перападам глыбінь (да 2500 м). Кантынентальны схіл на Пн ад Новасібірскіх а-воў выражаны ў выглядзе шырокай пакатай ступені, каля Нарвегіі мае шырокае ўскраіннае плато (аваншэльф) Вёрынг. Ад Атлантычнага ак. ў П.Л.а. зігзагападобна цягнецца Сярэдзінна-Арктычны хр., які разломамі падзяляецца на хр. Кольбейнсей, Мона, Кніповіча і Гакеля. Агульная даўж. хрыбта каля 4500 км, шырыня некалькі соцень км, адносная выш. 1—3,5 км. Па абодвух яго баках знаходзяцца глыбакаводныя Грэнландская, Нарвежская і Лафатэнская (глыб. 2200—3500 м) катлавіны Нарвежска-Грэнландскага бас. і катлавіны Амундсена і Нансена (3500—4500 м) Еўразійскага суббасейна. Амеразійскі суббасейн уключае трансарктычную сістэму дадатных і адмоўных морфаструктур рознага паходжання: парог Ламаносава (400—1500 м), пласкагор’е Мендзялеева—Альфа і Чукоцкае падняцце (300—1000 м), катлавіны Макарава (2500—3000 м) і шырокую Канадскую (3200—3800 м) і інш. У межах акіяна вылучаюцца платформавыя блокі, складкаватыя зоны і акіянічныя структуры. Пліты стараж. платформ утвараюць паўн.-ўсх. ч. Баранцава-Карскага і Лапцева-Чукоцкага шэльфаў. У межах шэльфаў развіта зямная кара кантынентальнага тыпу магутнасцю да 40 км. У асобных частках «гранітны» слой адсутнічае і рэзка павялічваецца магутнасць асадкавага чахла. Парог Ламаносава, Чукоцкае падняцце і зоны кантынентальнага схілу маюць субкантынентальную зямную кару магутнасцю 20—25 км. Еўразійскаму суббасейну, Нарвежска-Грэнландскаму бас. і Канадскай катлавіне ўласціва субакіянічная і акіянічная зямная кара (5—15 км) з базітавым фундаментам. Найб. стараж. ўчастак акіяна — Канадская катлавіна, пачатак утварэння якой адносяць да позняй юры — пач. мелу.

Донныя адклады П.Л.а. пераважна тэрыгеннага паходжання. На шэльфах алеўрытавыя, радзей гліністыя ілы, у глыбакаводных басейнах на хрыбтах пясчаныя, у катлавінах гліністыя ілы. Каля кантынентальных падножжаў пашыраны турбідыты. Карысныя выкапні: нафта і газ — у буйных нафтагазаносных басейнах на мацерыковым абрамленні акіяна, якія працягваюцца і на яго шэльфы (Зах.-Сібірскі, Пячорскі, Нарвежска-Грэнландскі бас., Паўночнай Аляскі нафтагазаносны басейн, Свердруп); газагідраты ў м. Бофарта; россыпы касітэрыту на ўзбярэжжах мораў Лапцевых, Усх.-Сібірскага і Чукоцкага; на металаносныя ілы і поліметалічныя гідратэрмальныя радовішчы масіўных сульфідаў перспектыўныя рыфтавыя цясніны Сярэдзінна-Арктычнага хрыбта.

Клімат арктычны. Асн. яго рысы фарміруюцца пад уплывам размяшчэння акіяна ў высокіх шыротах, пастаяннага ледавіковага покрыва, паступлення паветраных мас і вод з Атлантычнага і Ціхага акіянаў. Сярэднегадавы радыяцыйны баланс адмоўны, страты цяпла 85—125 МДж/м². Т-ра паветра ў студз. ў цэнтр. ч. да -36 °C, каля берагоў Нарвегіі -4 °C, у ліп. 1—6 °C. Ападкаў за год адпаведна 75—200 мм і да 1000 мм у Нарвежскім м., звычайна ў выглядзе снегу. Антыцыклоны пануюць над Грэнландыяй і ўсх. сектарам П.Л.а., зімой пашыраюцца на ўсю тэрыторыю. Цыклоны круглы год пранікаюць з Атлантыкі, найб. частыя і глыбокія ў зах. ч. акіяна.

Гідралагічны рэжым. Гал. яго асаблівасць — ільды, якія зімой займаюць каля 90% плошчы акіяна (акрамя Пд Баранцава м.) і захоўваюцца некалькі гадоў (пак 3—5 м таўшчыні). Іх аб’ём каля 26 тыс. км³. Для Бафінава і Грэнландскага мораў характэрны айсбергі. На працягу некалькіх гадоў дрэйфуюць т.зв. ледзяныя астравы (таўшчынёй 30—35 м), якія выкарыстоўваюць для базіравання дрэйфуючых станцый. Сярэдняя скорасць дрэйфу лёду 7 км/сут, макс. — 100 км/сут. У П.Л.а. вылучаецца шырокая антыцыкланальная цыркуляцыя вод у Амеразійскім суббасейне і цыкланальная — у Нарвежска-Грэнландскім бас. Абодва кругавароты падзяляюцца Трансарктычным цячэннем (скорасць 3,7 км/сут), яго працяг — Усх.-Грэнландскае цячэнне (20—30 км/сут) выносіць ​2/​3 сцёку вады з Арктычнага басейна. Цёплыя воды з Атлантычнага ак. прыносяцца Нарвежскім цячэннем, Шпіцбергенскім і Нардкапскім цячэннямі. Праз Берынгаў прал. паступае вады ў 3—4 разы меней. П.Л.а. моцна апрасняецца рэкамі, якія прыносяць штогод больш за 5 тыс. км³ вады. Т-ра паверхневых вод летам -1,4 °C, зімой -1,7 °C, т-ра лёду -10 °C. Салёнасць паверхневых арктычных вод каля 30‰, макс. прыдонных 34,9‰. Шчыльнасць арктычных вод найб. 1026,17 кг/м³. Прылівы няправільныя паўсутачныя (1 м), макс. прыліў у Мязенскай губе Белага м. — 9 м.

Флора і фауна прадстаўлены арктычнымі і атл. формамі. Фітапланктону 200 відаў, пераважаюць дыятамеі. Фітабентас прадстаўлены ламінарыяй, анфельцыяй, фукусавымі, у Белым м. — заасцерай. Заабентасу каля 200 відаў (Нарвежска-Грэнландскі бас. і Баранцава-Карскі шэльф), кіты (паласацік і грэнландскі), млекакормячыя крыяфілы (белы мядзведзь, морж, цюлень) і інш. Рыб 150 відаў, прамысловыя: селядзец, траска, пікша, сайда, мойва і інш. Летам на астравах «птушыныя кірмашы»; гагары, тупікі і інш.

Гаспадарчае выкарыстанне. Моры Нарвежска-Грэнландскага бас., Баранцава-Карскага шэльфа і м. Бафіна — раёны рыбалоўства (мойва, мерланг, путасу, траска, марскі акунь, сайда, селядзец), промыслу грэнландскага цюленя, цюленя-лысуна, бялухі і інш. У Белым м. — водараслевы промысел. На ўзбярэжжах некаторых сібірскіх мораў распрацоўваюцца прыбярэжна-марскія касітэрытавыя і залатаносныя россыпы; у Канадскім Арктычным архіпелагу — свінцова-цынкавыя і жалезныя руды; на скандынаўскім узбярэжжы — храміты, нікелевыя, жалезныя і інш. руды; каля берагоў Грэнландыі — малібдэнавыя руды; у м. Бофарта — газанафтавае радовішча Прадха-Бей. Эксплуатуюцца і інш. газанафтавыя радовішчы. На архіпелагу Шпіцберген здабываецца каменны вугаль. Транспартныя шляхі: у Расіі па Паўночным марскім шляху (2—3 летнія месяцы), у ЗША і Канадзе па Паўночна-Заходнім праходзе (пралівы Канадскага Арктычнага архіпелага). Суднаходныя лініі на Грэнландыю, Ісландыю, Пн Скандынавіі і Шпіцберген у летні перыяд не залежаць ад лядовых умоў. Гал. парты: Мурманск (незамярзаючы), Кандалакша, Беламорск, Архангельск, Дыксан, Тыксі, Певек (Расія), Чэрчыл (Канада), Тромсё і Тронхейм (Нарвегія).

Літ.:

Богданов Ю.А., Каплин П.А., Николаев С.Д. Происхождение и развитие океана. М., 1978;

Богданов Д.В. Океаны и моря накануне XXI в. М., 1991.

А.​Я.​Яротаў.

т. 12, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВІЯ́ЦЫЯ (франц. aviation ад лац. avis птушка),

тэорыя і практыка палётаў у каляземнай паветр. прасторы на апаратах, цяжэйшых за паветра; арганізацыя (служба), якая выкарыстоўвае для палётаў такія апараты. Адрозніваюць грамадзянскую авіяцыю (трансп., сан., спарт., спец. прызначэння і інш.) і ваенную (ваенна-паветраныя сілы, марская авіяцыя, ППА). Для забеспячэння руху па авіялініях грамадз. авіяцыя мае: парк самалётаў і верталётаў, аэрадромы і аэрапорты; службы кіравання палётамі. Асн. абсталяванне лятальных апаратаў: авіяцыйныя рухавікі і паветраныя вінты; электрамех., гідраўл. і пнеўматычныя прыстасаванні для забеспячэння ўзлёту, пасадкі, кіравання; авіяц. прыборы і сістэмы (паветранай скорасці ўказальнік, вышынямер, авіягарызонт, аўтапілот, авіякомпас, гіраскапічныя прыстасаванні і інш.); сродкі навігацыі паветранай, электронікі, выліч. тэхнікі і г.д. Самалётаваджэнне забяспечваюць таксама наземныя сродкі: радыёстанцыі, радыёмаякі, радыёлакацыйныя станцыі, святломех. кодавыя і сігнальныя агні. Авіяцыя развіваецца дзякуючы навук. даследаванням у галінах аэрадынамікі, газавай дынамікі, балістыкі, тэорыі рухавікоў і інш.

Развіццё авіяцыі пачалося з паветраплавання. Франц. марак Ле Бры ў 1857—67 ажыццявіў палёты на пабудаваным ім планёры, ням. інжынер О.​Ліліенталь у 1891—96 пабудаваў і выпрабаваў некалькі планёраў. Рус. вынаходнік А.Ф.Мажайскі ў 1881 атрымаў першы патэнт на самалёт, абсталяваны парасілавой устаноўкай. Упершыню ў 1890 адарваўся ад зямлі самалёт з паравым рухавіком франц. інжынера К.​Адэра. У 1903 падняліся ў паветра на самалёце з рухавіком унутр. згарання амер. вынаходнікі браты У. і О.​Райт. З 1906 будаваў самалёты франц. інжынер Л.Блерыё, які ўпершыню (1909) пераляцеў Ла-Манш. У 1909—14 у Расіі распрацаваны самалёты канструкцыі Я.​М.​Гакеля, Дз.​П.​Грыгаровіча і інш. Палёт на біплане ўласнай канструкцыі ў 1910 ажыццявіў А.​С.​Кудашаў (Кіеў). Прыярытэт у канструяванні верталёта (1909) належыць І.І.Сікорскаму, па яго праекце ў 1913 пабудаваны самалёт-біплан «Рускі віцязь» з 4 рухавікамі па 100 к.с. (удасканаленай канструкцыяй гэтага самалёта быў «Ілья Мурамец»). Тэорыю верталёта ў 1910—12 распрацаваў рус. інжынер Б.​М.​Юр’еў. Вялікі ўплыў на развіццё авіяцыі зрабілі працы М.Я.Жукоўскага і С.А.Чаплыгіна. Папулярызацыі і развіццю авіяцыі садзейнічалі палёты рус. лётчыкаў М.​Яфімава, М.​Папова, Р.​Аляхновіча, Б.​Расінскага, С.​Утачкіна, А.​Васільева, Л.​Андрэадзі, Л.​Маціевіча і інш. У 1910 Папоў дасягнуў рэкорднага ўзлёту на вышыню 600 м, Аляхновіч у 1911 зрабіў 100-кіламетровы пералёт з рэкорднай скорасцю 92 км/гадз. Далейшае развіццё авіяцыя атрымала ў гады 1-й сусв. вайны: скорасць самалётаў вырасла да 220 км/гадз, вышыня палётаў — да 7 тыс. м. Рус. лётчык П.М.Несцераў распрацаваў асновы тэхнікі пілатажу і здзейсніў палёт (1913) па пятлі ў верт. плоскасці (гл. Несцерава пятля). У 1916 першым увёў самалёт у штопар, каб прадэманстраваць спосаб выхаду з яго, рус. лётчык К.​Арцаулаў. У час вайны выкарыстоўваліся цяжкія самалёты-бамбардзіроўшчыкі тыпу «Ілья Мурамец», якія мелі экіпаж да 8 чал., падымалі да 500 кг бомбаў, былі ўзброены 3—7 кулямётамі (камандзірам такога бамбардзіроўшчыка быў А.М.Касценчык з Гродна). Развіццю авіяцыі садзейнічалі працы У.​П.​Вятчынкіна, А.А.Мікуліна, Б.С.Сцечкіна ў галіне тэорыі рухавікоў. У 1922 разгарнулі дзейнасць авіяц. канструктарскія бюро Грыгаровіча, М.М.Палікарпава, А.М.Тупалева, А.​Дз.Швяцова і інш., на самалётах якіх былі атрыманы рэкордныя вынікі. Экіпаж лётчыка М.М.Громава на самалёце «Пралетарый» канструкцыі Тупалева ў 1926 ажыццявіў пералёт па Еўропе. На самалёце «Краіна Саветаў» (таго ж канструктара) экіпаж лётчыка С.​А.​Шастакова ў 1929 пераляцеў з Масквы ў Нью-Йорк праз Сібір і Камчатку. У 1937 экіпажы В.П.Чкалава і Громава зрабілі беспасадачныя пералёты ад Масквы да Амерыкі праз Паўн. полюс. З 1932 канструктары працавалі над развіццём знішчальнай авіяцыі і стварылі першыя скарасныя знішчальнікі-манапланы, якія дасягалі скорасці 450 км/гадз і вышыні палёту 10 км.

У гады 2-й сусв. вайны значную ролю адыграў самалёт-штурмавік Іл-2 канструкцыі С.У.Ільюшына. Знішчальнікі Як-3, Як-9 канструкцыі А.С.Якаўлева сталі асн. самалётамі знішчальнай авіяцыі. Знішчальнікі МіГ-3 (А.І.Мікаяна і М.І.Гурэвіча), Ла-5, Ла-7, Ла-9 (С.​А.​Лавачкіна), бамбардзіроўшчыкі Ту-2 (Тупалева), Пе-2, Пе-8 (У.​М.​Петлякова) не саступалі нямецкім (напр., Ме-109 М), а па асн. паказчыках пераўзыходзілі іх. Пад канец вайны скорасць знішчальнікаў дасягала 700 км/гадз, далёкасць палёту 3 тыс. км, вышыня палёту 13,5 км; скорасць бамбардзіроўшчыкаў — 600 км/гадз, бомбавая нагрузка 5—6 т, вышыня палёту 10,5 км.

Вял. дасягненне авіяцыі — выкарыстанне рэактыўных рухавікоў. Скорасць гуку была дасягнула на самалёце МіГ-17 з такім рухавіком (1948), звышгукавая скорасць на самалёце МіГ-19. Далейшае развіццё авіяцыі было звязана з распрацоўкай магутных і лёгкіх газатурбінных рухавікоў. Створаны самалёты верт. ўзлёту і пасадкі, са зменнай у палёце геаметрыяй крыла. П.В.Сухім распрацаваны рэактыўныя самалёты Су-9, Су-15 і інш. звышгукавыя знішчальнікі са стрэлападобным і трохвугольным крылом. У 1965 пабудаваны трансп. самалёт Ан-22 («Антэй») з найб. у свеце грузападымальнасцю (канструкцыя А.К.Антонава), у 1977 — самалёт кароткага ўзлёту і пасадкі Ан-72. Да канца 1970-х г. скорасць самалётаў дасягнула 3500 км/гадз, найб. вышыня да 30 км, далёкасць палёту больш за 10 тыс. км. Шырокае развіццё атрымалі верталёты. У 1968 пабудаваны верталёт В-12 (канструкцыі М.Л.Міля) рэкорднай грузападымальнасці (12 т). Створаны верталёты разнастайнага прызначэння канструкцыі М.І.Камава. Скорасць верталётаў дасягнула 355 км/гадз, грузападымальнасць 40 т, далёкасць палёту 3400 км, найб. вышыня 12,5 км. У 1980—90-я г. высокімі лётна-тэхн. паказчыкамі вылучаюцца самалёты МіГ-29, МіГ-31, Су-25, Су-27, Ту-160, Ту-154М, аэробус Іл-86, Ан-124 «Руслан», Як-42, Як-96, Ту-204; верталёты Мі-26, Мі-10К (верталёт-кран), Ка-32, вінтакрыл Ка-22, аэрасані Ка-30 і інш. У краінах Зах. Еўропы і Амерыкі ў пасляваен. перыяд на ўзбраенні былі самалёты розных тыпаў і прызначэння, напр. знішчальнікі F-4 «Фантом» і F-104 «Старфайтэр» (ЗША), «Міраж» F.1C і «Міраж-2000» (Францыя), «Тарнада» GR.1 (Вялікабрытанія), знішчальнік-перахопнік F-15 «Ігл», стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі B-52 і B-1B, ваенна-транспартны C-5B «Гелаксі» (грузападымальнасць да 118 т), ваенна-камандны пункт E-4B і самалёт радыёэлектроннай барацьбы EF—111A, сістэмы далёкага радыёлакацыйнага выяўлення АВАКС (на базе «Боінга-707», усе ЗША); эксплуатуюцца пасаж. самалёты: амер. «Боінгі» розных тыпаў, франка-герм. шырокафюзеляжны A-320 (на 331 месца), англа-франц. звышгукавы «Канкорд» і інш. У 1944 створана Міжнар. арг-цыя грамадз. авіяцыі (ІКАО), якая распрацоўвае рэкамендацыі і стандарты па правах палётаў, эксплуатацыі самалётаў, забеспячэння бяспекі палётаў і інш. Значны ўплыў зрабіла авіяцыя на касманаўтыку.

На Беларусі авіялініі звязваюць паміж сабой многія гарады, а таксама рэспубліку з замежнымі краінамі (гл. ў арт. Паветраны транспарт). Статус міжнар. атрымалі абл. аэрапорты Брэста, Гомеля, Гродна, а Мінск-2 пацвердзіў II катэгорыю ІКАО. Працуюць 5 авіякампаній, у т. л. «Белавія» (эксплуатуюцца самалёты: на магістральных трасах Ту-154Б, Ту-154М, Ту-134А, Ан-26, на мясцовых Ан-24, Як-40, Ан-2; верталёты Ка-26, Мі-2 і інш.), Мінскі авіярамонтны з-д (рамантуе самалёты Ту-134, Як-40, Як-42), авіярамонтныя з-ды ў Баранавічах і пад Оршай, Мінскі дзярж. авіяц. каледж (рыхтуе спецыялістаў для грамадз. і ваен. авіяцыі). Сан. авіяцыя забяспечана сан. самалётамі і верталётамі. Авіяцыя спец. прызначэння абслугоўвае сувязь, геал. экспедыцыі, сельскую гаспадарку, пажарную ахову і інш. Гл. таксама Авіяцыйная прамысловасць, Авіяцыйны спорт.

Літ.:

Пономарёв А.Н. Авиация настоящего и будущего. М., 1984;

Яковлев А.С. Советские самолёты. 4 изд. М., 1982;

Андреев И. Боевые самолёты. М., 1981.

Да арт. Авіяцыя. Самалёты: 1 — А.​Ф.​Мажайскага; 2 — братоў Райт; 3 — «Ілья Мурамец».
Да арт. Авіяцыя. Самалёты перыяду 2-й сусветнай вайны: 4 — Іл-2; 5 — Як-3; 6 — МіГ-З; 7 — Ла-7; 8 — Пе-8; 9 — Ме-109 (Германія).
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 10 — МіГ-19; 11 — самалёт вертыкальнага ўзлёту і пасадкі Як-38; 12 — самалёт са зменнай геаметрыяй крыла МіГ-23; 13Ту-154 Іл-76; 14Іл-76 Ту-154; 15 — верталёт Мі-10К.
Да арт. Авіяцыя. Самалёты і верталёты пасляваенных гадоў: 16 — Як-42; 17 — верталёт Ка-26; 18 — F-15 «Ігл» (ЗША); 19 — A-320 (Францыя —Германія).

т. 1, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)