ГАЙДА́Р

(сапр. Голікаў) Аркадзь Пятровіч (22.1.1904, г. Льгоў, Расія — 26.10.1941),

рускі пісьменнік. У перыяд грамадз. вайны ў 15 гадоў камандаваў ротай, у 17 — палком. У Вял. Айч. вайну быў карэспандэнтам газ. «Комсомольская правда». Загінуў на фронце. Пісаў для дзяцей. Творы Гайдара адметныя даверлівай інтанацыяй, веданнем дзіцячай псіхалогіі, займальнасцю сюжэта, рамантыкай рэв. барацьбы, лірызмам («Р.В.С.», 1926; «Школа», 1930; «Ваенная тайна», 1935; «Цімур і яго каманда», 1940, і інш.). Аўтар кінасцэнарыяў «Цімурава клятва», «Камендант снежнай крэпасці». Асобныя творы Гайдара на бел. мову перакладалі С.Грахоўскі, У.Краўчанка, М.Татур, А.Якімовіч і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т.1—3. М., 1986;

Бел. пер.Выбр. творы. Мн., 1954.

Літ.:

Смирнова В.В. Аркадий Гайдар: Очерк жизни и творчества. 2 изд. М., 1972.

Г.І.Дайлідава.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДА́Р Ягор Цімуравіч

(н. 19.3.1956, Масква),

расійскі дзярж. і грамадскі дзеяч, эканаміст. Унук пісьменніка А.Гайдара. Скончыў Маскоўскі ун-т, д-р эканам. навук. З 1980 працаваў ва Усесаюзным НДІ сістэмных даследаванняў, у 1985—87 вядучы навук. супрацоўнік Ін-та эканомікі і прагназавання навук.-тэхн. прагрэсу АН СССР, у 1987—90 на журналісцкай рабоце. У 1990 — 91 дырэктар Ін-та эканам. палітыкі Акадэміі нар. гаспадаркі СССР, у 1991 — 92 нам. Старшыні ўрада РСФСР па пытаннях эканам. палітыкі, міністр эканомікі і фінансаў, з лют. 1992 — міністр фінансаў, 1-ы нам. Старшыні ўрада па эканам. рэформе, выконваючы абавязкі Старшыні ўрада Рас. Федэрацыі. У 1992 і з 1994 дырэктар Ін-та эканам. праблем пераходнага перыяду. У 1993—94 1-ы нам. Старшыні ўрада Расіі, міністр эканомікі. Старшыня партыі «Дэмакратычны выбар Расіі» (з 1994). У 1993—95 дэпутат Дзярж. думы. Гайдар пачаў практычнае ажыццяўленне курсу на рэфармаванне рас. эканомікі.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)