Газатрон (прылада) 3/30, 199, 289

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАТРО́Н,

двухэлектродная газаразрадная прылада, запоўненая інертным газам, вадародам або ртутнай парай, з тлеючым або несамастойным дугавым разрадам. Бывае з халодным (газатрон тлеючага разраду) або падагравальным катодам. Катод і анод вырабляюць з нікелю, сталі або графіту. Выкарыстоўваецца ў якасці эл. вентыля з некіроўным эл. разрадам у высакавольтных выпрамніках магутных радыёпрылад.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРАЗРА́ДНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

іонныя прылады, электронныя прылады, дзеянне якіх заснавана на праходжанні эл. току праз разрэджаны газ. Маюць шкляную або керамічную абалонку, запоўненую інертным газам, вадародам або парай ртуці пад ціскам. Момантам запальвання разраду кіруюць з дапамогай дадатковых электродаў (сетак або падпальных электродаў). Форма разраду (дугавы, тлеючы, іскравы ці каронны; гл. Электрычныя разрады ў газах, Іанізацыя) і яго ўласцівасці залежаць ад ціску газу, тыпу катода, канстр. асаблівасцей прылады, сілы току і інш. (гл. Газаразрадныя індыкатары, Газаразрадныя крыніцы святла, Газатрон і да т.п.).

Ф.А.Ткачэнка.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫПРА́МНІК ТО́КУ,

прыстасаванне для ператварэння пераменнага току (адна- або трохфазнага) у пастаянны ток. Складаецца з уласна выпрамніка (блока эл. вентыляў), трансфарматара (пры неабходнасці змяніць напружанне эл. сеткі да патрэбнай велічыні) і эл. фільтра (згладжвае пульсацыю выпрамленага напружання). Выпрамнікі току бываюць: электракантактныя, электравакуумныя (кенатронныя; гл. Кенатрон), газаразрадныя (гл. Газатрон, Ігнітрон, Тыратрон, Эксітрон) і паўправадніковыя (гл. ў арт. Паўправадніковыя прылады), адно- і двухпаўперыядныя, маставыя і з нулявым вывадам; адна-, трох- і мнагафазныя; рэгулёўныя і нерэгулёўныя.

Прасцейшыя аднапаўперыядныя аднафазныя выпрамнікі току маюць адзін вентыль, які прапускае пераменны ток толькі ў адным напрамку; выкарыстоўваюцца ў маламагутных (напр., бытавых) прыладах. Лепш згладжваюць пульсацыю напружання двухпаўперыядныя аднафазавыя выпрамнікі току, якія выкарыстоўваюцца пераважна ў прыстасаваннях са спажыванай магутнасцю да некалькіх кілават (радыёапаратура, прылады аўтаматыкі, тэлемеханікі і інш.), часам — для сілкавання магутных (да 1000 кВт) прыстасаванняў (напр., цягавых рухавікоў электравозаў). Двухпаўперыядныя трохфазавыя выпрамнікі току выкарыстоўваюцца ў магутных устаноўках прадпрыемстваў электраметалургіі, электрахіміі і інш. Мнагафазныя выпрамнікі току атрымліваюць павелічэннем ліку другасных абмотак трансфарматара і пэўным іх злучэннем, яны значна зніжаюць пульсацыю выходнага напружання.

У.М.Сацута.

т. 4, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)