Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
СЛУ́ЦКАЯ МАНУФАКТУ́РА ШАЎКО́ВЫХ ПАЯСО́Ў, Слуцкая персіярня. Дзейнічала ў 1740—1844 у г. Слуцк Мінскай вобл. У 1760-я г. да яе далучана Нясвіжская персіярня, што існавала з 1740-х г. у прыгарадзе Нясвіжа Альба. На мануфактуру быў запрошаны з г. Станіслава (цяпер Івана-Франкоўск, Украіна) майстар Я.Маджарскі (гл. ў арт. Маджарскія). Напачатку тут працавалі тур. майстры, потым падрыхтаваны бел. майстры ручнога шаўкаткацтва М.Баранцэвіч, І.Барсук, Я.Гадоўскі, Капчыла, Лойка, Т.Хаецкі і інш. У 1793 працавала 60 майстроў, было 28 станкоў. Выраблялі слуцкія паясы, а таксама шаўковыя пакрывалы і махры, залатыя і сярэбраныя галуны, падвязкі, стужкі, габелены, дываны. З пач. 19 ст. выпускала пераважна тканіны для літургічнага ўжытку.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Дз.С.Трызна.
т. 15, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,
вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.
Літ.:
Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.
Я.М.Сахута.
т. 11, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)