ЗІГРО́ЎСКІ Антон Антонавіч (6.2.1906, Мінск — 1937),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1935). Выступаў у Трупе У.​Галубка (БДТ-3). Творчай манеры характэрны высокае майстэрства пераўвасаблення, дакладны псіхал. малюнак, тонкі артыстызм. Найб. значныя ролі: памешчык («Пінская мадонна» У.​Галубка), Вася Балабан («Гісторыя пяці хвастоў» Л.​Левіна), Лундышаў («Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі), Кадлуб-Дабравольскі («Сяржант Дроб» Э.​Самуйлёнка), Юсаў («Даходнае месца» А.​Астроўскага) і інш. Рэпрэсіраваны ў 1937, рэабілітаваны ў 1957.

А.А.Згіроўскі.

т. 7, с. 45

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РАЎ (сапр. Маркін) Аляксей Максімавіч

(19.8.1904, в. Кірылава Беднадзям’янаўскага р-на Пензенскай вобл., Расія —29.11.1977),

бел. і расійскі акцёр. Засл. арт. Беларусі (1963). Скончыў Цэнтр. тэхнікум тэатр. мастацтва ў Маскве (1929). Працаваў акцёрам і рэжысёрам тэатраў Уладзівастока, Масквы, Спаска, Хабараўска, у БДТ-2. У 1947—77 у Брэсцкім абл. драм. т-ры. Выканаўца характарных і камедыйных роляў. Лепшым работам уласцівы вастрыня пластычнага малюнка, дакладнасць сац. і псіхал. характарыстык, жыццёвая верагоднасць: Гарошка («Выбачайце, калі ласка!» А.​Макаёнка), доктар Савіч («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Муратаў («Зыкавы» М.​Горкага), Жавакін («Жаніцьба» М.​Гогаля), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна), Скамарох («Праз сто гадоў у бярозавым гаі» В.​Карастылёва), доктар Эмет («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.​Патрыка).

А.​А.​Лабовіч.

т. 14, с. 133

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧАРГА́ Іван Антонавіч (6.10.1881, г. Носаўка Чарнігаўскай вобл., Украіна — 29.12.1952),

украінскі драматург. Засл. дз. маст. Украіны (1950). Скончыў Кіеўскі ун-т (1903). Друкаваўся з 1904 (як тэатр. крытык). Аўтар п’ес гіст. тэматыкі: драм. казкі «Песня ў келіху» (паст. 1926), камедый «Фея горкага міндалю» (паст. 1926), «Марка ў пекле» (паст. 1928), «Гадзіншчык і курыца, ці Майстры часу» (1934, паст. БДТ-3 1935), драм. паэм «Свеччына вяселле» (1931), «Яраслаў Мудры» (1946, Дзярж. прэмія СССР 1948), «Прарок» (нап. 1948, пра Т.​Шаўчэнку). Сучасная яму рэчаіснасць у п’есах «Пойдзеш — не вернешся» (1936), «Імя» (1937), «Экзамен па анатоміі» (1940), «Начная трывога» (1943) і інш. Творы К. вызначаюцца філас. напоўненасцю, паглыбленай цікавасцю да маральна-этычных праблем.

Тв.:

Твори. Київ, 1976;

Рус. пер. — Исторические драмы. М., 1954.

Літ.:

Голубева З.С. Іван Кочерга. Київ, 1981.

В.​А.​Чабаненка.

т. 8, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЦКЕ́ВІЧ Мікалай Антонавіч (16.1. 1901, г.п. Парычы Светлагорскага р-на Гомельскай вобл. — 23.2.1954),

бел. рэжысёр і акцёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1949). Скончыў Бел. драм. студыю ў Маскве (1926). У 1918—20 акцёр Першага т-ва бел. драмы і камедыі. З 1926 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа (у 1931—33 маст. кіраўнік студыі пры т-ры), у 1934—41 рэжысёр т-раў на Украіне. Сярод роляў у т-ры Я.​Коласа: Адольф, («Цар Максімілян»), Галадуха («Сон у летнюю ноч» У.​Шэкспіра), фон Штубе («Разлом» Б.​Лаўранёва), Гадзіншчык («Крамлёўскія куранты» М.​Пагодзіна). Стварыў яркія спектаклі па п’есах бел. аўтараў: «Качагары» І.​Гурскага (1931), «Заложнікі» А.​Кучара (1944), «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы (1950). Пастаноўкі вызначаліся яскравай сцэн. формай, індывідуалізацыяй вобраза ў масавых сцэнах, лаканізмам выразных сродкаў: «Жаніцьба Фігаро» П.​Бамаршэ (сурэжысёр, 1933), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943), «Тэатр Клары Гасуль» П.​Мерымэ (1944), «Праўда добра, а шчасце лепш» А.​Астроўскага (1950), «Васа Жалязнова» М.​Горкага (1953), «Гаіці» У.​Дзюбуа (1954). У БДТ-3 паставіў спектакль «Дыктатура» І.​Мікітэнкі (1930), у т-ры імя Я.​Купалы — «Вішнёвы сад» А.​Чэхава (1951).

Літ.:

Скібнеўскі А. Мікола Міцкевіч // Слова пра майстроў сцэны. Мн., 1967.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 10, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭН Юдаль (Іегуда) Моўшавіч (5.6.1854, г. Зарасай Уценскага пав., Літва —28.2.1937),

бел. жывапісец, педагог. Скончыў Пецярбургскую АМ (1885). У 1886—91 працаваў у г. Дзвінск (цяпер г. Даўгаўпілс, Латвія), Рызе, Крэйцбургу (цяпер г. Екабпілс, Латвія). З 1891 жыў у Віцебску. У 1897 стварыў Віцебскую школу-майстэрню Ю.​Пэна, у 1918—23 кіраваў майстэрняй у Віцебскім нар. маст. вучылішчы. Працаваў пераважна ў жанры кампазіцыйнага партрэта, а таксама пейзажа, тэматычнай карціны. У творчасці развіваў традыцыі перасоўнікаў. У шэрагу работ звяртаўся да адлюстравання гар. побыту: «Вуліца ў Віцебску», «Старая з пісьмом» (1903); «Гадзіншчык», «Стары кравец», «Яўрэйскі рабін», «Апошняя субота» і інш.); сац. тэматыкі: «Стары салдат» (1902), «Жабрак», «Пасля забастоўкі» (1905), «У турме» (1920-я г.). Высокім майстэрствам выканання вылучаюцца партрэты-тыпы: «Шавец-камсамолец» (1925), «Сват» (1926), «Швачка», «Партрэт стогадовага селяніна» (абодва 1927), «Пекар» (1928), партрэты мастакоў М.​Шагала, Л.​Шульмана, «Аўтапартрэт у саламяным капелюшы», «Партрэт брата», «Аўтапартрэт» (1922), «Аўтапартрэт з пэндзлем», «Дама ў аксамітавай сукенцы» і інш. У 1939—41 у Віцебску існавала карцінная галерэя твораў П. (каля 800 работ).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Казовский Г. Художники Витебска: Иегуда Пэн и его ученики: Пер. с англ. М., 1994;

Рывкин М., Шульман А. Запомните его имя: Юдель (Юрий) Пэн (1854—1937): Художник и педагог. Витебск, 1994;

Лисов А. Из истории витебской картинной галереи имени Ю.​М.​Пэна // Шагаловский сборник: Материалы I—V Шагаловских дней в Витебске (1991—1995). Витебск, 1996. Матэрыялы да выстаўкі твораў Ю.​М.​Пэна. Мн., 1993.

А.​Г.​Лісаў.

Ю.Пэн. Аўтапартрэт. 1922.

т. 13, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІРО́ВІЧ (сапр. Дунаеў) Еўсцігней Афінагенавіч

(10.8.1878, С.-Пецярбург — 16.2.1952),

бел. драматург, рэжысёр, педагог, адзін са стваральнікаў бел. т-ра. Нар. арт. Беларусі (1940). Праф. (1945). Скончыў школу малявання пры Акадэміі мастацтваў і курсы Пецярбургскага гуртка аматараў драм. мастацтва імя Волкава. Прафесійную сцэн. дзейнасць пачаў у 1900 у Пецярбургу як акцёр і рэжысёр. З 1919 працаваў на Беларусі. Акцёр і рэжысёр Мінскага гарнізоннага т-ра (1919), Т-ра рэв. сатыры («Тэрэўсат», 1921), рус. т-ра «Шануар» (1922). Маст. кіраўнік Бел. т-ра імя Я.​Купалы (1921—31, у 1941—45 рэж.), Гомельскага ТРАМа (з 1932), Гомельскага калгасна-саўгаснага (з 1935) і Бел. юнага гледача (1937—40) т-раў, Рэсп. тэатр. вучылішча (1938—41). З 1945 маст. кіраўнік і заг. кафедры майстэрства акцёра Бел. тэатр. ін-та. З 1904 выступаў як драматург. Першыя п’есы «Алекуны» (нап. 1904), «Гнілыя ўстоі» (нап. 1905), «Сучасны вампір» («Жах часу») і «Ноч мільянера» (абедзве нап. 1906, забаронены царскай цэнзурай). З дакастр. п’ес і сатыр. сцэнічных мініяцюр папулярнасцю карысталіся «Графіня Эльвіра», «Тэатр купца Япішкіна» (паст. Бел. тэлебачаннем 1978, Т-рам-студыяй кінаакцёра 1993), «Вова прыстасаваўся», «Крутавертаў і сын». Некаторыя персанажы гэтых п’ес сталі назыўнымі. У п’есах «Машэка» (першая п’еса на бел. мове, пач. назва «У часы даўнейшыя», паст. 1923) і «Каваль-ваявода» (паст. 1925) шырока выкарыстаў фалькл. сюжэты, традыцыі бел. нар. драмы. Драм. творы М. вызначаліся жанрава-тэматычнай шырынёй, сцэнічнасцю, глыбінёй пранікнення ў псіхалогію герояў. Укладам у развіццё сатыр. жанраў бел. л-ры з’явілася яго камедыя «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (паст. 1925). П’еса «Кастусь Каліноўскі» (паст. 1923, экранізавана 1928) — першая спроба стварэння гіст. драмы на Беларусі. У драме «Перамога» (паст. 1926) упершыню ў сав. драматургіі выкарыстаў «кінематаграфічныя» кампазіцыйныя элементы. Паслядоўнік вучэння К.​Станіслаўскага, рэжысёр высокай тэатр. культуры, М. узбагаціў бел. сцэну лепшымі традыцыямі сусв. і рус. рэаліст. мастацтва. Гал. прынцып рэжысуры — творча асэнсаваная і ўвасобленая на сцэне жыццёвая праўда, дакладная распрацоўка псіхалогіі характараў, стварэнне сцэн. твора ў суладдзі з аўтарскай канцэпцыяй, логікай паводзін персанажаў, ансамблевасць выканання. Шырока апіраўся на нар. традыцыі, выкарыстоўваючы элементы фальклору і этнаграфіі як вобразны кампанент спектакля, сродак вобразнага ўздзеяння на гледача. Шмат увагі аддаваў распрацоўцы нар. масавых сцэн. Зрабіў вял. ўплыў на фарміраванне бел. нац. акцёрскай школы і рэжысуры. Сярод пастановак: «На Купалле» М.​Чарота (1921), «Пасланец» Л.​Родзевіча, «Вучань д’ябла» Б.​Шоу (абодва 1922), «Мешчанін у дваранах» Мальера (1924), «Змрок» В.​Шашалевіча, «Мяцеж» Дз.​Фурманава і С.​Паліванава (абодва 1927), «Гута» Р.​Кобеца (1930), «Гадзіншчык і курыца» І.​Качаргі (1935), «Даходнае месца» А.​Астроўскага (1936), «Цудоўная дудка» В.​Вольскага (1939) і інш. Пра М. зняты дакумент. фільм «Праз усё жыццё» (1978). У 1998 у Нац. т-ры імя Я.​Купалы пастаўлена п’еса «Інтымны тэатр Еўсцігнея Міровіча» паводле твораў М., створаных для «Інтымнага тэатра», якім ён кіраваў у Пецярбургу.

Тв.:

П’есы. Мн., 1957.

Літ.:

Пятровіч С.А. Еўсцігней Міровіч. 2 выд. Мн., 1978.

С.​С.​Лаўшук, К.​Б.​Кузняцова (тэатр).

Е.А.Міровіч.

т. 10, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)