ГАГА́Т
(ад грэч. gagatēs чорны бурштын),
разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.
т. 4, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫРАБНЫ́Я КАМЯНІ́,
дэкаратыўныя мінеральныя агрэгаты і горныя пароды, якія маюць прыгожы колер ці малюнак і выкарыстоўваюцца для вытв-сці разнастайных маст. вырабаў і сувеніраў. Важнейшая ўласцівасць вырабных камянёў — здольнасць добра паліравацца. Адрозніваюць цвёрдыя вырабныя камяні — цв. 5 і вышэй па шкале Моаса (яшмы, акамянелае дрэва, абсідыян і інш.) і мяккія вырабныя камяні — цв. 4 і ніжэй (мармуровы онікс, гагат, серпенцініт і інш.). Найб. рэдкія і высокадэкаратыўныя камяні, якія часткова выкарыстоўваюць у ювелірных і ювелірна-галантарэйных вырабах (малахіт, лазурыт, нефрыт, жадэіт, агат, раданіт і г.д.), іншы раз вылучаюць у асобную групу ювелірна-вырабных камянёў. У шэрагу краін існуе заканадаўчая рэгламентацыя здабычы і выкарыстання каштоўных камянёў з ліку вырабных.
т. 4, с. 319
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)