ГРЭНЛА́НДСКІ НАЦЫЯНА́ЛЬНЫ ПАРК
(Grønland),
на ПнУ в-ва Грэнландыя. Засн. ў 1974. Пл. каля 70 млн. га. Ландшафты арктычных пустынь, на схілах узгоркаў — травяная расліннасць. У фауне звычайныя аўцабык, белы мядзведзь, маржы, цюлені, пясцы, заяц, гарнастай, з птушак — белая курапатка, гага, белашчокая казарка, гусь Роса, белая сава, крэчат. Біясферны рэзерват.
т. 5, с. 494
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СТРАЎ УРА́НГЕЛЯ,
запаведнік у Расіі, у Магаданскай вобл. Размешчаны на а-вах Урангеля і Геральд ў Паўн. Ледавітым ак., на мяжы Усх.-Сібірскага і Чукоцкага м. Засн. ў 1976 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў арктычных астравоў, у першую чаргу радзільных бярлог (каля 250) белага мядзведзя, занесенага ў Чырв. кнігу. Пл. 795,6 тыс. га. На в-ве Геральд знаходзяцца самыя буйныя ў свеце лежні маржоў (каля 95 тыс. асобін), трапляюцца таксама лахтак, нерпа, расамаха. На в-аў Урангеля завезены свойскі паўн. алень і аўцабык. Разнастайная арнітафауна: белая гусь (адзінае месца гнездавання, каля 100 тыс. птушак штогод, від занесены ў Чырв. кнігу), чорная казарка, звычайная гага, маранкі, кулікі, паморнікі і інш.; вял. птушыныя базары з фонавымі відамі берынгава баклана, чайкі-мыеўкі і кайры.
т. 4, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ГІ
(Somateria),
род нырцовых качак. 4 віды. Пашыраны на ўзбярэжжы палярных мораў Еўразіі і Паўн. Амерыкі.
Найб. вядомая гага звычайная (Somateria mollisima).
Даўж. да 63 см, маса 0,5—3 кт. Добра выражаны палавы дымарфізм: апярэнне самца яркае (зверху белае, на грудзях ружовае, на брушку чорнае, чорная «шапачка», зялёная патыліца); самкі бурыя з пярэсцінкамі. Галава вялікая, дзюба масіўная. Пярэднія пальцы ног злучаны перапонкай, заднія з шырокай лопасцю. Кормяцца пераважна малюскамі і дробнымі ракападобнымі. Гняздуюцца на зямлі, радзей на скалах калоніямі і паасобку. На грудзях і брушку у самак увесну вырастае лёгкі і пругкі пух, якім яны высцілаюць гняздо і робяць па краі валік Пух (17—20 г з гнязда) каштоўны, выкарыстоўваюць для ўцяплення адзення. Паляванне на гаг забаронена, ёсць запаведнікі па іх ахове. Лёгка прыручаюцца.
т. 4, с. 418
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)