Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІШНЯВЕ́Ц,
вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 18 км на Пд ад горада і чыг. ст. Стоўбцы, 96 км ад Мінска, на аўтадарозе Нясвіж—Стоўбцы. 681 ж., 211 двароў (1996).
Заснавана як мястэчка ў сярэдзіне 18 ст. паміж маёнткам і в.Гавязна (цяпер в. Навапольцы) пад назвай Гавязна 2-я. У 1742 бенедыкцінкі паставілі тут уніяцкую царкву (з 1850 праваслаўная). З 1793 у Рас. імперыі ў Слуцкім пав. Мінскай губ. У 1845 адкрыта нар. вучылішча. У 19 — пач. 20 ст. цэнтр воласці. У 1880 — валасная ўправа, плябанія, карчма, штогадовы кірмаш. У 1897 — 215 ж., 31 двор. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Навагрудскага ваяв., з 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Стаўбцоўскага р-на. У 1964 перайменавана ў Вішнявец. У 1970 — 307 ж., 87 двароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — Вішнявецкая царква Іаана Хрысціцеля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.