ГАВА́Р,

газанафтавае радовішча ў Саудаўскай Аравіі, адно з найбуйнейшых у свеце. За 20 км на З ад г. Эль-Хуфуф. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1948, распрацоўваецца з 1951. Пач. запасы нафты 10 136 млн. т, газу 1013 млрд. м³. Паклады на глыб. 1,5—3 км. Шчыльн. нафты 850—865 кг/м³. Свідравіны фантануючыя. Нафтаправоды ў парты Рас-Танура і Янбу.

т. 4, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),

вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш. арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл. Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл. Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).

Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл. Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.

Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн. км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн. км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн. км²); гл. Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн. т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн. т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.

На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл. Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн. ч. Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б. «Беларусьгеалогія») і ВА «Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел. дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т ВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».

Літ.:

Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;

Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.

У.​А.​Багіна, Ю.​Р.​Егіязараў, А.​Ф.​Мікуленка.

Нафта.

т. 11, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САУ́ДАЎСКАЯ АРА́ВІЯ, Каралеўства Саудаўская Аравія (араб. Аль-Мамляка аль-Арабія ас-Саудыя),

дзяржава ў Паўд.-Зах. Азіі на Аравійскім паўвостраве. Мяжуе на Пн з Іарданіяй, Іракам, Кувейтам, на ПдУ з Катарам і Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі, на Пд з Йеменам і Аманам. На ПдЗ абмываецца Чырвоным м., на ПнУ — Персідскім зал. Пл. 2,24 млн. км² (паводле інш. звестак ад 1,6 млн. км² да 2,4 млн. км²; межы С.А. праходзяць па пустынях і дакладна не вызначаны). Нас. 22 023 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам. Сталіца — г. Эр-Рыяд. Краіна падзяляецца на 13 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння каралеўства (23 вер.).

Дзяржаўны лад. С.А. — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы і духоўны кіраўнік — кароль, які адначасова з’яўляецца прэм’ер-міністрам, галоўнакамандуючым узбр. сіламі і вярх. суддзёй. Выканаўчы орган — Савет Міністраў, членаў якога назначае кароль. Дзейнічае Кансультатыўны савет (90 членаў, назначаюцца каралём на 4 гады), які выпрацоўвае рэкамендацыі ўраду па пытаннях сац.-эканам. развіцця краіны, дае заключэнні па прававых актах і міжнар. пагадненнях.

Прырода. Большую частку краіны займае пласкагор’е выш. ад 200—300 м на У да 1000—1300 м на З, складзена з крышт. парод. Уздоўж Чырвонага м. горы Асіра і Хіджаза з г. Джабаль-Сауда (3353 м), прыбярэжная раўніна Тыхама.

Каля Персідскага зал. нізіна Эль-Хаса. Ва ўнутр. раёнах пустыні Вялікі Нефуд, Малы Нефуд, Руб-эль-Халі. Вял. запасы нафты — 35,8 млрд. т (25% сусв. запасаў, 1-е месца ў свеце) і прыроднага газу (5-е месца ў свеце) на У, каля ўзбярэжжа і на шэльфе Персідскага зал. Ёсць жал., свінцова-цынкавыя, медныя, залатыя і сярэбраныя руды, каменная соль і інш. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны. Лета гарачае, сухое, зіма цёплая. Сярэдняя т-ра студз. 10—20 °C, ліп. 30—35 °C. Ападкаў каля 100 мм за год, у гарах да 400 мм. Бываюць пясчаныя буры (самумы). Рэк няма, шмат сухіх рэчышчаў (вадзі). Гасп. значэнне маюць падземныя воды. Расліннасць пустынная і паўпустынная, разрэджаная. Характэрны паўхмызнякі (палын, астрагал) і травы; у аазісах — дрэвавая расліннасць (аравійская акацыя, міра, фінікавая пальма, фруктовыя дрэвы і інш). Для жывёльнага свету характэрны грызуны, змеі, яшчаркі, драпежныя птушкі. Сустракаюцца антылопы, газелі, дзікі асёл, гепарды, шакалы, гіены. Ёсць ачагі саранчы. Нац. парк Асір.

Насельніцтва. Каля 95% складаюць арабы, у т. л. каля 82% — саудаўскія арабы, каля 13% — арабы з Йемена, Амана, Іарданіі і інш. Жывуць таксама іранцы, афрыканцы, выхадцы з Пакістана і Індыі, групы еўрапейцаў і амерыканцаў. Карэннае насельніцтва падзяляецца на плямёны, ёсць качэўнікі-бедуіны і паўкачэўнікі. Сярэднегадавы прырост больш за 3%. Сярэдняя шчыльн. каля 10 чал. на 1 км², у аазісах і прамысл. раёнах да 50—100 чал на 1 км², у пустынях каля 1 чал. на 1 км². У гарадах 85% насельніцтва. Найб. гарады (млн. ж., 1998): Эр-Рыяд — 2,6, Мекка — 1,5, Джыда — 1,5, Медына — 0,5. У прам-сці, буд-ве і здабычы нафты занята 25% працаздольнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 5%, у кіраванні —40%, у абслуговых галінах —30%. У краіне працуе некалькі мільёнаў замежных рабочых.

Гісторыя. Аравійскі п-аў з’яўляецца радзімай семіцкіх плямён. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. большасць паўвострава засялялі стараж.-араб. плямёны. У 1-м тыс. да н.э. тут складаліся першыя дзяржавы: Мінейскае, Сабейскае, Хім’ярыцкае царствы. У 4—6 ст. н.э. ў Аравіі фарміравалася адзіная араб. народнасць адначасова з узвышэннем вобл. Хіджаз на З Аравіі. У пач. 7 ст. ў Хіджазе ўзнікла новая рэлігія — іслам, які здолеў аб’яднаць араб. плямёны. У выніку арабскіх заваяванняў створана вял. дзяржава — Арабскі халіфат (гл. Халіфат) са сталіцай у Медыне. Каля 660 халіф Муавія I перанёс сталіцу халіфата з Медыны ў Дамаск, пасля чаго Аравія страціла становішча цэнтра дзяржавы. У пач. 16 ст. туркі-асманы ўсталявалі кантроль над зах. р-намі Аравіі — Хіджазам і ч. Асіра, а ў 19 ст. англічане падпарадкавалі паўд. і ўсх. ўзбярэжжа. Але цэнтр. вобласці захавалі сваю незалежнасць. У пач. 18 ст. ў Недждзе, у аазісе Дэрыя, каля сучаснага Эр-Рыяда ўзнік эмірат на чале з дынастыяй Саўдыдаў, якую засн. Сауд (п. 1725). Яго сын Мухамед ібн Сауд у 1745 падтрымаў рэліг. рэфарматара Мухамеда ібн Абд-аль-Вахаба, заснавальніка рэліг.-паліт. руху вахабізму. Пад сцягам вахабізму Саўдыды аб’ядналі Неджд і заваявалі б.ч. Аравіі. У 1811—18 войскі правіцеля Егіпта Мухамеда Алі разграмілі дзяржаву вахабітаў. У 1842 Саўдыды аднавілі свой эмірат са сталіцай у Эр-Рыядзе (праіснаваў да 1891). У 1902 адзін з Саўдыдаў Абд-аль-Азіз адваяваў Эр-Рыяд і абвясціў сябе правіцелем вахабіцкай дзяржавы пад імем Ібн Сауда [1902—53]. У 1906 ён усталяваў уладу над усім Недждам, заваяваў Эль-Хасу (1913), Асір (1920) і Хіджаз (1925). У 1932 усе ўладанні Ібн Сауда абвешчаны каралеўствам С.А. З 1938 амер. кампанія «Арамка» пачала тут здабычу нафты, прыбыткі ад якой сталі пасля 2-й сусв. вайны асновай эканам. росквіту С.А. Потым каралеўствам кіравалі сыны Ібн Сауда: Сауд [1953—64], Фейсал [1964—75], Халед [1975—82] і Фахд [з 1982].

З 1964 пры Фейсале пераважная ўвага аддавалася развіццю нафтавай прам-сці, будаўніцтву інфраструктуры і г.д., усталяваны кантроль над здабычай нафты; пазіцыі С.А. ўзмацніліся ва ўсім мусульм. свеце. Яе ўрад аказвае вял. фін. дапамогу інш. мусульм. краінам. Ірана-іракская вайна 1980—88 падштурхнула Саўдыдаў да пошуку і замацавання сувязей з княствамі Перс. заліва. Яны сталі ініцыятарамі стварэння ў 1981 Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва, які аказваў дапамогу Іраку ў вайне з Іранам. У час Кувейцкага крызісу 1990—91 С.А. выступіла супраць іракскай акупацыі Кувейта і далучылася да шматнац. кааліцыі супраць Ірака. У знешняй палітыцы С.А. арыентуецца на ЗША і зах. краіны. С.А. — чл. ААН (з 1945), Лігі араб. дзяржаў (з 1945), Савета супрацоўніцтва араб. дзяржаў Перс. заліва (з 1981). Дыпламат. адносіны паміж С.А. і Рэспублікай Беларусь усталяваны 6.6.1997.

Гаспадарка. С.А. — індустр.-агр. краіна. Эканоміка змешанага тыпу, з важнай роляй і дзярж., і прыватнага сектараў. Гал. прамысл. кампаніі ў сумесным уладанні дзяржавы і замежных карпарацый. З 1970 краіна развіваецца па пяцігадовых планах. У 1998 валавы ўнутр. прадукт (ВУП) склаў 186 млрд. дол., па 8500 дол. на чал. Структура ВУП: прам-сць 47%, сельская гаспадарка 6%, сфера паслуг 47%. Аснову эканомікі складае нафтагазавая прам-сць. У 1998 здабыта 443 млн. т нафты (3-е месца пасля ЗША і Расіі; больш за 10% сусв. здабычы). Здабыча нафты эфектыўная, яна залягае неглыбока (да 2—3 тыс. м), маласярністая, свідравіны высокадэбітныя. Асн. радовішчы: Гавар, Абкайк, Сафанія, Маніфа і інш. на У краіны. Большая ч. прыроднага газу здабываецца на радовішчах Гавар, Сафанія, Зулуф. Працуюць 8 нафтаперапр. з-даў у Рас-Тануры, Рас-Хафджы, Джыдзе, Дахране, Эр-Рыядзе, Янбу, прадпрыемствы па звадкаванні газу на экспарт у Рас-Тануры, Абкайку, Янбу. Пераважная ч. нафты і прыроднага газу здабываецца дзярж. кампаніяй «Арамка» з удзелам амер. капіталу, кантроль над ёй ажыццяўляе дзярж. арг-цыя «Петрамін». Здабычу нафты вядуць таксама япона-араб. нафтавая кампанія АОС і амер. кампанія «Тэксака». На базе нафтагазавай сыравіны развіваецца вытв-сць аміяку, мачавіны, серы, полівінілхларыдаў, хім. угнаенняў, змазачных маслаў у Дамаме, Янбу, Джыдзе, Абкайку, Эль-Джубайлі. Вядзецца здабыча (пераважна замежнымі кампаніямі) золата, серабра, медзі, цынку, свінцу, кам. солі і інш. Вытв-сць электраэнергіі 110,1 млрд. кВт∙гадз (1998). Буйныя электрастанцыі ў Джыдзе, Эр-Рыядзе, Дамаме, Дахране, Мецы, Эт-Таіфе і інш. Электраэнергія шырока выкарыстоўваецца для апраснення марской і мінер. падземнай вады. З інш. галін прам-сці найб. развіты: металургічная (металург. камбінат у Эль-Джубайлі, сталеплавільны з-д у Дамаме, вытв-сць пракату ў гарадах на У краіны, алюмінію ў Янбу і Дамаме), машынабуд. і металаапр. (зборка грузавых і легкавых аўтамабіляў у Джыдзе і Эр-Рыядзе, вытв-сць кабелю і акумулятараў у Эр-Рыядзе, суднабудаванне ў Дамаме), цэм. (Джыда, Хуфуф, Эр-Рыяд, Янбу), тэкст. (вытв-сць свяшчэнных пакрывал для паломнікаў-мусульман, трыкатажу, швейных вырабаў; Джыда, Дамам), папяровая (Джыда, Дамам, Эр-Рыяд), буд. матэрыялаў, ваен., шкляная, запалкавая. У харч. прам-сці вылучаюцца малочная, мясная, кандытарская, алейная, вытв-сць безалкагольных напіткаў, перапрацоўка фінікаў. Саматужная і паўсаматужная вытв-сць адзення і абутку, шарсцяных тканін, сярэбраных і залатых упрыгожанняў, прадметаў рэліг. культу. Марское рыбалоўства (у 1999 вылаўлена 54,1 тыс. т рыбы), здабыча крабаў, крэветак, жэмчугу, каралаў. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 130 млн. га зямлі, у т. л. каля 4,5 млн. га пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі (каля палавіны арашаецца), каля 125,5 млн. га пад пашай (паўпустыні і пустыні). Багарнае земляробства магчыма толькі ў гарах, найб. на ПдЗ (правінцыя Асір). Пануе буйное землеўладанне, якое спалучаецца з дробным землекарыстаннем. Гал. культура — пшаніца, валавы збор у 1998 2,4 млн. т, ураджайнасць 40,9 ц з 1 га. Вырошчваюць таксама ячмень, проса і сорга, кукурузу, люцэрну (на корм жывёле), агародніну. Трапічнае і субтрапічнае садоўніцтва (цытрусавыя, гранаты, міндаль, інжыр, персікі і інш.), вінаградарства, вырошчванне фінікавых пальмаў (штогадовы збор фінікаў каля 400 тыс. т) і кававых дрэў. Жывёлагадоўля пашавая, пераважна качавая і паўкачавая; у асн. гадуюць буйн. раг. жывёлу, вярблюдаў, авечак, коз. У 1999 пагалоўе склала (млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 0,3, авечак 8, коз 4,4, вярблюдаў 0,4. Птушкагадоўля (у 1999—125 млн. курэй). У 1998 С.А. пакрывала свае патрэбы ў харч. прадуктах за кошт уласнай вытв-сці на 70%, у т. л. пшаніцай, фінікамі, мясам птушкі на 100%, інш. збожжавымі на 50%, агароднінай на 83%, фруктамі на 66%, малочнымі прадуктамі на 55%, мясам на 48%. Транспарт аўтамаб., чыг., марскі. Даўж. аўтадарог 162 тыс. км, у т. л. 69,2 тыс. км з цвёрдым пакрыццём; чыгунак 1390 км, магістральных нафтаправодаў 6,4 тыс. км, газаправодаў 2,2 тыс. км. У краіне 1,7 млн. легкавых аўтамабіляў, 1,2 млн. грузавых і аўтобусаў, 72 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т. л. 3 міжнар. (Эр-Рыяд, Джыда, Дахран). Гал. парты: Дамам, Эль-Джубайль, Дуба, Джыда, Джызан, Рас-Танура, Янбу. Экспарт у 1999 склаў 48 млрд. дол., імпарт 28 млрд. дол. У экспарце пераважаюць нафта і нафтапрадукты (90%) і звадкаваны газ (каля 9%), у імпарце — машыны і абсталяванне, харч. прадукты, хімікаты, трансп. сродкі, тэкстыль. Гал. гандл. партнёры: ЗША (15% экспарту, 21% імпарту), Японія (адпаведна 17% і 9%), Францыя (4% і 5%), Рэспубліка Карэя (11% экспарту), Вялікабрытанія (9% імпарту), Германія, Сінгапур, Індыя, Італія і інш. Колькасць турыстаў у 1998 больш за 3,8 млн. чал., у т. л. больш за 2 млн. паломнікаў па святых месцах ісламу (Мекка і Медына), даход ад турызму 1,46 млрд. долараў. С.А. — краіна-донар. Яна аказвае эканам. дапамогу многім слабаразвітым краінам (пераважна мусульманскім), удзельнічае ў фінансаванні міжнар. фондаў развіцця. Грашовая адзінка — саудаўскі рыял.

Літ.:

Васильев А.М. История Саудовской Аравии (1975 г. — конец XX в.). 2 изд. М., 1999;

Holden D, Richard G. The House of Saud. New York, 1981;

Zacey R. The Kingdom: Arabia and the House of Saud. New York, 1981.

У.​С.​Кошалеў (гісторыя), П.​І.​Рогач (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Саудаўскай Аравіі.
Да арт. Саудаўская Аравія. Горад Эль-Катыф.
Да арт. Саудаўская Аравія. Аўтадарога Мекка—Таіф.

т. 14, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)