Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ (Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУРАПАДО́БНЫЯ (Galliformes),
атрад птушак. Вядомы з ніжняга эацэну. 2 падатр.: гаацыны і ўласна К., 7 сям. (6 сучасных: веліканогія куры, фазанавыя, індычыя, краксавыя, або гока, цецеруковыя, цацаркавыя), 108 выкапнёвых і 283 сучасныя віды. Наземныя або наземна-дрэвавыя птушкі. На Беларусі 7 відаў: глушэц, курапаткі белая і шэрая, перапёлка, рабчык, цецярук, фазан. У Чырв. кнізе МСАП — 26 відаў, 11 падвідаў. У Чырв. кнізе Беларусі — курапатка белая.
Даўж. ад 12 см (карлікавая перапёлка) да 235 см (чубаты аргус), маса ад 45 г (карлікавая перапёлка) да 10 кг (дзікі індык). Самцы буйнейшыя за самак. Палавы дымарфізм добра выражаны. Дзюба кароткая, моцная. Крылы шырокія. Ногі моцныя. Добра ходзяць, бегаюць, палёт непрацяглы. Кормяцца пладамі, насеннем, травой, лісцем, насякомымі, малюскамі, чарвямі. Пераважна палігамы, такуюць. Гнёзды на зямлі (акрамя гаацына і гока). Нясуць да 25 яец. Вывадкавыя птушкі. Банкіўскія куры (гл.Банкіўскі певень), індычыя і цацаркавыя — продкі свойскіх парод. Аб’ект промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТРАПІ́ЧНАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
уваходзіць у царства Неагею. Вылучаюць ад 3 да 6 фларыстычных падабласцей: Амазонскую, Амдыйскую, Арынокскую, Бразільскую, Карыбскую, Лаплацкую. Яны займаюць мацерыковую ч. Амерыкі, ад Ніжняй Каліфорніі і паўд.ч. Мексіканскага нагор’я на Пн да 40° паўд. ш. на Пд і прылеглыя да Цэнтр. Амерыкі астравы. Для раслін і жывёл межы Н.б.в. не супадаюць.
Флора багатая і разнастайная, з перавагай мезафільнай лясной расліннасці. Найб. пашыраны расліны сям. архідных, лаўравых, малачайных, марэнавых, меластомавых, міртавых, тутавых, пальмы і інш. Эндэмічных сям. 25 (біксавыя, брамеліевыя, кактусавыя, канавыя і інш.). У адносінах да фауны вылучаюць 3 або 4 падвобласці: Антыльскую, Гвіяна-Бразільскую, Патагона-Андыйскую, або Чылійска-Патагонскую, і Цэнтральнаамерыканскую. Яны займаюць Паўд. Амерыку, б.ч.Цэнтр. Амерыкі (на Пн да Мексіканскага нагор’я), а-вы: Антыльскія, Багамскія, Вогненная Зямля, Галапагас, Фалклендскія, Хуан-Фернандэс. Жывёльны свет вельмі багаты. Сярод млекакормячых шэраг эндэмічных груп (атр. непаўназубых — браняносцы, ляніўцы, мурашкаедавыя; з грызуноў — агуці, марскія свінкі, шыншылы, учэпістахвостыя дзікабразы і інш.; з няпарнакапытных — ламы, тапіры; з сумчатых — апосумы, цэналеставыя; з драпежнікаў — пума, ягуар, акулярны мядзведзь, ацэлот, некалькі відаў сабачых і янотавых і інш.). Характэрны кровасысучыя лятучыя мышы. У рэках жывуць ламанціны і рачныя дэльфіны. Усе малпы належаць да групы шыраканосых: ігрункі, равуны, сапажу і інш.). Сярод птушак больш за 20 эндэмічных сям. — гаацыны, калібры, нанду, гарпіі, кондары, папугаі, туканы, тынаму і інш. Сярод паўзуноў — кайманы, кракадзілы, змеі (удавы, грымучыя і інш.), яшчаркі (ігуанавыя і інш.), бакашыйныя чарапахі. Сярод земнаводных — бязногія, вял. колькасць бясхвостых, у т.л. квакшы, піпавыя і інш. З рыб — піраньі, гіганцкая арапайма, дваякадыхальны лепідасірэн і інш. Характэрны павукі-птушкаеды, сярод насякомых — лістарэзы, буйныя дзённыя матылі, гіганцкія жукі (геркулес, насарог-актэон, браз. даўганогі арлекін).