Гаагскія канвенцыі (1899 і 1907) 1/18, 217; 2/552; 3/277; 4/477; 5/129, 374; 8/118
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГСКІЯ КАНВЕ́НЦЫІ,
1) міжнародныя пагадненні аб нормах права ва ўзброеных канфліктах (раней наз. законы і звычаі вайны), правах і абавязках нейтральных краін, шляхах мірнага вырашэння міжнар. спрэчак, прынятыя на 1-й і 2-й мірных канферэнцыях у Гаазе ў 1899 і 1907.
1-я Гаагская канферэнцыя (1899, 27 дзяржаў-удзельніц) прыняла 3 канвенцыі (пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864), а таксама 3 дэкларацыі.
2-я Гаагская канферэнцыя (1907, 44 дзяржавы-ўдзельніцы) прыняла 13 канвенцый: пра мірнае вырашэнне міжнар. спрэчак; пра абмежаванне выпадкаў выкарыстання сілы для спагнання па дагаворных даўгавых абавязацельствах; пра адкрыццё ваен. дзеянняў; пра законы і звычаі сухапутнай вайны; аб правах і абавязках нейтральных дзяржаў і асоб у сухапутнай вайне; пра становішча варожых гандл. суднаў пры адкрыцці ваен. дзеянняў; пра ператварэнне гандл. суднаў у ваенныя; пра ўстаноўку аўтам. кантактных падводных мін; пра бамбардзіроўку марскімі сіламі ў час вайны; пра дастасаванне да марской вайны асноў Жэнеўскай канвенцыі 10.8.1864; пра некаторыя абмежаванні ў карыстанні правам захопу ў марской вайне; пра заснаванне міжнар. прызавога суда; аб правах і абавязках нейтральных краін у марской вайне.
Гаагскія канвенцыі адыгралі значную ролю ў міжнар.-прававой рэгламентацыі правіл вядзення вайны.
2) Канвенцыя 1954 пра абарону культ. каштоўнасцей у час узбр. канфлікту — міжнар. шматбаковае пагадненне, якое абавязвае дзяржавы паважаць і захоўваць у час ваен. дзеянняў культ. каштоўнасці, забараняе іх вываз з акупіраваных тэрыторый.
3) Канвенцыі па міжнар. прыватным праве 1902—05, 1951, 1956, 1961 і інш.
т. 4, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т ЧЫРВО́НАГА КРЫ́ЖА (МКЧК),
міжнародная арг-цыя дапамогі ахвярам вайны і стыхійных бедстваў. Створаны ў кастр. 1863 на канферэнцыі прадстаўнікоў 16 краін па ініцыятыве А.Дзюнана. З гэтага часу пачалі ўзнікаць нац. т-вы Чырв. Крыжа (у мусульм. краінах — Чырв. Паўмесяца). Для каардынацыі сваіх намаганняў у 1919 нац. т-вы стварылі Лігу т-ваў Чырв. Крыжа (цяпер Ліга т-ваў Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Сумесна з МКЧК яны склалі Міжнар. Чырв. Крыж (з 1986 — Міжнар. рух Чырв. Крыжа і Чырв. Паўмесяца). Пад уплывам і пры ўдзеле МКЧК распрацаваны і прыняты Гаагскія канвенцыі 1907 пра законы і звычаі вайны, Канвенцыя пра ваеннапалонных 1929 і Жэнеўскія канвенцыі 1949 пра ахвяр вайны. Цэнтр. орган — Міжнар. камісія Чырв. Крыжа. Бел. т-ва Чырв. Крыжа ўваходзіць у МКЧК з 1995. Нобелеўскія прэміі міру 1917, 1945, 1963.
т. 10, с. 342
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЭ́ХЭН ((Mahan) Альфрэд Таер) (27.9.1840, г. Уэст-Пойнт, штат Нью-Йорк, ЗША — 1.12.1914),
амерыканскі ваен.марскі тэарэтык і гісторык. Контр-адмірал (1906). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1859). Удзельнік грамадз. вайны 1861—65 на баку федэральных сіл (паўночнікаў). У 1886—89 і 1892—93 прэзідэнт ваен.-марскога каледжа ў г. Ньюпарт. З 1893 камандаваў крэйсерам, з 1896 у адстаўцы. У час ісп.-амер. вайны 1898 чл. Марскога к-та па стратэгіі. У 1899 член амер. дэлегацыі на 1-й Гаагскай канферэнцыі (гл. Гаагскія канвенцыі). У сваіх творах, у т.л. «Уплыў марской магутнасці на гісторыю, 1660—1783» (1890), «Марская моц у яе адносінах да вайны 1812» (т. 1—2, 1905), даказваў вырашальнае значэнне перавышаючай марской магутнасці ў сусв.-паліт. канфліктах новага часу, выказваўся за ўзмацненне марскіх узбраенняў ЗША і набыццё імі ваен.-марскіх баз. Тэорыя М. значна паўплывала на знешнюю палітыку і стратэгію ЗША, Германіі, Вялікабрытаніі і Японіі.
т. 11, с. 59
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАА́ГА (’s-Gravenhage, Den Haag),
горад на З Нідэрландаў. Месцазнаходжанне рэзідэнцыі каралеўскага двара, урада, парламента. Адм. ц. правінцыі Паўд. Галандыя. 444,6 тыс. ж. (1993). Порт на Паўн. м. (аванпорт — г. Схевенінген). Сетка каналаў, аўтамаб. і чыг. шляхоў звязвае Гаагу з інш. гарадамі. Развіта вытв-сць радыё- і тэлеапаратуры, электроннай апаратуры. Харч. (кандытарскія вырабы і інш.) і лёгкая прам-сць. Вытв-сць маст. вырабаў са шкла, дрэва і інш. У прыгарадзе — авіяц. з-ды «Фокер». У Гаазе працуюць праўленні шматлікіх гандл. і прамысл. фірмаў, установы сферы абслугоўвання. Месцазнаходжанне Міжнар. суда ААН. Каралеўская акадэмія выяўл. мастацтва.
Упершыню ўпамінаецца ў 1097 (да 1250 тут знаходзіўся паляўнічы домік графаў Галандыі, потым замак). Пасля стварэння Рэспублікі Злучаных правінцый (канец 16 ст.) — месца пасяджэнняў Генеральных штатаў. У 1806 Луі Банапарт надаў Гаазе статус горада і адначасова перанёс сталіцу ў Амстэрдам. Пасля ўтварэння Каралеўства Нідэрландаў (1815) — каралеўская рэзідэнцыя, а пасля абвяшчэння незалежнасці Бельгіі (1830) — фактычная сталіца краіны. З 2-й пал. 17 ст. Гаага — месца правядзення міжнар. канферэнцый і заключэння пагадненняў (гл. Гаагскія канвенцыі). У 2-ю сусв. вайну акупіравана (1940—45) ням. фашыстамі.
Цэнтр горада ў большасці захаваў сваё старадаўняе аблічча. На беразе воз. Вейвер — ансамбль Біненхоф (Унутраны двор, 13—18 ст.), гатычныя Рыцарская зала (каля 1280) і царква Сінт-Якабскерк (базіліка 14—16 ст.). Арх. помнікі рэнесансу — Старая ратуша (1564—65), класіцызму — палац Маўрыцхёйс (1633—35, арх. Я. ван Кампен, П.Пост), каралеўскі палац Хёйс-тэн-босх («Дом у лесе», 1644, арх. Пост; дабудаваны ў 1734—37 і 1790), Каралеўская б-ка (1734—36, арх. Д.Маро; 1761; арх. П. дэ Сварт). Прамавугольная сетка вуліц Гаагі мадэрнізавана і дапоўнена свабоднай планіроўкай новых раёнаў (1908—09, арх. Х.П.Берлаге, В.М.Дзюдак), забудаваных пераважна пасля 2-й сусв. вайны. Сярод пабудоў 20 ст. — Палац Міру (1907—13, арх. Л.М.Карданье), Муніцыпальны музей (1916—35, арх. Берлаге), канторы «Волхардынг» (1928, арх. Я.Бёйс) і «Шэл-Недэрланд» (1938—42, арх. П.Аўд), Каралеўскія кабінеты карцін (у Маўрыцхёйс), манет, медалёў і разных камянёў, Музей касцюма.
т. 4, с. 407
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)