ФРА́НКА-В’ЕТНА́МСКІЯ ВО́ЙНЫ,

заваёўніцкія войны Францыі супраць В’етнама. Першая Ф.-в.в. 1858—62 пачалася ў вер. 1858 з захопу аб’яднанай франка-ісп. эскадрай г. Дананг на Пд В’етнама. У лют. 1859 французы авалодалі г. Сайгон, пасля чаго ваен. дзеянні ішлі з пераменным поспехам. У чэрв. 1862 падпісаны франка-в’етн. мірны дагавор, паводле якога да Францыі адышоў Паўд. В’етнам (Кахінхіна). Другая Ф.-в.в. 1883—84 пачалася 19.8.1883 з высадкі франц. дэсанта ў вусці р. Ханіха (Чырвоная), а праз 6 дзён в’етн. імператарскі ўрад капітуляваў. Але асобныя часці в’етн. арміі і партыз. атрады амаль год працягвалі супраціўленне франц. экспедыцыйным войскам. 6.6.1884 прадстаўнікі в’етн. ўрада падпісалі канчатковы дагавор, паводле якога В’етнам ператвараўся ў пратэктарат Францыі. Гл. таксама Франка-кітайская вайна 1884—85.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРА́НКА-КІТА́ЙСКАЯ ВАЙНА́ 1884—85,

вайна, выкліканая захопам Францыяй В’етнама (гл. Франка-в’етнамскія войны). Пасля таго як в’етн. імператарскі ўрад прызнаў у чэрв. 1884 франц. пратэктарат, урад Кітая, які лічыў В’етнам сваім васалам, накіраваў свае войскі ў Паўн. В’етнам. У адказ франц. флот атакаваў кіт. парты. У сак. 1885 кіт. армія разграміла каля Лангшона франц. войскі, але неспрыяльнае для Кітая знешнепаліт. становішча прымусіла яго ў крас. 1885 вывесці свае войскі з В’етнама. Паводле франка-кіт. дагавора 9.6.1885 Кітай прызнаў В’етнам франц. калоніяй.

т. 16, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)