Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны C, групы B. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ, Плюскаўка,
рака ў Пружанскім і Камянецкім р-нах Брэсцкай вобл., правы прыток р. Левая Лясная (бас.Зах. Буга). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 160 км². Пачынаецца за 4 км на ПнУ ад в. Падбельскія Агароднікі Пружанскага р-на. Ад вусця 1,4 км рэчышча каналізавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Астап) (сапр.Губенка Павел Міхайлавіч; 12.11.1889, с. Грунь Сумскай вобл., Украіна — 28.9.1966),
украінскі пісьменнік. Вучыўся ў Кіеўскім ун-це. Майстар кароткага памфлета, сатыр. фельетона, гумарэскі. Аўтар кніг «Справы нябесныя» (1923), «Тварам да вёскі» (1926), «Усмешкі» (т. 1—4, 1930), «Зенітка» (1947), «Вішнёвыя ўсмешкі» (1950), «Мудрасць калгасная» (1952), «Нешчаслівае каханне» (1956) і інш. Сатыра Вішні — своеасаблівая маст. інтэрпрэтацыя сац., грамадска-паліт. з’яў і падзей, ёй уласцівы глыбіня адлюстравання і трактоўкі праблем, бачанне перспектыў.
Тв.:
Твори. Т. 1—7. Київ, 1963—65;
Фейлетони. Гуморески. Усмішки. Щоденникові записи. Київ, 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІКАЎ (Ігар Фёдаравіч) (н. 26.10.1931, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),
расійскі кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Расіі (1979). Нар.арт. Расіі (1987). Скончыў Ленінградскі ун-т (1954), Вышэйшыя рэжысёрскія курсы ў Ленінградзе (1967). Паставіў маст. фільмы: «Асабістае жыццё Кузяева Валянціна» (1967, пры ўдзеле І.Авербаха), «Гоншчыкі» (1972), «Пад каменным небам» (1975, сумесна з К.Андэрсанам, Нарвегія), «Сентыментальны раман» (паводле В.Пановай, 1976), «Яраслаўна, каралева Францыі» (1978), «Зімовая вішня» (1985), «Зімовая вішня-2» (1990), «Цемра» (1991) і інш.; тэлефільмы: «Шэрлак Холмс і доктар Ватсан» (1979) і «Прыгоды Шэрлака Холмса і доктара Ватсана» (1980—86; абодва паводле апавяданняў А.Конан-Дойла), «Пікавая дама» (паводле А.Пушкіна, 1982), серыял «Зімовая вішня» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Губенка П. М., гл.Вішня А.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,
расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).
На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.