Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЬБА,
рака ў Віцебскім р-не, левы прыток Зах. Дзвіны. Даўж. 33 км. Пл. вадазбору 275 км². Пачынаецца за 3 км на У ад в. Паддуб’е, цячэ ў межах Віцебскага узв.Асн. прытокі: Горнаўка (злева) і Сільніца (справа). У ніжнім цячэнні на працягу 5 км цячэ ў межах Віцебска, дзе і ўпадае ў Зах. Дзвіну. Паводле Віцебскага летапісу, у сутоках Віцьбы і Зах. Дзвіны ў 974 заснаваны г. Віцебск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́БІНІЧЫ,
вёска ў Беларусі, у Віцебскім раёне, за 1,5 км ад р.Віцьба. Цэнтр сельсавета і вучгаса «Падбярэззе». За 11 км на ПнУ ад Віцебска, на шашы Віцебск—Сураж. 734 ж., 294 двары (1995). Міні-мясакамбінат. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызанаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНСКАЕ ВО́ЗЕРА,
у Беларусі, у Віцебскім р-не, у бас.р.Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,15 км², даўж. 640 м, найб.шыр. 360 м, найб.глыб. 15,8 м, даўж. берагавой лініі 1,98 км. Пл. вадазбору 1,16 км². Схілы катлавіны — марэнныя ўзгоркі і озы. Берагі нізкія, пясчаныя, месцамі задзернаваныя і парослыя хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей за 3 м глініста-глеістае. Упадае і выцякае ручай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦВЕ́ЕЎ (Валерый Аксёнавіч) (н. 8.1.1939, Мінск),
бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-рс.-г.н. (1988). Скончыў БСГА (1962). З 1962 у Бел.НДІ пладаводства (у 1974—90 заг. аддзела). Навук. працы па селекцыі пладовых культур. Сааўтар сартоў слівы Нарач, Кромань, Далікатная і інш.; гібрыднай алычы Ветразь, Мара, Віцьба і інш.
Тв.:
Сліва ў вашым садзе. Мн., 1994;
Результаты и перспективы селекции плодовых культур в Республике Беларусь // Плодоводство: Науч. тр. БелНИИП. 1995. Т. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАВІ́ТА,
возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас.р.Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб.шыр. 0,79 км, найб.глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².
Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ГАСЦІ́НЫ ДВОР.
Існаваў у Віцебску ў 17 ст. Пабудаваны з дрэва на тэр. Узгорскага замка ў комплексе з 89 крамамі і складамі, якія ўтваралі прамавугольную ў плане гандлёвую плошчу, забудаваную з чатырох бакоў і злучаную з Верхнім замкам мостам цераз р.Віцьба. Гал. квадратны ў плане будынак быў завершаны высокім вальмавым дахам з бельведэрам і балюстрадай вакол яго. Бельведэр быў накрыты купалам, завершаным галоўкай на васьмерыку, увянчаны шпілем з гарадскім гербам. Каля будынка размяшчалася важніца, дзе захоўваліся гарадскія вагі, 7 камор для тавараў, стайня. Двор адлюстраваны на «Чарцяжы» Віцебска 1664. Будынак апісаны ў інвентары Віцебска сярэдзіны 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД ВІ́ЦЕБСКАГА ПЕДАГАГІ́ЧНАГА УНІВЕРСІТЭ́ТА.
Закладзены ў 1919 у Віцебску як школьны сад для практычнага вывучэння батанікі, садаводства, кветкаводства і агародніцтва на тэрасах старога парку каля р.Віцьба (пл. больш за 3 га). У 1925 у садзе каля 500 відаў мясц. пладовых дрэў, каля 60 — паўд. Прадстаўнікоў, экспазіцыя з 972 відаў травяністых раслін (з іх 120 лекавых), невял. пасадкі дэкар. дрэў, ягадныя кусты, цяпліца, парнікі, паказальныя поле і агарод. З 1926 самая паўн. ў Беларусі плантацыя белай шаўкоўніцы. Каля 200 відаў раслін (пераважна лек., тэхн., дэкар., расліны-компасы і інш.) перанесены з Вялікалятчанскага батанічнага саду. Пасля Вял.Айч. вайны засталася толькі ч. дэндрарыя. З 1944 пачалося аднаўленне. У 1948—52 закладзены дэндрарый. У 1954 (пл. 4 га) пераўтвораны ў аграбіястанцыю, з 1979 навук. і навуч. падраздзяленне Віцебскага пед. ін-та, з вер. 1995 — ун-та. Пл. 7,6 га. Сучасны дэндрарый разбіты паводле геагр. прынцыпу, збераглося каля 80 відаў дрэў (сектары Амерыкі і Канады, Еўропы, Сібіры, Усурыйскага краю і Маньчжурыі і інш.); ёсць калекцыі травяністых і кветкава-дэкар. раслін.
Батанічны сад Віцебскага педагагічнага універсітэта. Насаджэнні елкі калючай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЬГА (пасля хрышчэння Алена; ? — 969),
вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р.Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р.Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.