Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́Я ТО́КІ, токі Фуко,
замкнутыя эл. токі ў масіўных правадніках, выкліканыя пераменным магн. полем. Напрамак віхравых токаў вызначаецца паводле Ленца правіла. Замыкаюцца віхравыя токі непасрэдна ў праводнай масе з утварэннем віхрападобных контураў і награваюць яе ў адпаведнасці з Джоўля—Ленца законам, што выкарыстоўваецца, напр., для індукцыйнага нагрэву металаў. Узаемадзеянне віхравых токаў з асн.магн. полем прыводзіць у мех. рух (або затарможвае) праводнае цела, што выкарыстоўваецца ў вымяральнай тэхніцы, эл. машынах пераменнага току і інш.
Віхравыя токі выклікаюць скін-эфект (магн. ў магнітаправодах, эл. ў любым правадніку, па якім цячэ пераменны ток), што павялічвае страты энергіі. Для змяншэння страт магнітаправоды вырабляюць з тонкіх лістоў, ізаляваных адзін ад аднаго; выкарыстоўваюць сталь з павышанай колькасцю крэмнію, замяняюць ферамагн. матэрыялы магнітадыэлектрыкамі; высокачастотныя правады вырабляюць пустацелыя або з асобных жыл, ізаляваных адна ад адной.
Віхравыя токі (пункцір) у асяродку шпулі пры павелічэнні току (I): а — суцэльны асяродак; б — пласціністы асяродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Фуко токі, гл.Віхравыя токі
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІХРАВЫ́ РУХ,
рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.
Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАДЫЭЛЕ́КТРЫКІ,
кампазіты ферамагнітнага метал. парашку (пермалой, алсіфер і інш.) з дыэлектрычным сувязным (смала, полістырол, гума, вадкае шкло і інш.). Атрымліваюць прасаваннем пры высокай т-ры. Маюць высокае ўдзельнае эл. супраціўленне і нізкія страты на віхравыя токі. Выкарыстоўваюцца ў ВЧ тэхніцы для вырабу магнітаправодаў, асяродкаў шпуль індукцыйнасці, дроселяў і інш.Гл. таксама Магнітныя матэрыялы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМАГНІ́ЧВАННЕ,
змена напрамку вектара намагнічанасці астаткавай фера-ці ферамагн. матэрыялу на процілеглы. Адбываецца ў выніку ўздзеяння на матэрыял пастаяннага знешняга магн. поля, напрамак якога не супадае з напрамкам астаткавай намагнічанасці, або магн. поля, што мяняецца цыклічна (цыклічнае П.). П. звязана з затратамі энергіі, якія наз стратамі П. Адрозніваюць страты: гістэрэзісныя, на віхравыя токі, на магн. вязкасць. З’ява П. выкарыстоўваецца ў запамінальных, пераключальных і інш.магн. прыладах. Гл. таксама Гістэрэзіс, Намагнічванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВІСТКІ́,
механічныя прыстасаванні для пераўтварэння кінетычнай энергіі струменя ў энергію акустычных ваганняў. У адрозненне ад сірэн не маюць вярчальных або рухомых частак. Аўтавагальны рэжым цячэння высокаскараснога струменя ствараюць тармажэннем полым рэзанатарам або клінам, які мае рэзанансную поласць. Акустычная магутнасць С. значна ніжэйшая, чым у газаструменных выпрамяняльніках (не перавышае некалькіх дзесяткаў ват).
Паводле рабочага цела С. бываюць газавыя (паветраныя, пераважна віхравыя, С. Гальтана, т. зв. губныя) і вадкасныя (з пласціністымі ці стрыжнёвымі вібратарамі). Газавыя С. выкарыстоўваюць пераважна для бясшумнай сігналізацыі, вадкасныя — для інтэнсіфікацыі цепламасаабменных працэсаў.
Схемы свісткоў: а — віхравога (1 — трубка для падачы газу, 2 — цыліндрычная камера, 3 — выхадная трубка); б — губнога (1 — шчылінападобнае сапло, 2 — востры край рэзанатара, 3 — рэзанансная камера).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДУКЦЫ́ЙНАЯ ВЫМЯРА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
сістэма электравымяральных прылад пераменнага току, у якіх вярчальны момант ствараецца пры ўзаемадзеянні магн. патокаў нерухомых электрамагнітаў з магн. полем токаў, што наводзяцца ў рухомай частцы прылады.
Вярчальнае магн. поле ствараецца ў выніку ўзаемадзеяння двух ці больш пераменных магн. патокаў, якія зрушаны ў прасторы і па фазе. Гэтае поле індуктуе ў дыску віхравыя токі. Узаемадзеянне магн. поля віхравых патокаў з вярчальным полем электрамагнітаў стварае ў дыску вярчальны момант. Прылады І.в.с. простыя, устойлівыя да перагрузак, не адчувальныя да знешніх магн. уздзеянняў, але маюць значныя частотныя і тэмпературныя хібнасці. Выкарыстоўваюцца ў лічыльніках электрычных, дзе тэмпературныя хібнасці кампенсуюцца.
Схема прылады індукцыйнай вымяральнай сістэмы: 1 — спружына, якая стварае процідзейны момант; 2 — рухомы дыск; 3 — пастаянны магніт (заспакойвальнік ваганняў); 4, 6 — электрамагніты паслядоўнага і паралельнага ланцугоў; 5 — абмоткі электрамагнітаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКІН-ЭФЕ́КТ (ад англ. skin скура, абалонка + эфект),
паверхневы эфект, затуханне электрамагнітных хваль па меры іх пранікнення ў праводнае асяроддзе. У выніку пераменны ток размяркоўваецца пераважна ў паверхневым слоі (скін-слоі) правадніка, пераменны магн. паток — у паверхневым слоі магнітаправода.
С.-э. тлумачыцца тым, што пад дзеяннем знешняга пераменнага поля свабодныя электроны правадніка ствараюць віхравыя токі, поле якіх кампенсуе знешняе поле ў аб’ёме правадніка. У выніку частка эл.-магн. энергіі пераўтвараецца ў цеплавую, што і вядзе да затухання хваль. Праяўленне С.-э. тым большае, чым большая частата току або магн. патоку, плошча сячэння проваду або магнітаправода, праводнасць і магн. пранікальнасць матэрыялу. С.-э. вядзе да павелічэння эл. супраціўлення проваду пераменнаму току ў параўнанні з супраціўленнем пастаяннаму току і да размагнічвання магнітаправода віхравымі токамі. На С.-э. заснаваны дзеянне эл.-магн. экранаў, высокачастотная паверхневая загартоўка стальных вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНЕ́ЙНЫ ЭЛЕКТРАРУХАВІ́К,
разнавіднасць электрыннага рухавіка, у якім рухомая частка не верціцца, а лінейна перамяшчаецца ўздоўж нерухомай часткі — разамкнёнага магнітаправода адвольнай даўжыні. Бываюць пераменнага і пастаяннага току, развіваюць вял. сілу цягі і ў шэрагу выпадкаў працуюць без рэдуктара.
У адрозненне ад звычайнага электрарухавіка, статар якога — стальное кольца з абмоткай, у Л.э. кольца як бы разрэзана і выпрастана, а статарныя абмоткі ўкладзены на плоскасці ўздоўж усяго пуці; ротарам служыць алюмініевы брус (рэактыўная рэйка), укладзены пасярэдзіне паміж абмоткамі таксама ўздоўж пуці. Пры паступленні эл. току ў статар уздоўж праваднікоў ствараецца бягучае магн. поле, а ў ротары (рэйцы) наводзяцца віхравыя токі. Эл.-магн. сілы, што ўзнікаюць ад гэтых токаў, накіраваны ўздоўж пуці і прыводзяць у рух вагон, які скампанаваны з электрарухавіком. Перспектыўны ў электрапрыводзе трансп. машын у спалучэнні з магн. падвескамі і паветр. падушкамі. Дае магчымасць павысіць скорасць паяздоў да 500 км/гадз.