Віхравая тэорыя паветранага вінта 4/424

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВІХРАВЫ́ РУХ,

рух вадкасці (або газу), пры якім яе часціцы (элементарныя аб’ёмы) рухаюцца паступальна і аварочваюцца вакол некаторай імгненнай восі. Выяўляецца пры цячэнні рэальных (вязкіх) вадкасцей і газаў у трубаправодах або пры вонкавым абцяканні цел.

Віхравы рух абумоўлены тым, што розныя слаі вадкасці (газу) рухаюцца з рознымі скарасцямі (з-за наліпання скорасць часціц каля сценак роўная нулю і павялічваецца пры аддаленні ад іх). Колькасна віхравы рух апісваюць вектарам вуглавой скорасці вярчэння часціц, які наз. віхрам асяроддзя ў дадзеным пункце. Часціцы пры віхравым руху ўтвараюць віхравыя трубкі або асобныя слаі. Віхравая трубка можа мець пачатак і канец толькі на межах вадкасці (газу) або быць замкнёнай, напр. У вадзе на паверхні і дне ракі, у паветры на паверхні зямлі (смерч) і інш.

Да арт. Віхравы рух. Віхравыя трубкі.

т. 4, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́МПА (франц. pompe),

машына (апарат, прылада) для напорнага перамяшчэння (нагнятання, усмоктвання) вадкасці або мех. сумесі вадкасці з цвёрдымі часцінкамі. Бываюць мех., цеплавыя і электрамагнітныя пампы. П. наз. таксама прыстасаванні для стварэння і падтрымання вакууму (вакуумныя помпы), для перамяшчэння матэрыялаў (бетонапомпы, растворапомпы, грунтавыя П. і інш.). Выкарыстоўваюцца ў нафтаперапрацоўчай і горнай прам-сці, сістэмах водазабеспячэння і каналізацыі, у гідратэхніцы, цеплаэнергетыцы, машынабудаванні і інш.

Найб. пашыраныя мех. П. падзяляюцца на дынамічныя (у іх вадкае асяроддзе перамяшчаецца пад сілавым уздзеяннем на яго ў камеры, якая пастаянна злучана з уваходам і выхадам П.) і аб’ёмныя (вадкасць перамяшчаецца ў выніку перыяд. змен аб’ёму камеры, што папераменна злучаецца з уваходам і выхадам П.). Дынамічныя П.: лопасцевыя (цэнтрабежныя і восевыя), віхравыя, чарпаковыя, П. трэння — шнэкавыя (у т. л. лабірынтныя), дыскавыя і струменныя помпы (у т. л. гідраэлеватары, інжэктары). Аб’ёмныя П.: ротарныя (у т. л. вінтавыя, шасцерневыя, пласціністыя. радыяльна-поршневыя, аксіяльна-поршневыя помпы), зваротна-паступальныя (поршневыя, плунжэрныя, дыяфрагмавыя) і інш. Звычайна П. разам з рухавіком і перадачай уваходзіць у склад помпавага агрэгата, якія разам з трубаправодамі, рэзервуарамі для вадкасці, засаўкамі і інш. арматурай, кантрольна-вымяральнымі прыладамі складае помпавую ўстаноўку. П. — асн. абсталяванне помпавых станцый рознага прызначэння. Для перамяшчэння газаў звычайна выкарыстоўваюць кампрэсары. Першую П. (поршневую) вынайшаў стараж.-грэч. механік Ктэсібій (каля 2—1 ст. да н.э.). Вярчальныя П. (ротарныя) апісаны франц. інж. А.​Рамелі ў 1588, ротарныя колаваротныя (правобраз сучасных зубчастых) — І.​Лейрэхонам у 1624. Цэнтрабежная П. прапанавана франц. вучоным Д.​Папенам (1689), віхраваяням. інж. С.​Хіншам (1920). У Расіі цэнтрабежныя П. пачалі вырабляць з 1880, восевыя ў СССР — з 1932.

На Беларусі цэнтрабежныя П. для розных галін прам-сці і камунальнай гаспадаркі выпускае Бабруйскі машынабуд. з-д, аксіяльна-поршневыя — гомельскі з-д «Гідрапрывод».

У.​М.​Сацута.

Схемы помпаў: а — цэнтрабежнай (1 — рабочае кола, 2 — вадкасць); б — восевай (1 — лопасці рабочага кола, 2 — накіравальны апарат); в — шасцерневай (1 — рабочыя шасцерні, 2 — засцерагальны клапан, 3 — усмоктвальная адтуліна); г — пласціністай (1 — ротар, 2 — пласціна, або шыбер); д — радыяльна-поршневай (1 — ротар, 2 — поршань, 3—4 — поласці ўсмоктвання і нагнятання); е — поршневай (1 — рабочая камера, 2 — поршань, 3 — шток, 4 — шатун, 5 — крывашып, 6 — махавік, К — клапаны); ж — плунжэрнай (1—2 — усмоктвальны і нагнятальны клапаны, 3 — плунжэр); з — дыяфрагмавай (1 — дыяфрагма, 2—3 — нагнятальны і ўсмоктвальны клапаны).

т. 12, с. 507

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)