Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІСЯ́ТЫ,
возера на мяжы Міёрскага і Браслаўскага р-наў Віцебскай вобл., у бас.р. Вята, за 18 км на ПдЗ ад г. Міёры. Пл. 1,05 км², даўж. 1,4 км, найб.шыр. 900 м, найб.глыб. 14,5 м, даўж. берагавой лініі 4,1 км. Пл. вадазбору 16,2 км². Схілы катлавіны ўзвышаныя, месцамі стромкія, пераважна пад хмызняком, у паўн.-зах. частцы востраў пл. 0,2 га. Дно да глыб. 2 м пясчанае або глеістае, глыбей выслана сапрапелем. Злучана каналам з воз. Укля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРЫ,
прыродныя вадаёмы, запоўненыя ў межах азёрнай чашы (ложа) вадой, якія не маюць непасрэднага злучэння з морам. Пл. азёр зямнога шара каля 2,7 млн.км². Найб. азёры: Каспійскае (1371 тыс.км²), Верхняе ў Паўн. Амерыцы (82,4 тыс.км²), Вікторыя ў Афрыцы (68 тыс.км²). Самае глыбокае воз. Байкал (1620 м). Размешчаны на розных вышынях: Харпа (Арпорт) у Тыбеце на выш. 4400 м, Мёртвае м. ў Зах. Азіі на 392 м ніжэй за ўзр. акіяна. У залежнасці ад умоў утварэння азёрнага ложа вылучаюць тыпы азёр: плацінныя (рачныя, далінныя і прыбярэжныя, таксама штучныя азёры-вадасховішчы); катлавінныя (карставыя, тэрмакарставыя, дэфляцыйныя, вулканічныя і тэктанічныя) і мяшанага паходжання. Паводле характару воднага балансу вызначаюць азёры сцёкавыя і бяссцёкавыя, адносна тэрмічнага рэжыму — умераныя, трапічныя і палярныя, адпаведна з хім. саставам вады — прэсныя, саланаватыя і салёныя, азёры па ступені развіцця арган. жыцця — алігатрофныя, эўтрофныя, дыстрофныя. Форма, памеры і ўзровень азёр значна мяняюцца з часам у выніку намнажэння адкладаў, змены контураў берагоў, балансу вільгаці. На Беларусі налічваецца каля 10 800 азёр. Сумарная пл. амаль 2000 км², агульны аб’ём вады 6—7 км³. Самае вял. па пл.воз.Нарач (80 км²); самае глыбокае Доўгае возера (глыб. 53,7 м). Размешчаны азёры ў асноўным на Пн (Бел. Паазер’е) і на Пд (Палессе).
Утварэнне большасці азёр Бел. Паазер’я звязана з дзейнасцю паазерскага ледавіка і яго талых водаў. Катлавіны ледавіковых азёр разнастайныя: падпрудныя (Нарач, Асвейскае, Мядзел, Лукомскае), утвораны ў выніку намнажэння талых ледавіковых водаў у паніжэннях паміж марэннымі градамі; лагчынныя (Саро, Сянно, Балдук і інш.), узніклі ад ледавіковага выворвання і эразійнай дзейнасці талых водаў; эварзійныя (Рудакова, Вісяты, Жанно), выбіты сілай ледавіковай вады, якая вадаспадам сцякала з ледавіка; тэрмакарставыя (Лісіцкае, Усомля, Канашы), утвораны ў выніку раставання пахаваных лінзаў лёду. На Палессі азёрныя катлавіны пераважна старычныя, карставыя (Вулька, Сомінскае), азёры-разлівы (Чырвонае, Олтушскае).
У водным жыўленні азёр Беларусі пераважаюць паверхневы прыток і атмасферныя ападкі, роля падземных водаў малапрыкметная. Характэрны дадатны баланс воднага жыўлення і нязначнае ваганне ўзроўню. Прыродныя ўмовы спрыяюць фарміраванню разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету азёр.
Азёры выкарыстоўваюцца як крыніцы і збіральнікі быт. і прамысл. вады, для рыбалоўства і рыбагадоўлі, з’яўляюцца рэгулятарамі рачных і падземных водаў, назапашвальнікамі арган. сыравіны (сапрапеляў), асобныя — басейнамі-ахаладжальнікамі ДРЭС. Азёры — мясціны для адпачынку, санаторна-курортнага лячэння, турызму. Некаторыя ахоўваюцца як заказнікі: Белае ў Брэсцкай, Міжазёрны ў Віцебскай, Мазырскія яры ў Гомельскай, Свіцязянскі і Азёры ў Гродзенскай, Блакітныя азёры ў Мінскай абласцях. Вывучае азёры азёразнаўства.
В.П.Якушка.
Да арт. Азёры. Возера Клухорскае на Каўказе.Да арт. Азёры. Возера ў позняй стадыі зарастання.Да арт. Азёры. Возера Воласа Паўночны ў Беларусі.Да арт. Азёры. Бабровіцкае возера ў Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ РАЁН.
На ПнЗ Віцебскай вобл. Утвораны 15.1.1940. Пл. 1,8 тыс.км2. Нас. 33,3 тыс.чал. (1998), гарадскога 36%. Сярэдняя шчыльн. 19 чал. на 1 км2. Цэнтр — г.Міёры. Уключае г.Дзісна, 497 сельскіх населеных пунктаў, 11 сельсаветаў: Даўгінаўскі, Дварнасельскі, Завуццеўскі, Мікалаёўскі, Новапагосцкі, Павяцкі, Перабродскі, Туркоўскі, Узмёнскі, Чэраскі, Язненскі.
Большая ч.тэр. раёна размешчана ў межах плоскай Полацкай нізіны, паўн.-зах.ч. — на адгор’ях Браслаўскай грады. 80% тэрыторыі на выш. 120—140 м, найвыш. пункт 211 м (за 5 км на ПнЗ ад в. Пераброддзе). Агульны нахіл паверхні з Пд на Пн да даліны р.Зах. Дзвіна. Карысныя выкапні: торф, сапрапелі, гліны і суглінкі, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі. Сярэдняя т-растудз. -7,2 °C, ліп. 17,5 °C. Ападкаў 586 мм за год. Вегетац. перыяд 184 сут. Найб. рэкі: Зах. Дзвіна і яе прытокі Дзісна з Авутай, Волта, Мёрыца, Вята, Друйка. Шмат азёр. Найб. з іх: Абстэрна, Ельня, Набіста, Важа, Орцы, Вялікае Язна, Ілава, Мёрскае, Шчоўна, Чэрас. Пераважаюць глебы: дзярнова-падзолістыя забалочаныя (49,9%), дзярнова-падзолістыя (34%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (9,2%). Пад лесам 26,5% тэр. раёна. Лясныя ўчасткі размеркаваны раўнамерна, пераважна з хвоі, елкі, бярозы, чорнай вольхі, трапляюцца асінавыя, шэраальховыя, дубовыя, ясянёвыя. Пад балотамі 16,6% тэр. раёна. Найб. балотныя масівы Ельня, Мох, Сгрэчна, Буянава, Кіслаўскае 2-е. Заказнікі гідралагічныя рэсп. значэння — Ельня і Балота Мох, мясц. значэння — Жада (Стрэчна), Пожанькі, Жарсцвянка, Крупаўшчына, Ліпаўка. Помнікі прыроды: рэсп. значэння — Дуброва чыстая ў Язненскім лясніцтве; мясц. значэння — астравы Гарадзішча і Церанцейка, валун каля в. Кублішчына, крыніца «Святая вада» каля в.Вісяты.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 84,3 тыс.га, з іх асушаных 33,5 тыс.га. На 1.1.1999 у раёне 23 калгасы, 3 саўгасы, 40 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, збожжавая і зернебабовая гаспадарка, ільнаводства; вырошчваюць рапс, кармавыя буракі, бульбу. Прадпрыемствы харч. (мясныя, каўбасныя, малочныя вырабы, кансервы садавіна-агароднінныя, рыбныя і інш.), буд. матэрыялаў (цэгла), пачатковай апрацоўкі лёну (ільновалакно), камбікормавай, дрэваапр. (піламатэрыялы) прам-сці. Па тэр.. раёна праходзяць: чыгунка Друя—Варапаева; аўтадарогі Браслаў—Полацк, Верхнядзвінск—Шаркаўшчына, Дзісна—Лужкі, Дзісна—Германавічы; нафта- і нафтапрадуктаправод Полацк—Вентспілс (Латвія). Суднаходства па Зах. Дзвіне. У раёне 17 сярэдніх, 9 базавых, 9 пач. школ, школа-інтэрнат, вучэбна-вытворчы камбінат, 24 дашкольныя ўстановы, 35 дамоў культуры і клубаў, 42 б-кі, 4 бальніцы, амбулаторыя, 2 паліклінікі, 33 фельч.-ак. пункты, санаторый. Гіст.-этнагр. музей. Помнікі архітэктуры: царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Галомысла; сядзіба (1810—20-я г.) у в. Дзедзіна, царква (сярэдзіна 19 ст.) і касцёл (1-я пал. 20 ст.) у в. Ідолта, Мікалаеўская царква (канец 19 ст.) у в. Калінавая, сядзіба (19 — пач. 20 ст.) у в. Камянполле, Троіцкая царква (пач. 20 ст.) у в. Кублішчына, Троіцкая царква (1774) і сядзіба (2-я пал. 18 — пач. 19 ст.) у в. Лявонпаль, царква (пач. 20 ст.) у в. Ніўнікі, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Новы Пагост, Пакроўская царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Сцефанполле, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Узмёны, Крыжаўзвіжанская царква (1864—67) у в. Цвеціна, Мікалаеўская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Чэрасы, Праабражэнская царква (канец 19 — пач. 20 ст.) у в. Язна. За 0,8 км ад в. Лявонпаль па дарозе на г. Верхнядзвінск, помнік гісторыі — мемарыяльная калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 — асн. закона Рэчы Паспалітай (канец 18 ст.). Выдаецца газ. «Сцяг працы».