ВІРТА́ Мікалай Яўгенавіч

(19.12.1906, в. Вялікая Лазаўка Тамбоўскай вобл., Расія — 9.1.1976),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1923. У рамане «Адзінота» (1935; Дзярж. прэмія СССР 1941; па яго матывах напісана п’еса «Зямля», паст. 1937) афіцыёзная трактоўка Антонава паўстання. Аўтар раманаў «Заканамернасць» (1937), «Вячэрні звон» (1951), «Стэп ды стэп наўкол...» (1960) і інш., п’ес «Змова» (1938), «Салдаты Сталінграда» (1944), «Хлеб наш надзённы» (1947; Дзярж. прэмія СССР 1948), «Змова асуджаных» (1948; Дзярж. прэмія СССР 1949) і інш., аповесцей, нарысаў, франтавых карэспандэнцый. Яму належаць кінасцэнарыі (у т. л. «Сталінградская бітва», 1949; Дзярж. прэмія СССР 1950). Многія творы Вірты адзначаны ўплывам «тэорыі бесканфліктнасці».

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—82.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІРТ

(Wirth) Карл Іозеф (6.9.1879, г. Фрайбург, Германія — 3.1.1956),

палітычны і дзярж. дзеяч Германіі. Скончыў Фрайбургскі ун-т. Дэпутат рэйхстага ў 1914—18 і 1920—33. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 міністр фінансаў у Бадэне, чл. Нац. сходу. Адзін з лідэраў партыі Цэнтра (да 1933). Міністр фінансаў (1920—21). Рэйхсканцлер Веймарскай рэспублікі ў маі 1921 — ліст. 1922. Урад Вірта імкнуўся да выканання Версальскага мірнага дагавора 1919, падпісаў 16.4.1922 рас.-герм. Рапальскі дагавор. Міністр акупіраваных (паводле Версальскага дагавора) абласцей (1929—30). Міністр унутр. спраў (1930—31). У 1933—48 у эміграцыі. Заснавальнік партый «Саюз цэнтра» (1948) і Саюз немцаў (за адзінства, мір і свабоду). Выступаў за ўзаемаразуменне з СССР (пры нейтральнасці Германіі), супраць эканам. і ваен. інтэграцыі ФРГ у Зах. Еўропу. Чл. Сусв. Савета Міру з 1952.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)