нямецкі хімік і біяхімік. Праф. (1913). Вучыўся ў Берлінскім і Фрэйбургскім ун-тах. З 1900 у Берлінскім, у 1901—13 у Фрэйбургскім, з 1913 у Інсбрукскім ун-тах. У 1915—44 дырэктар Ін-та хіміі Гётынгенскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні будовы стэрынаў, у прыватнасці халестэрыну. Вызначыў утварэнне вітаміну D з эргастэрыну пад уздзеяннем УФ прамянёў. Сінтэзаваў гістамін. Адначасова з Г.Віландам вызначыў будову жоўцевых кіслот (1913) і даказаў іх роднасць з халестэрынам. Вывучаў хім. будову сапанінаў, сардэчных гліказідаў і інш. біялагічна актыўных рэчываў. Нобелеўская прэмія 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІНАЛО́ГІЯ (ад вітаміны + ...логія),
навука пра вітаміны; раздзел біяхіміі. Адрозніваюць вітаміналогію эксперыментальную (даследуе дзеянне пэўных вітамінаў і іх вытворных, міжвітамінныя ўзаемаадносіны, мадэлюе паталогіі, што ўзнікаюць пры недахопе вітамінаў) і клінічную (вывучае выкарыстанне вітамінных прэпаратаў для прафілактыкі і лячэння захворванняў).
Адкрыццё вітамінаў звязана з імем рус. ўрача М.І.Луніна, які ў 1880 заўважыў наяўнасць у ежы незаменных кампанентаў, што адрозніваліся хім. прыродай ад вядомых бялкоў, тлушчаў, вугляводаў і мінер. рэчываў. Назву яны атрымалі ў 1911 (польскі біяхімік К.Функ). Першы вітамін, хім. будова якога была адкрыта, — тыямін (А.Віндаўс, 1932, Р.Уільямс, І.Клайн, 1936). У Расіі далейшае развіццё вітаміналогіі звязана з працамі А.У.Паладзіна, Б.А.Лаўрова і інш. На Беларусі даследаванні (пачаліся ў 1930-я г.) былі засяроджаны на вывучэнні ролі вітамінаў у харчаванні чалавека і кармленні жывёл (А.Поляк, Л.М.Форштэр), пошуку новых вітамінаў (Л.П.Розанаў), біяхім. механізмаў дзеяння вітамінаў, іх удзелу ў абменных працэсах (С.Д.Пеўзнер, Я.І.Бляхер, В.А.Лявонаў, М.Ф.Меражынскі, Ю.М.Астроўскі і інш.). Н.-д. работы па вітаміналогіі вядуцца ў мед. ін-тах, ін-тах АН Беларусі — біяхіміі, радыебіялогіі, Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў.