Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВІД ЛІТАРАТУ́РНЫ,
устойлівая форма развіцця літаратуры, якая склалася гістарычна як адна з праяў роду літаратурнага (эпасу, лірыкі, драмы). Вылучаюць асн. віды эпасу — эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, казка і інш., лірыкі — верш, паэма, песня, дыфірамб, элегія і інш., драмы — трагедыя, драма, камедыя. Від літаратурны непасрэдна выяўляе ўзаемасувязь паміж тэмай, ідэяй твора і іх маст. увасабленнем, стылем твора. Таму ў развіцці віду адлюстроўваюцца жыццёвыя і літ. з’явы, якім ён абавязаны сваім узнікненнем, існаваннем. Склаўшыся як пэўная форма літ. твораў, від літаратурны валодае адносна ўстойлівымі кампазіцыйнымі адзнакамі або адзінствам праблематыкі, пафасу. Напр., раман, аповесць, апавяданне вызначаюцца як вялікая, сярэдняя і малая формы, у вызначэнні віду ў лірыцы і драматургіі ўлічваюцца найперш тэматычныя асаблівасці твораў аднаго віду або характар іх пафасу (камедыя, трагедыя, ода, элегія, дыфірамб). Від літаратурны ў сваю чаргу мае свае падвіды, або жанравыя формы (напр., адрозніваюцца раманы філас., псіхал., быт., гіст., дэтэктыўны і інш.). У сучасным літ.-знаўстве часам адбываецца атаясамліванне паняццяў від літаратурны і жанр літаратурны з-за цяжкасці іх тэарэт. размежавання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД І ВІДу логіцы,
паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.І.Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл.Від, Сістэматыка).
Літ.:
Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ.М., 1990;
Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр.М., 1991;
Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ЛЬДЫЯ (Yoldia),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. нукуланід. Каля 20 відаў. Пашыраны на шэльфавых мулавых грунтах (на глыб. да 200 м) халодных і ўмераных мораў Паўн. паўшар’я і на вял. акіянскіх глыбінях. У далёкаўсх. морах 8 відаў, у паўн. морах 1 від — І. паўночная (Y. hyperborea).
Ракавіна даўж. 1—6 см, падоўжана-авальная. гладкая, ад светла-аліўкавага да карычневага колеру. Нага развітая, ротавыя лопасці з доўгімі прыдаткамі. Дэтрытафагі. Корм для бентасаедных рыб. Ад І. названа Іольдыевае мора.
Іольдыя паўночная: 1 — від збоку; 2 — від з брушнога боку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛА́ВАННЕ Ў ЛА́СТАХ,
від падводнага плавання з аквалангам, плаванне ў ластах, ныранне ў ластах у даўжыню; відпадводнага спорту. Спаборніцтвы па плаванні з аквалангам праводзяцца на дыстанцыях 100, 400 і 800 м; па плаванні ў ластах — на 100, 200, 400, 800 і 1500 м і на марафонскія дыстанцыі 8000 м для мужчын і 6000 м для жанчын; па ныранні ў ластах — на 50 м, эстафеты 4 × 100 і 4 × 200 м. Сярод бел. спартсменаў найбольш значных вынікаў дасягалі І.Бурая, Л.Говарава, Т.Назарава, В.Зборшчык — чэмпіёнка СССР (1976, 1977), А.Аляшкевіч — сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы (1997), бронз. прызёр чэмпіянату свету (1998), А.Ашэйчык і С.Карунец — абс. чэмпіёны Беларусі (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЛТУСЫ,
агульная назва 3 родаў рыб сям. камбалавых: П. стралазубыя — Atheresthes (2 віды), П. звычайныя, або белакорыя, — Hippoglossus (1 від) і П. чорныя, або сінякорыя, — Reinhardtius (1 від). Пашыраны ў паўн.ч. Атлантычнага і Ціхага ак., у т. л. ў Ахоцкім, Баранцавым, Берынгавым і Японскім морах. Донныя рыбы.
Даўж. да 2,3 м, маса да 117 кг (зрэдку да 4,7 м і 340 кг). Цела асіметрычнае, сплошчанае, падоўжанае. Вочы на правым баку. Кормяцца малюскамі, ракападобнымі, рыбай. Аб’екты промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЧ-ТРАВА́ (Cladium),
род кветкавых раслін сям. асаковых. 3—4 віды. Пашыраны ва ўмераных, субтрапічных і трапічных паясах, акрамя Аўстраліі. На Беларусі 1 відМ.-т. звычайная (C. mariscus). Атлантычна-еўрап. рэліктавы від, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў прыбярэжнай паласе азёр ландшафтнага заказніка Блакітныя Азёры на заглееным або затарфаваным грунце на глыб. 0,2—0,5 м.
Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м з тоўстым паўзучым карэнішчам. Шэра-зялёныя сцёблы пустыя, тоўстыя, густааблісцелыя. Лісце лінейнае, трохграннае, вострапілаватае, рэжучае (адсюль назва). Суквецце — складаная мяцёлка. Каласкі дробныя, бурыя, кветкі без калякветніка. Плод — яйцападобны цёмна-карычневы бліскучы арэшак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́ФІЯ (Raphia),
род кветкавых раслін сям. пальмаў. Каля 30 відаў. Пашыраны ў трапічнай Афрыцы, на Мадагаскары (1 від) і ў Паўд. Амерыцы (1 від). Трапляюцца на балотах, забалочаных глебах, затапляльных нізінах.
Аднаствольныя ці са шматлікімі стваламі пальмы выш. 9—12 м. Лісце перыстае, даўж. 15—20 м. Суквецці буйныя (дыяметрам 4—5 м), галінастыя, з песцікавымі і тычынкавымі кветкамі. Плады з валакністай абалонкай. Пасля плоданашэння расліна адмірае (монакарпічныя расліны). Лісце і чаранкі маюць трывалае валакно (піясава), з якога вырабляюць шчоткі і плеценыя вырабы. Лісце — дахавы матэрыял. З соку гатуюць пальмавае віно і гарэлку, плады спажываюць у ежу, з іх атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Я́ЎКІ (Hirudinea),
клас беспазваночных жывёл тыпу кольчатых чарвей. 2 падкл., 3 атр., 5 сям., каля 400 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць у прэсных водах, некат. — у морах, на сушы (у вільготнай глебе). П. медыцынская (Hirudo medicinalis) выкарыстоўваецца пры гірудатэрапіі. П. могуць быць прамежкавымі, рэзервуарнымі і канчатковымі гаспадарамі розных паразітаў. На Беларусі больш за 10 відаў.
Даўж. ад 0,2 да 30 см. Цела плоскае, радзей цыліндрычнае, з 33 сегментаў. Афарбоўка чорная, карычневая, зеленаватая і інш. Вачэй 1—5 пар. 2 прысоскі. На пярэднім аддзеле кішэчніка сківіцы або хабаток. Драпежнікі (кормяцца дробнымі беспазваночнымі) і паразіты (кормяцца крывёю рыб, вадаплаўных птушак, млекакормячых). Слінныя залозы паразітычных П. выдзяляюць гірудзін, які перашкаджае згусанню крыві. Дыхаюць скурай. Гермафрадыты, развіццё без ператварэння. Корм для некат. рыб, хахулі.
Літ.:
Фауна СССР. Пиявки. Т. 1. Л., 1976;
Догель В.А. Зоология беспозвоночных. 7 изд. М., 1981;
Жизнь животных. Т. 1. 2 изд. М., 1987.
Ю.Р.Гігіняк.
П’яўкі: 1 — рыбіна; 2 — двухвокая; 3 — смаўжовая; 4 — ілжэконская (а — від знізу; б — від зверху); 5 — медыцынская (а — від зверху, б — від знізу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛУ́ХА (Delphinapterus leucas),
млекакормячае падатр. зубатых кітоў сям. дэльфінавых. Адзіны від роду. Пашырана ў морах Арктыкі і ў прылеглых Берынгавым і Ахоцкім морах. У вельмі суровыя зімы трапляецца каля берагоў Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, заходзіць у Балтыйскае м.
Даўж. да 6 м, маса да 2 т. Галава круглаватая, невялікая. Афарбоўка цела ў дарослых белая або жоўтая, у маладых шэрая і блакітная. Корміцца рыбай і ракападобнымі, у пагоні за рыбай заходзіць у рэкі. Добра пераносіць няволю. Важны прамысл від. Цэніцца за моцную скуру і высакаякасны тлушч.