ВІ́ДЭМАНА ЭФЕ́КТ,
закручванне ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі. Адкрыты Г.Відэманам. Відэмана эфект — адно з праяўленняў магнітастрыкцыі ў полі, утвораным складаннем падоўжнага магн. поля і кругавога магн. поля, якое ствараецца эл. токам. Пры пераменным эл. току ці магн. полі адбываюцца круцільныя ваганні стрыжня.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАНА—ФРА́НЦА ЗАКО́Н,
фізічная заканамернасць, што звязвае цеплашправоднасць і электраправоднасць металаў. Устаноўлены ў 1853 ням. фізікамі Т.Відэманам і Р.Францам і ўдакладнены ў 1881 дацкім фізікам Л.Лорэнцам. Паводле Відэмана—Франца закона для ўсіх металаў адносіны каэфіцыента цеплаправоднасці χ (дакладней, яе электроннай складальнай) да іх удзельнай электраправоднасці σ прама прапарцыянальныя абс. т-ры T: χ/σ = LT, дзе L — лік Лорэнца, аднолькавы для ўсіх металаў. Узаемная сувязь эл. праводнасці і цеплаправоднасці тлумачыцца тым, што гэтыя характарыстыкі металаў абумоўлены рухам свабодных электронаў. Відэмана—Франца закон выконваецца для большасці металаў у шырокім інтэрвале т-р, а таксама для паўправаднікоў (лік Лорэнца ў гэтым выпадку залежыць ад механізма рассеяння носьбітаў зараду).
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ДЭМАН
(Wiedemann) Густаў Генрых (2.10.1826, Берлін — 23.2.1899),
нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай (1879) і Пецярбургскай (1883) АН. Скончыў Берлінскі ун-т (1874). У 1854—63 праф. Базельскага, з 1871 Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па электрычнасці, магнетызме, цеплавых з’явах і оптыцы. У 1853 разам з ням. фізікам Р.Францам устанавіў суадносіны паміж цепла- і электраправоднасцю металаў (Відэмана—Франца закон). У 1858 адкрыў эфект закручвання ферамагнітнага стрыжня з токам пры яго намагнічванні ўздоўж восі (Відэмана эфект). Заснавальнік Берлінскага фіз. т-ва. Аўтар першага фундаментальнага даведніка па электрычнасці.
т. 4, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)